Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рашэньне Рады Эўразьвязу: на чыю карысьць кампраміс?


Рада Эўразьвязу працягнула на год візавыя санкцыі ў дачыненьні да вышэйшых дзяржаўных асобаў Беларусі, але ўвяла мараторый на іх дзеяньне. Чаму было прынятае менавіта такое рашэньне? Наколькі яно балючае для кіраўніцтва Беларусі? Якія наступствы можа мець рашэньне Рады Эўразьвязу?

Удзельнікі: кіраўнік “Офісу за дэмакратычную Беларусь” Вольга Стужынская з Брусэлю і палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску.

Андрэй Фёдараў
Вольга Стужынская
Валер Карбалевіч


Як ацаніць рашэньне ЭЗ?


Валер Карбалевіч: “Рашэньне Рады ЭЗ можна лічыць кампрамісным, салямонавым, а можна — адзіна магчымым. Падаецца, што ніякі іншы варыянт быў немагчымы. Як бы вы ацанілі гэтае рашэньне?”

Вольга Стужынская: “Сапраўды, гэта было адзінае магчымае рашэньне на гэтым этапе. Шэраг краінаў (Нямеччына, Італія, Грэцыя, Іспанія) выступалі за поўную адмену санкцый. А некаторыя выступалі за працяг санкцый: Галяндыя, Вялікая Брытанія. Таму гэта было кампраміснае рашэньне. Яно стала працягам палітыкі мяккага ўцягваньня Беларусі ў эўрапейскія працэсы”.

Андрэй Фёдараў: “Ніякага іншага рашэньня чакаць не выпадала. Ня толькі супярэчнасьці паміж краінамі ЭЗ, але і тое, што ўнутрыпалітычная сытуацыя ў Беларусі прынамсі не пагоршылася. Гэтае рашэньне будзе спрыяць працягу дыялёгу.

Узнаўленьне санкцыяй адштурхнула б Беларусь ад Эўропы і адначасова штурхнула б яе ў абдымкі Расеі. У такім разе рашэньне аб далучэньні Беларусі да праграмы “Ўсходняе партнэрства” страчвала б усялякі сэнс. Таму я лічу, што гэта было правільнае рашэньне”.

Пазыцыя беларускага кіраўніцтва


Карбалевіч: “Кіраўніцтва Беларусі напярэдадні гэтага паседжаньня Рады ЭЗ рабіла розныя супярэчлівыя заявы і захады. Яно то пагражала, шантажавала ЭЗ, то ішло на саступкі. Наколькі эфэктыўнаю выявілася гэтая тактыка?”

Стужынская: “Рабіць супярэчлівыя заявы — гэта традыцыйная тактыка афіцыйнага Менску. Крыху заблытаць, крыху папужаць, крыху прадэманстраваць жаданьне да дыялёгу з ЭЗ. А ЭЗ прапануе Менску больш пернікаў”.

Фёдараў:
Думаю, афіцыйны Менск ня надта разьлічваў на скасаваньне візавых санкцый.
“Думаю, афіцыйны Менск ня надта разьлічваў на скасаваньне візавых санкцый. Таму сёньняшняе рашэньне ня стала для яго нечаканасьцю Але кіраўніцтва Беларусі, у сваю чаргу, праводзіць лінію бізуна і перніка ў дачыненьні да ЭЗ. Яно то абяцае палітычную лібэралізацыю, то пагражае вяртаньнем да жорсткай палітыкі”.

Карбалевіч: “Наколькі прынцыповае для афіцыйнага Менску гэтае рашэньне? Яно балючае? Ці ніякага значэньня, акрамя сымбалічнага, гэтае рашэньне ня мае?”

Фёдараў: “Яно ня надта балючае. Бо ЭЗ гатовы даваць пернікі і далей. Вось прапануецца падпісаць дамову аб супрацоўніцтве і партнэрстве”.

Стужынская: “На гэты момант сёньняшняе рашэньне ЭЗ нават выйгрышнае для беларускага боку. Бо ЭЗ дае Беларусі пернікі авансам. Бо няма за што ўзнагароджваць беларускія ўлады. Ім даецца год для выпрабаваньня”.

Карбалевіч: “А на мой погляд, беларускія ўлады разьлічвалі на нешта большае. Бо апошнім часам кіраўніцтва Беларусі кантактавала зь лідэрамі тых краінаў, якія ляяльна ставяцца да афіцыйнага Менску. Напрыклад, Лукашэнка езьдзіў у Літву. Былі шчыльныя кантакты зь нямецкімі палітыкамі і бізнэсоўцамі. У Менск прыяжджаў міністар замежных спраў Італіі. Усё гэта магло стварыць у кіраўніцтва Беларусі пэўныя ілюзіі”.

Стужынская: “Беларускія ўлады прыклалі максымум намаганьняў, каб атрымаць аптымальны для сябе вынік. Яны лабіравалі патрэбнае рашэньне праз краіны, якія ставяцца да Менску ляяльна. Але гэта было нерэальна”.

Якія наступствы можа мець рашэньне Рады Эўразьвязу?


Карбалевіч: “Якія наступствы можа мець рашэньне Рады ЭЗ пра візавыя санкцыі адносна вышэйшых дзяржаўных асобаў Беларусі? Адным з пунктаў рэзалюцыі Менску прапануецца падпісаць дамову аб супрацоўніцтве і партнэрстве. Гэта ўжо нешта больш канкрэтнае, чым праграма “Ўсходняе партнэрства”. У гэтым дакумэнце, мусіць, будуць увязаныя ў адзін пакет эканамічныя, візавыя, палітычныя пытаньні. Магчыма, толькі цяпер пачынаецца канкрэтная дыпляматыя ў стасунках паміж Беларусьсю і ЭЗ”.

Фёдараў: “Трэба рыхтаваць новую дамову аб супрацоўніцтве і партнэрстве. Бо тая, якая была падпісаная ў 1995 годзе і ратыфікаваная Беларусьсю і шэрагам краінаў ЭЗ, наўрад ці адпавядае сёньняшняй рэчаіснасьці.

Думаю, у гэты дакумэнт увойдуць тыя пяць палітычных патрабаваньняў, якія цяпер ЭЗ выстаўляе Беларусі. Іншая справа, наколькі ЭЗ будзе строга адсочваць іх выкананьне. Але гэта будзе крокам наперад, бо дазволіць вырашыць пытаньне аб зьніжэньні коштаў візаў для грамадзян Беларусі”.

Стужынская: “Думаю, галоўным патрабаваньнем будзе пытаньне аб дэмакратычным правядзеньні мясцовых выбараў і зьменах у выбарчае заканадаўства.

Што тычыцца дамовы аб супрацоўніцтве і партнэрстве, то, сапраўды, трэба новы варыянт. Бо з 1995 году зьмяніўся склад ЭЗ. Яго прыняцьце зойме працяглы час. Бо трэба, каб кожная з краінаў ЭЗ яго ратыфікавала”.

Фёдараў: “Магчыма, пэўны ўплыў на дачыненьні зь Беларусьсю зробяць зьмены, якія адбываюцца ў самім ЭЗ: ратыфікацыя Лісабонскай дамовы, увядзеньне пасады накшталт міністра замежных спраў. Гэта дасьць магчымасьць хутчэй рэагаваць на дзеяньні беларускіх уладаў.

З боку афіцыйных асобаў Беларусі могуць быць жорсткія заявы адносна сёньняшняга рашэньня ЭЗ. Але што тычыцца рэальных спраў, то крокаў, якія прывядуць да пагаршэньня адносінаў, з боку Менску ня будзе”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG