Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вечны агонь — пасьля вянкоў дэмакратаў


Сёньня ў Гомелі прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў ушанавалі памяць вызваліцеляў гораду ад фашыстоўскіх захопнікаў. Яны ўсклалі вянкі й чырвоныя гвазьдзікі на брацкай магіле салдатаў і падпольшчыкаў у цэнтры гораду. І як толькі гэта зрабілі, намесьнік начальніка гарадзкой камунальнай службы распарадзіўся, каб газавікі запалілі “вечны агонь”.

Пасьля сёлетняй рэканструкцыі мэмарыялу “вечны агонь” паставілі на лічыльнік. Крызіс. Гарыць ён цяпер толькі ў сьвяты.

Афіцыйна днём вызваленьня гораду лічыцца 26 лістапада 1943 году. Напярэдадні векапомнай даты гомельскія дэмакраты й аддалі даніну памяці вызваліцелям.

Апавядае ўдзельнік цырымоніі, старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

Васіль Палякоў
“Тады была абаронена свабода гораду. Зараз мы таксама змагаемся за свабоду. Тут існуюць пэўныя сымбалі. Мы ўшаноўваем памяць ня толькі вызваліцеляў Гомеля й Беларусі. Мы ўшаноўваем памяць і ахвяраў рэпрэсіяў, бо ўсе людзі, якія аддалі сваё жыцьцё за свабоду, за незалежнасьць, заслугоўваюць пашаны.

Мы не павінны аддаваць чыноўнікам манаполію на беларускія, на гомельскія сьвяты. Гэта яшчэ й дадатковая магчымасьць прадстаўнікам дэмакратычных сілаў выйсьці ў цэнтар гораду, каб зладзіць такую імпрэзу. Зараз усё забараняецца, і такіх магчымасьцяў сабрацца ня так шмат”.

Пасьля ўскладаньня вянкоў запаліўся «вечны» агонь
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG