Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і журналісты. Ці мела сэнс сустрэча зь Мядзьведзевым?


Прэзыдэнт Беларусі заявіў аб бессэнсоўнасьці сустрэчы прэзыдэнта Расеі зь беларускімі журналістамі. “Запрасілі журналістаў, якія на дух не пераносяць рускага чалавека, хоць бы з намі параіліся...”, - сказаў Лукашэнка. РЭАКЦЫІ ЖУРНАЛІСТАЎ



Камэнтуючы гэтыя выказваньні, Аляксей Кароль сказаў:

Аляксей Кароль
“Ну, тады гэта характарыстыка і тых сямі журналістаў дзяржаўных выданьняў, якія прысутнічалі там. І, я думаю, ня толькі з дазволу, але і праз шчыльныя ўзгадненьні з адміністрацыяй прэзыдэнта. Там прысутнічалі два беларускія тэлепканалы, БелТА. “Советская Белоруссия”. Так што, у такім выпадку, гэта характарыстыка і “сваіх” журналістаў.

Я ня думаю, што сем журналістаў ад незалежных СМІ “на дух не пераносяць рускага чалавека”. У кожнага там ёсьць сувязі і кожны ставіцца да Расеі і расейцаў зь вялікай прыязьню, як да сваіх сяброў і родзічаў, якія там жывуць.

Гэта абсалютна неадэкватная ацэнка з вуснаў чалавека, які стаіць на чале дзяржавы”.

Адносна заяваў А. Лукашэнкі, што гэтая сустрэча была “абсалютна бессэнсоўнай”, спадар Кароль сказаў:

“Значыць, яна насамрэч мела сэнс і абазначыла тое памкненьне да мадэрнізацыі і дэмакратызацыі краіны, якое выказаў Д.Мядзьведзеў. У прыватнасьці, былі пытаньні па ажыцьцяўленьні яго ідэй у Расеі і ў праекцыі на Беларусь, ці будуць яны садзейнічаць дэмакратызацыі Беларусі. Мядзьведзеў пажадаў посьпеху беларускаму боку ў гэтым кірунку і выказаўся так, што гэты момант ужо прыйшоў.

Так што агульныя выказваньні А.Лукашэнкі сьведчаць пра тое, што гэтая сустрэча мела сэнс, і мела сэнс для сьцьвярджэньня дэмакратычных прынцыпаў у жыцьці Беларусі”.

Таксама А.Лукашэнка адзначыў: маўляў, пры запрашэньні журналістаў зь Беларусі “хоць бы з намі параіліся”. На гэта А.Кароль сказаў:

“Фармат сустрэчы і запрашэньне сапраўды было дэмакратычным з боку Расеі, але без парады з адміністрацыі. На сустрэчы не прысутнічалі галоўныя рэдактары агенцый і тэлеканалаў. Гэта было ўжо для нас знакам насьцярожанасьці афіцыйнага Менску да гэтай сустрэчы. Яны думалі, што запросяць, як заўсёды, толькі журналістаў дзяржаўных СМІ”.

Чаму А.Лукашэнка так нэрвова выказаўся пра сустрэчу Дз.Мядзьведзева зь беларускімі журналістамі?

Удзельнік сустрэчы журналіст Анатоль Гуляеў сказаў:

Анатоль Гуляеў
“Дагэтуль Лукашэнка быў манапалістам на стасункі з Расеяй. Як ён казаў, так і было. Як ён казаў пісаць пра тыя стасункі, так і пісалі. А зараз атрымалася, што гэты вельмі важны кірунак дзяржаўнай дзейнасьці выбіваецца з-пад яго кантролю. Ён гэта перажыць ня можа. Там гучалі цікавыя рэчы, тое, што Мядзьведзеў лічыў неабходным паўтарыць. Мне падаецца, што гэта была грунтоўная, салідная размова на ўзроўні кіраўніка дзяржавы”.

Паводле Анатоля Гуляева, наўрад ці кіраўніку Расеі трэба рабіць нейкія “сымэтрычныя адказы” ці “ўколы” на адрас Лукашэнкі: “гэта розныя ўзроўні і маштабы”.

“А тое, што гэта сустрэча была бессэнсоўнай, то гэта таксама проста няпраўда”.

Таксама А.Гуляеў адзначыў, што ягоная жонка паходзіць з расейскага горада Валгаград і зусім нядаўна ён там гасьцяваў у сваіх сваякоў. Так што цьверджаньні Лукашэнкі пра тое, што запрасілі тых, хто “на дух не пераносіць рускага чалавека”, беспадстаўныя.


Расея не дала, прыехаў МВФ


Паводле А.Лукашэнкі, “тыя, хто павінен чэсна канкураваць з намі, ідуць да Пуціна і кажуць, што Лукашэнка субсыдуе і танна пастаўляе (беларускую прадукцыю). Я кажу (Пуціну): выйдзі на тэлебачаньне і скажы, што я табе пастаўляю танныя прадукты харчаваньня.

Факт у тым, што ў Расеі не вытрымліваюць канкурэнцыі з эканомікай, якая існуе сёньня ў Беларусі. У сілу газавых, нафтавых сутыкненьняў, гэтых “войнаў” мы павінны былі шукаць шчасьця, у тым ліку, у іншых частках плянэты — Іране, Вэнэсуэле.

За адзін год мы здабылі 1 мільён тон нафты ў Вэнэсуэле. Мы не маглі дамовіцца з Расеяй, каб мы самі маглі распрацоўваць там радовішчы нафты і газу. А там (у Вэнэсуэле) цягам году нам ня проста далі новыя радовішчы, а аддалі свае тры ці чатыры радовішчы”.

“Не дала Расея нам абяцаны крэдыт, які нам быў патрэбны, — прыехаў МВФ, выставіў умовы, на якія мы пагадзіліся. Мы сьвята захоўваем умовы МВФ, і яны выдзелілі нам ужо амаль 3 мільярды даляраў замест тых 500 мільёнаў даляраў, якія ня выдзеліла Расея.

Найбліжэйшым часам мы чакаем чарговы транш крэдыту МВФ у 800 мільёнаў даляраў.

Мы гэтыя грошы не для праяданьня бярэм, а каб папоўніць золатавалютныя рэзэрвы, стварыць падушку бясьпекі, каб не абвалілася нацыянальная валюта”.

А.Лукашэнка адрынуў тэзіс пра тое, што ён нібыта пайшоў на Захад. “Гэта ўсё дурныя, бесталковыя размовы. Я нікуды не сыходзіў, мы вызначылі сваю зьнешнюю палітыку як шматвэктарную.Таму ня трэба даўбаць мяне за тое, што я арыентацыю памяняў, як пішуць у Расеі. Я нічога не мяняў. Я гатовы сябраваць, але ў мяне дзяржава, народ, за якія я адказваю”.

СМІ не павінны атручваць стасункі паміж народамі


“Я паглядзеў стэнаграму сустрэчы Мядзьведзева з нашымі журналістамі і пераканаўся, што яна была абсалютна бессэнсоўнай”, - цытуе агенцтва Інтэрфакс кіраўніка Беларусі, які сустракаўся ў Менску з удзельнікамі Рады кіраўнікоў дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў краінаў СНД.

“Запрасілі журналістаў, якія на дух не пераносяць рускага чалавека, хоць бы з намі параіліся...”, - сказаў Лукашэнка.

“Кажуць, што гэта сымэтрычны адказ на сустрэчы Лукашэнкі з расейскімі журналістамі. пры тым, кажуць, апазыцыйнымі журналістамі...Мы праводзім гэтыя сустрэчы, каб расказаць праўду пра сябе, бо Расея стопрацэнтна ня ведае, чым жыве Беларусь, і таму я вымушаны сустракацца з расейскімі журналістамі".

"Я падумаў, а што гэта сустрэча дасьць?" "Мяне укалоць? Так, я спакойна да гэтага стаўлюся, ужо уколаў хапіла. Таму гляджу, што атрымалася проста пустая сустрэча, ёсьць проста факт сустрэчы", - заявіў А,Лукашэнка.



Стварэньне Мытнага саюзу – гэта ўзмацненьне пазыцый Расеі


Кіраўнік Беларусі А.Лукашэнка заявіў, што стварэньне Мытнага саюзу накірававана найперш на ўзмацненьне пазыцый Расеі:

"Мытны саюз, які мы заўтра-пасьлязаўтра, - гэта падваеньне, умацаваньне пазыцый Расейскай Фэдэрацыі. Гэта, перадусім, мацнейшая падтрымка для Расеі, і мы вельмі спадзяемся, што Беларусь, Казахстан ня будуць на задворках гэтага Мытнага саюзу", - заявіў А.Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG