Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Кацора: Бывай, палітыка!


Уладзімер Кацора
Уладзімер Кацора

Вядомы гомельскі палітык Уладзімер Кацора абвясьціў, што не зьбіраецца больш удзельнічаць у палітычных кампаніях, узначальваць нейкія партыйныя ці грамадзкія структуры:

“Я насамрэч прыняў рашэньне, што адыходжу ад актыўнай палітычнай дзейнасьці. Я ня буду вылучацца кандыдатам у дэпутаты на бліжэйшых ці на наступных выбарах. Я ня буду ўзначальваць нейкія палітычныя арганізацыі.

У мяне засталося добрае стаўленьне да маіх партнэраў, скажам так, ужо былых, з гомельскай кааліцыі АДС. Гэтаксама і да Аб’яднанай грамадзянскай партыі, і да руху “За свабоду”. Але я хацеў бы ўстрымацца ад камэнтароў, чаму я пайшоў на такі крок”.

Уладзімер Кацора да гэтага часу ачольваў у рэгіёне рух “За свабоду”, быў намесьнікам старшыні абласной арганізацыі АГП. Ён, па сутнасьці, каардынаваў дзейнасьць усіх дэмакратычных структураў рэгіёну. Зь яго ініцыятывы ладзіліся шмат якія грамадзкія акцыі.

За актыўную палітычную дзейнасьць спадара Кацору арыштоўвалі за апошнія тры з паловай гады 6 разоў. Агулам ён правёў за кратамі 50 сутак.

Мінулым летам Уладзімер 5 сутак трымаў сухую галадоўку на знак пратэсту супраць пакараньня ўдзельнікаў акцыі памяці гвалтоўна зьніклага генэрала Юрыя Захаранкі.

Неаднойчы Ўладзімера каралі праз суд адміністрацыйнымі штрафамі. Апошні раз, 19 кастрычніка — завочна на 1 мільён 750 тысячаў рублёў за намер удзельнічаць у ланцугу неабыякавых людзей да 10-х угодкаў зьнікненьня Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага.

Дык, можа, стаміўся палітык Кацора — усё-ткі 53 гады за плячыма? Або ўлады зламалі яго? У гэта ня надта вераць тыя, хто працаваў побач з Уладзімерам.

Ёсьць меркаваньне, што рашэньне Ўладзімера Кацоры адыйсьці ад актыўнага палітычнага жыцьця выклікана нязгодаю са стратэгіяй дзейнасьці найбольш уплывовых дэмакратычных структураў краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG