Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь не адказала на пазоў Красоўскіх


16 лістапада скончыўся тэрмін, вызначаны Рэспубліцы Беларусь для адказу на пазоў сям’і Красоўскіх, які быў накіраваны ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Як нагадвае прэсавая служба грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем”, год таму, 16 лістапада 2008 года пазоў ад імя Анатоля, Ірыны і Валерыі Красоўскіх быў зарэгістраваны ў Камітэце па правах чалавека ААН. Копія была накіраваная адказчыку – Рэспубліцы Беларусь. Першапачаткова дата адказу была вызначаная на 16 траўня 2009 года. Але місія Беларусі пры ААН запатрабавала прадставіць ёй копію пазову і дадатковых дакумэнтаў на расейскай мове (арыгінал напісаны па-ангельску), і тэрмін быў перанесены на 16 лістапада.

На сёньня, 17 лістапада, адказу ад Рэспублікі Беларусь няма.

Паводле рэглямэнту Камітэту па правах чалавека ААН, у выпадку, калі дзяржава-адказчык своечасова не рэагуе на пазоў, ёй дасылаецца напамінак. Калі і напамінак застаецца без адказу, справа разглядаецца ў Камітэце бяз ўліку меркаваньня краіны-адказчыка.

Пазоў пададзены ў адпаведнасьці з Факультатыўным пратаколам да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які быў падпісаны Рэспублікай Беларусь. У адпаведнасьці зь ім, краіна абавязаная несьці адказнасьць за злачынству супраць сваіх грамадзянаў. У пазове гаворыцца, што Рэспубліка Беларусь парушыла пункты 6, 7, 9 і 10 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Паводле прэсавай службы грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем”, пазоў Красоўскіх быў падрыхтаваны галяндзкай адвакацкай фірмай. Ён утрымлівае сто пунктаў і мае пакет дадаткаў з дваццаці пяці дакумэнтаў аб’ёмам больш за тысячу старонак.

Ад свайго імя і ад імя Анатоля Красоўскага, які гвалтоўна зьнік 16 верасьня 1999 г, Ірына І Валерыя Красоўскія, у прыватнасьці, патрабуюць:

неадкладна дапытаць падазраваных у гвалтоўным зьнікненьні Анатоля Красоўскага, якія былі названыя ў адмысловым Мэмарандуме дэпутата АРА Хрыстаса Пургурыдэса;

задаволіць шматлікія просьбы членаў сям’і Анатоля Красоўскага і міжнароднай супольнасьці аб скрупулёзным адкрытым расьследваньні зьнікненьня Анатоля Красоўскага;

ідэнтыфікаваць і назваць месца пахаваньня Анатоля Красоўскага;

кампэнсаваць пацярпелым у выніку гвалтоўнага зьнікненьня Анатоля Красоўскага маральныя і матэрыяльныя страты.


гл. таксама: Пазоў Красоўскіх: новы тэрмін для адказу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG