Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заражанае стронцыем збожжа ідзе на гарэлку


Сьпіртзавод у Стралічаве
Сьпіртзавод у Стралічаве

У вёсцы Стралічава Хойніцкага раёну пасьля рэканструкцыі адкрыўся сьпіртзавод. З заражанага стронцыем збожжа тут вырабляюць харчовы сьпірт.

На сьпіртзаводзе працуе каля паўсотні чалавек. Ёсьць мясцовыя жыхары, але найбольш прыежджых — пераважна з Хойнікаў. На завод у Стралічава іх штодзённа прывозяць аўтобусам.


На ім прыяжджае й тэхноляг прадпрыемства Валянціна Місіюк:

Валянціна Місіюк
“Увялі завод для перапрацоўкі забруджанага збожжа. У нас тут працуюць многія з гораду — з Хойнікаў езьдзім. Свае, мясцовыя жыхары, практычна выехалі са Стралічава. Шмат прыежджых”.

Сьпіртзавод існаваў у Стралічаве і ў савецкія часы. Падчас гарбачоўскай барацьбы з п’янствам яго зачынілі.

Аднаўляць пачалі ня так даўно. За тры наступныя гады мясцовыя ўлады ўклалі ў рэканструкцыю сьпіртзаводу звыш 10 мільярдаў рублёў дзяржаўных грошай. Гэта адмыслова рабілася дзеля таго, каб мець магчымасьць перапрацоўваць заражанае стронцыем збожжа, якое вяскоўцы па-ранейшаму вырошчваюць на палетках Хойніцкага, Брагінскага й Нараўлянскага раёнаў, найбольш пацярпелых ад радыяцыі. Раней такое збожжа спрэс ішло на корм жывёле. Цяпер зь яго атрымліваюць сьпірт — непасрэдна для вінзаводаў альбо сырэц для перапрацоўкі ў Бабруйску на гарэлачны сьпірт “Люкс” і “Экстра”.

Тэхноляг Місіюк:

“На Бабруйскі гідролізны завод на перапрацоўку — чысты сьпірт там робяць. У нас вышэйшая ачыстка вядзецца толькі для вінзаводаў на адной лініі. А яны робяць з нашага сьпірту “Люкс” і “Экстру” для вытворчасьці гарэлкі. Учора зноў машыну адгрузілі — 25 тон. Яны там правяраюць, робяць хімічны аналіз — на сівушнае масла, на радыяцыю. Ніякіх пытаньняў няма!”

Падчас рэканструкцыі людзі на заводзе зараблялі каля 300 тысяч рублёў, спэцыялісты — на 40—50 тысяч болей. З аднаўленьнем перапрацоўкі збожжа людзі спадзяюцца на вышэйшы заробак. І асабліва апаратчыкі.

Іхняя праца лічыцца на заводзе найбольш прэстыжнай. Каб уладкавацца апаратчыкам, трэба нават прайсьці адбор.

За шкоднасьць апаратчыкам даюць даўжэйшы адпачынак і малако ў якасьці дадатковага харчаваньня. Але не з-за радыяцыі, а, як тлумачыць тэхноляг, з прычыны сьпіртавых выпарэньняў:

“Шкодна там, дзе працуе апаратчык, дзе ёсьць выпарэньне сьпірту. За шкоднасьць мы ім даплачваем. Малако яны атрымліваюць і 6—7 дзён адпачынку дадаткова”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG