Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гары Паганяйла: “А хто галоўны карупцыянэр?”


Гары Паганяйла
Гары Паганяйла

Паводле рэйтынгу ўсясьветнай арганізацыі Transparency International, Беларусь у рэйтынгу карумпаванасьці палепшыла свае пазыцыі, але па-ранейшаму знаходзіцца сярод краінаў зь вельмі высокай ступеньню карумпаванасьці.

Летась Transparency International ставіла Беларусь на 151 месца ў сьвеце паводле карупцыі, сёлета краіна паднялася да 139-га месца, што азначае паляпшэньне становішча са злачыннасьцю, зьвязанай з выкарыстаньнем службовага становішча чыноўнікамі. У пракуратуры Беларусі, якая паводле закону — асноўны змагар з карупцыяй, тлумачаць посьпех павелічэньнем агульных намаганьняў праваахоўных органаў. Намесьнік генпракурора Віктар Конан:

“За 9 месяцаў гэтага году злачынстваў карупцыйнай накіраванасьці зарэгістравана 2834 — гэта на 470 злачынстваў, альбо на 20% больш, чым за аналягічны пэрыяд летась. Прычым карупцыйныя злачынствы маюць вялікую лятэнтнасьць, таму існуе рэальная праблема іх выяўленьня.
Улічваючы рэзананс антыкарупцыйнай кампаніі, расьце і памер хабару за вырашэньне пэўных праблемаў
Тым ня менш бачны скачок у працы праваахоўных органаў”.

Вядомы беларускі праваабаронца Гары Паганяйла мяркуе, што казаць пра яўныя посьпехі ў барацьбе з карупцыяй зарана, бо ня вырашаныя асноўныя праблемы, якія спараджаюць карупцыю:

“Карупцыйнасьць шмат якіх законаў ня зьніжаная, чынавенства па-ранейшаму можа мець вялікія грошы ў выглядзе хабару ці гэтак званых “адкатаў”. Уся гэтая сыстэма як працавала, гэтак і працуе. І нават набірае тэмпы, бо апэтыт павялічваецца падчас абеду. Улічваючы рэзананс антыкарупцыйнай кампаніі, расьце і памер хабару за вырашэньне пэўных праблемаў”.

Яўген Шыгалаў
Сёлета адной з самых гучных карупцыйных спраў была справа былога дырэктара рынку “Ждановічы” Яўгена Шыгалава. Яго арыштавалі паводле абвінавачаньня ў незаконным набыцьці зямлі пад рынак. Нібыта гэта было зроблена праз хабары высокапастаўленым чыноўнікам. Да суду справа так і не дайшла. Месяц таму абвінавачваньні з Шыгалава зьнялі, бо ён пералічыў у бюджэт страты, якія, паводле сьледзтва, нібыта нанёс дзяржаве — згодна з рознымі крыніцамі, гэта блізу 30 мільёнаў даляраў.

Былы судзьдзя Гары Паганяйла мяркуе, што практыка пазасудовай кампэнсацыі стратаў і вызваленьня на гэтай падставе ад адказнасьці цалкам супярэчыць нормам прававой дзяржавы. Барацьбу з карупцыяй у Беларусі Гары Паганяйла лічыць несыстэмнай і тлумачыць яе працягам барацьбы з пэўнымі непажаданымі асобамі альбо папаўненьнем казны незаконнымі мэтадамі.

“У суды трапляюць толькі тыя справы, на якія ўказвае гаспадар. У пракуратуры, МУС, КДБ няма паўнамоцтваў і магчымасьцяў вырашыць гэта паводле закону і адносна ўсіх, хто трапляе ў іх поле зроку. Існуе сьпіс высокапастаўленых чыноўнікаў, ня толькі з кадравага рэестру, а шырэй, лёс якіх залежыць толькі ад волі гаспадара. Нават калі чыноўнік папаўся на хабары”.

Міхаіл Сьнягір
Ужо болей за 3 месяцы ў Вярхоўным судзе Беларусі разглядаюць справу экс-намесьніка генпракурора Міхаіла Сьнегіра, якога падазраюць у атрыманьні хабару праз службовыя злоўжываньні. Працэс адбываецца за зачыненымі дзьвярыма, падрабязнасьці справы грамадзкасьці невядомыя. Пытаюся ў адваката Анатоля Шапялевіча: чаму гэтак доўга цягнуцца слуханьні?

“Дык у тым і справа. Усё шукаюць, хто што зрабіў. Шукаюць. Ці знойдуць, ня ведаю.”

Карэспандэнт: “Дык выяўляецца карупцыя ці не?”

Адвакат: “Ды не, якая карупцыя? Няма і не магло быць”.

Нагадаем, разам з экс-пракурорам Сьнегіром на лаве падсудных апынуўся былы дырэктар будаўнічай фірмы “Забудова” Міхаіл Кудзелка. Паводле сьледзтва, ён даваў хабар будаўнічымі матэрыяламі экс-пракурору, які пабудаваў пад Менскам катэдж. Сьнягір і Кудзелка сваёй віны не прызнаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG