Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму "Чароўны трусік" не перамог?


У мінулыя выходныя ў Кіеве адбыўся фінал дзіцячага сьпеўнага конкурсу “Эўрабачаньне”. Увага беларускіх гледачоў была прыцягнутая да 13-гадовага Юры Дземідовіча. Ягоная конкурсная песьня “Чароўны трусік” вылучалася на тле іншых нумароў, а ў Беларусі суправаджалася скандаламі задоўга да прэзэнтацыі ва Ўкраіне. Аднак Эўропа наватарства не ацаніла: “трусік” у выніку заняў сьціплае 9 месца, не атрымаўшы ніводнай вышэйшай адзнакі ад дзяржаваў-удзельніцаў. Чаму праваліўся нумар, на якія рабіліся вялікія стаўкі?


Лацінскія заклінаньні Юры Дземідовіча аказаліся бясьсільнымі перад прафэсійным і глядацкім журы. Мяшанка розных музычных стыляў і жанраў не атрымала чаканых дывідэндаў. Нават Расея, зь якой беларусы традыцыйна мяняюцца вышэйшымі ацэнкамі, гэтым разам зразумела “рэвалюцыйную задуму” толькі на 6 баляў. У выніку – пятае месца ад канца і толькі дзевятае зьверху. Найгорш за ўсю гісторыю беларускага ўдзелу ў дзіцячым конкурсе.

Вынік нечаканы, але, як мяркуе музычны крытык Анатоль Мяльгуй, шмат у чым заканамерны. Па-першае, ці ёсьць сэнс спрабаваць скокнуць вышэй за пакуль яшчэ дзіцячую галаву ў не зусім дзіцячых экспэрымэнтах? Па-другое, на думку экспэрта, музычная глябалізацыя ня мае будучыні, паколькі па-сапраўднаму цэніцца нацыянальны калярыт. А яго ў нумары беларускага выканаўцы не было:

“Што тычыцца такой складанкі як шоў, то я ўсё ж за тое, каб дзеці (а ў дадзеным выпадку ў большай ступені нават дарослыя) выходзілі не
Яна складае вершы як сталы чалавек, але ў яе няма будучыні, бо яна згубіла сваё дзяцінства.
з чужынскімі сьпевамі, а нешта сваё трэба шукаць. Бо бачыцца, што за тым жа Дземідовічам стаяць прадусары, кіраўнікі, якія па-свойму пераварваюць музычны прадукт.

Я заўсёды ўзгадваю Ралана Барта, які казаў пра адну дзяўчынку, якая ў 12 гадоў складала такія добрыя вершы, як быццам 30-гадовая паэтка. Ён казаў: сапраўды, яна складае вершы як сталы чалавек, але ў яе няма будучыні, бо яна згубіла сваё дзяцінства. У дзяцінстве ўсе дзеці – цудоўныя творцы. І мы бачым, што за гэтымі цудоўнымі дзецьмі стаяць дарослыя людзі, якія псуюць і калечаць дзіцячую сутнасьць. Таму, як я прадракаю, асаблівай будучыні ў хлопчыка не адбудзецца. Хоць увагу да такой спробы “засьвяціцца” мы прыцягнем. Але толькі на ўзроўні музычным, аранжыроўкі, самога шоў у выкананьні. Нацыянальнага ж нічога там няма”.


ЗОРКІ НЕ СЫШЛІСЯ


Удзельнікі дуэту “Аляксандра&Канстанцін” перажылі падобны момант расчараваньня пяць гадоў таму, калі, здавалася, з дасканала “вылізанай” песьняй “Мой Галілей” ня трапілі ў фінальную частку “Эўрабачаньня” і фінішавалі ў ліку апошніх. Як кажуць Аляксандра Кірсанава і Канстанцін Драпеза, не заўсёды зоркі сыходзяцца так, як разьлічваеш. Таму ў выпадку з Юры Дземідовічам цяпер шмат залежыць ад дарослых -- тыя павінны адгарадзіць хлопца ад навязьлівай думкі, што ён і сцэна несумяшчальныя. Апроч таго, як лічаць суразмоўцы, дзеці ўсё ж хутчэй забываюцца пра няўдачы і неўзабаве гатовыя да новых подзьвігаў:

Аляксандра: “Насамрэч, мне здаецца, дзеці гэта перажываюць ня так балюча. Для іх галоўнае трапіць у самы цэнтар тусоўкі. Яны ж
Падчас такіх фэстываляў знаходзяць новыя кантакты, знаходзяць новых сяброў, а гэта ў дадзеным выпадку галоўнае.
бачаць усё абсалютна іншымі вачыма, адрозна ад дарослых. То бок, мне падаецца, яны падчас такіх фэстываляў знаходзяць новыя кантакты, знаходзяць новых сяброў, а гэта ў дадзеным выпадку галоўнае”.

Канстанцін: “А далей -- рана ці позна -- фэстываль заканчваецца, гэта ж зразумела. Як кажуць, сьвята, Новы год заканчваецца, а вучыцца ў школе трэба. Дэкарацыі, цацкі, мішуру здымаюць, ёлкі разьбіраюць. І трэба зноў вяртацца да будзённасьці. Таму для псыхалягічнай адаптацыі бацькі, пэдагогі павінны як мага хутчэй дзіця настроіць на новую хвалю ці спрабаваць далей прабіваць дарогу наперад”.

Нагадаем, што праз год сьпеўны конкурс “Эўрабачаньне-2010” пройдзе ў Менску. То бок, ужо неўзабаве пачнецца адбор юных талентаў для наступнага музычнага спаборніцтва. Дарэчы, Беларусь за шэсьць гадоў існаваньня дзіцячага “Эўрабачаньня” застаецца самай пасьпяховай удзельніцай фэстывалю, маючы ў актыве дзьве перамогі: Ксенія Сітнік у 2005 годзе і Аляксей Жыгалковіч у 2007-м. Другое месца -- на рахунку Андрэя Кунца ў 2006 годзе. Яшчэ адна беларуска Вольга Сацюк падчас дэбюту Беларусі ў дзіцячым “Эўрабачаньні” у 2004 годзе была чацьвёртай – яна дагэтуль адзіная, хто засьпяваў па-беларуску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG