Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Анатоль Жук


На 61-м годзе жыцьця раптоўна памёр вядомы артыст тэатру і кіно, пісьменьнік, кінасцэнарыст Анатоль Жук.

Як актор у памяці тэатралаў Анатоль Жук застанецца найперш сваім мудрым Важаком са спэктакля “Бэмбі” Юр’я Міроненкі на сцэне Рэспубліканскага тэатру юнага гледача. У тым рэвалюцыйным увогуле для беларускага тэатру спэктаклі Анатоль быў і ашаламляльна плястычным, і псыхалягічна дакладным, і публіцыстычным. Гэтая роля была як крык сэрца пра зьнішчальнасьць сучаснай цывілізацыі, ахвярамі якой становяцца і прырода, і чалавечнасьць. Гэтую тэму ён будзе разьвіваць і ў тэатры, і ў сваёй літаратурнай творчасьці праз усё сваё жыцьцё.

У ролі Важака выдатна спалучыліся і акторскія, і чалавечыя, і грамадзянскія погляды тады яшчэ маладога актора. Навічок на сталічнай сцэне, які прыйшоў з Бабруйскага тэатру, выйшаў на першыя ролі. Ён быў адкрыты для экспэрымэнтальнай працы, якой і вызначаўся ТЮГ у другой палове 1970-х гадоў.

Анатоль любіў свой тэатар і быў яму адданы заўсёды, нават тады, калі ім кіравалі ня вельмі таленавітыя людзі, калі спэктаклі рэзка крытыкаваліся, — кажа актор і дырэктар Тэатру юнага гледача Юры Кулік:

“Анатоль да апошняга свайго дня хваляваўся за лёс тэатру ў сувязі з тым, што тэатар ідзе на рэканструкцыю, што ўжо не працуе ў сваім памяшканьні. Яго хваляваў лёс тэатру больш за ўсіх. Ён заўсёды казаў пра свой тэатар: гэта — мой дом. ТЮГ сапраўды быў ягоным домам. Ён чалавек тэатру. Ён быў творчым чалавекам, працаваў на сцэне аддана. Крыўдна, вельмі крыўдна, што яго ня стала. Ня ўсе так ставяцца акторы да свайго тэатру, як ставіўся да яго Толя Жук”.

Сапраўды, Анатоль быў у найвышэйшай ступені неабыякавым. Калі адчуваў талент рэжысэра, дык быў адданы яму да апошняга. Так было зь Юр’ем Міроненкам і Андрэем Андросікам, якіх таксама рана забрала сьмерць. Нязручным жа ён станавіўся для шэрай рэжысуры, якой у Тэатры юнага гледача хапала. І тады ён ішоў у бой супраць яе, за мастацтва. Натуральна, што бяздарнасьць ваяўнічая і помсьлівая. Найвялікшая помста актору — не даваць яму ролі. Анатоль перажываў, але ня рваўся ўдзельнічаць у дрэнных спэктаклях. Тады ён пісаў. Так нарадзіўся цікавы беларускі празаік, паэт, кінасцэнарыст. Да лепшых традыцыяў беларускай прозы можна аднесьці ягоную кнігу “Дзённае паляваньне на месяц”. На экранах краіны дэманструецца фільм “Кадэт”, сцэнар якога Анатоль напісаў паводле сваёй аповесьці “Помста матылькоў”. Мы будзем чытаць кнігі Анатоля Жука, глядзець яго на кінастужках, але ўжо ніколі не пачуем ягоны выбуховы голас са сцэны.

Анатоль Жук жыў перадусім творчасьцю — тэатрам, кіно, літаратурай. Ён так і не стварыў сям’і. Але меў шмат сяброў, прыяцеляў, прыхільнікаў. Усім нам, сёньня вельмі цяжка. Кажа адзін з найбліжэйшых сяброў Анатоля, драматург Аляксей Дудараў:

“Гэта быў артыст, які паклаў сваё жыцьцё на сцэну. Ён быў адзінокі, нікога ў яго не было, акрамя роляў, герояў і яшчэ літаратуры. Увогуле тыя, хто займаецца мастацтвам, вельмі рызыкуюць. Вось і Анатоль рана пайшоў. У яго ёсьць выдатная роля Дабрыні ў маёй п’есе “Палачанка”. Калі я адзначаў сваё пяцідзесяцігодзьдзе, я нават папрасіў у яго дазволу, каб на сваёй вечарыне сыграць гэтую ролю замест яго. Цяпер ужо, напэўна, і спэктакль аджыве…”

У вершах Анатоля Жука апошніх гадоў тэма духоўнай еднасьці жывых і мёртвых рабілася адным з асноўных матываў. Хіба што ў прадчуваньні блізкай сьмерці Анатоль напісаў гэтыя радкі:

“Я сярод вас далёка быў ня першы,
І не апошні быў я да ўсяго...
Жыцьцё прачытана, нібы Купалы вершы,
І болей мне чытаць няма чаго”.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG