19 лістапада ў манастыры Ракавіца на ўскраіне Бялграду пахаваюць патрыярха Паўле, які быў духоўным лідэрам сэрбаў у надзвычай складаны гістарычны пэрыяд. Сам Паўле таксама быў неадназначным чалавекам.
Так ці інакш, усіх праваслаўных патрыярхаў называюць Сьвяцейшымі. У многіх выпадках казаць гэтае слова язык не паварочваецца; гэта, праўда, ня значыць, што ўсе патрыярхі злачынцы, проста часьцей яны ўяўляюцца гэткімі сабе міністрамі на лімузынах і з аховай, альбо прамоўцамі, палітыкамі, адміністратарамі.
Сучаснага Маскоўскага патрыярха Кірыла, напрыклад, азначаюць “крызіс-мэнэджэрам”, а патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея — “зялёным”, дзякуючы таму, што ён адной з асноўных тэмаў сваёй публічнай дзейнасьці зрабіў экалёгію. Для людзей з “традыцыйна праваслаўных” краінаў, як часта называюць краіны Ўсходняй Эўропы, патрыярх — гэта наогул толькі імя ў некаторых прашэньнях літургіі. Нават калі ён і прыяжджае ў нашыя мясьціны, то проста пабачыць яго зблізу, ня тое, што нават пагаварыць, — ужо цэлая эпапэя.
Ды нават і не патрыярх, а звычайны мясцовы епіскап — асоба звышважная, занятая сур’ёзнымі справамі на ўзроўні цэлай дзяржавы ці прынамсі мясцовых органаў улады. А якія тытулы! Возьмем, да прыкладу, патрыярха Александрыйскага — Ягоная Шчаснасьць Папа і Патрыярх Вялікага Гораду Александрыі, Лівіі, Пентанопаля, Эфіёпіі, усяго Егіпту і ўсёй Афрыкі, Айцец Айцоў, Пастыр Пастыраў, Трынаццаты Апостал і Судзьдзя Сусьвету. Як тут ня стаць аб’ектам пакланеньня?
З сучасных прадстаяцеляў Памесных Цэркваў, бадай, толькі двое былі больш чым высокія асобы, пра якіх паведамляюць царкоўныя ведамасьці, ілюстраваныя фотаздымкамі сустрэч з важнымі асобамі і разбаўленыя дзеля замілаваньня фотаздымкі з жывёламі і дзецьмі, — двое, хто зьяўляецца героем сучаснага пацерыка: Архіепіскап Тыраны і ўсяе Альбаніі Анастас, які ўзначальвае адну з самых маленькіх Цэркваў у сьвеце — па адзін бок ад Косава; і Сэрбскі патрыярх Паўле, прыходы і манастыры пад кіраўніцтвам якога перажывалі апошнія дзесяцігодзьдзі не найлепшыя часы ў самім Косаве.
Навіны пра апошняга цягам некалькіх год тычыліся ў асноўным стану здароўя патрыярха, што ня дзівіць, бо перад спачынам на 96-м годзе жыцьця Сьвяцейшы Паўле два гады правёў у шпіталі Ваенна-мэдыцынскай акадэміі.
Яшчэ ў 1940-х гг. хваравітаму і слабенькаму Гойка Стойчавічу лекары абяцалі толькі тры месяцы жыцьця, а ён яшчэ праз 50 год пасьля гэтага ўзначаліў Сэрбскую Праваслаўную Царкву. Праўда, ацаліўшыся ад сухотаў, Гойка Стойчавіч сапраўды памёр, толькі сімвалічна, прыняўшы манаскі пострыг і пачаўшы новае жыцьцё — манаха, аскета, сьвятара. Калі Паўле дасягнуў таго ўзросту, калі звычайна епіскапы падаюць прашэньне на спачын, то і тут замест спачыну ён адкрыў новую старонку свайго жыцьця — патрыяршаства, служэньне на самай высокай царкоўнай пасадзе ў найбольш цяжкі час для сваёй краіны: балканскіх войнаў, генацыду, аўтарытарнага рэжыму і натаўскіх бамбёжак, распад некалі вялікай Сэрбіі. І на гэтай пасадзе ён ня стаў проста “вясельным генэралам”, але не баяўся браць чынны ўдзел у жыцьці краіны, прычым часьцяком уступаючы ў канфрантацыю з уладамі.
Цяжка вызначыць, якой была палітычная пазыцыя самога патрыярха Паўле — ён стараўся трымацца па-за палітыкай, але быць па-за палітыкай ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму — гэта фактычна падтрымліваць рэжым.
Калі сэрбская паліцыя гатовая была жорстка разагнаць студэнцкія выступленьні 1996 г. у Бялградзе, патрыярх выйшаў на вуліцу разам са студэнтамі, і паліцэйскія кардоны вымушаныя былі прапусьціць калёну.
Ён не рабіў нічога звышнатуральнага, але ўжо пры жыцьці многія лічылі патрыярха Паўла сьвятым. Старэнькі па ўзросьце, ён стаў для многіх узорам сапраўднага старэцтва — аскетычнага, сьціплага, манаха. Вось папулярны фотаздымак патрыярха Паўле — старэнькі манашак у старэнькім падрасьніку з патрыяршым посахам, які нагадвае звычайны дзядульчын кіёк, крочыць вуліцамі Бялграду.
Нехта выпадкова зрабіў фотаздымак патрыярха, калі той ехаў на трамваі — у цёмнай манаскай вопратцы, але са сьветлым тварам, які, здаецца, асьвячаў навакольле.
А вось яшчэ адзін фотаздымак — патрыярх Павел выходзіць з маршруткі
З гэтым фотаздымкам зьвязаная свая гісторыя. Як расказваў сьвятар Ігар Пчалінцаў, патрыярх Паўле ў 2003 г. на спэцыяльным цягніку прыехаў у ліку іншых гасьцей у Сароў — для ўдзелу ў сароўскіх урачыстасьцях. Усіх гасьцей разьвезьлі па гасьцініцах, і раптам высьветлілася, што згубіўся Сэрбскі патрыярх Паўле. Ці то выходзіў зь цягніка доўга, ці то проста ў ім патрыярха не прызналі — ня тыя манеры былі. Калі вярнуліся на вакзал, то пабачылі патрыярха Паўле, які сядзеў на сваёй валізе і азіраў ваколіцы. З транспарту засталася адна “газель”, на ёй патрыярха і павезьлі. Праўда, цяжка ўявіць, каб такая гісторыя адбылася зь некім іншым высокім іерархам? Папы і многія патрыярхі лятаюць уласнымі самалётамі, у час іх прыезду перакрываюць трасы, а тут — Сьвяцейшы Паўле едзе на сароўскія ўрачыстасьці маршруткай.
Варта пераказаць і іншыя гісторыі, якія сабраў Юры Максімаў.
Адна сэрбская жанчына, прыйшоўшы на прыём да патрыярха, заўважыла, што ў патрыярха зусім старэнькія чаравікі, і ёй стала сорамна, што патрыярх вялікай сэрбскай Царквы абуты, як бомж. А патрыярх ёй адказаў: “Бачыце, якія выдатныя скураныя чаравікі я знайшоў на сьметніцы, іх трэба было толькі крыху падрамантаваць”. Альбо гісторыя пра “яшчэ адну жанчыну”, якая, прыйшоўшы на прыём да патрыярха, хацела ўручыць яму гуманітарную дапамогу, спаслаўшыся на тое, што ў сьне да яе прыходзіла Найсьвятая Багародзіца і загадала прынесьці патрыярху Паўле падарунак. Патрыярх не разгубіўся: запытаўшыся, а якой гадзіне Найсьвятая Багародзіца прыйшла да жанчыны, ён адказаў ёй: “Я лёг спаць пазьней, і Найсьвятая Багародзіца таксама прыйшла да мяне, і папрасіла падзякаваць вам, і загадала, каб я падарунка не прымаў”.
Можа, гэта і ня сьвятасьць. І праўда — сам за сабой талерку прыбраў; хлеб нарэзаў; у агульнай чарзе ў сталоўцы пастаяў; на трамваі праехаў — мільёны людзей робяць гэта штодня, і ніхто не ўпадае ў экзальтацыю: “гэта сьвятасьць!” Але быць проста чалавекам, прыніжаць сябе, калі іншыя ўзвышаюць, гэта ўжо шлях да сьвятасьці, яўленьне сапраўднай Чалавечнасьці, празь якую толькі і можа быць яўленая сапраўдная Боскасьць.