Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэктар БДМУ звольнены за крытыку Мінздраву


Павал Беспальчук
Павал Беспальчук

Міністэрства аховы здароўя не падоўжыла працоўны кантракт з рэктарам Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Паўлам Беспальчуком. Прычынай фактычнага звальненьня рэктара, як лічаць назіральнікі, стаў ягоны крытычны артыкул у газэце “Весьнік БДМУ” 9 лістапада. У матэрыяле “Ў тэрмін да 31 лістапада” ўзьнятая праблема падрыхтоўкі кадраў і разьмеркаваньня выпускнікоў гэтай мэдычнай установы. Беспальчук наўпрост назваў сытуацыю “беззаконьнем”, якое дасягнула свайго апагею.

10 лістапада 2009 году завяршыўся працоўны кантракт рэктара Паўла Беспальчука зь Міністэрствам аховы здароўя. Кантракт быў падпісаны тры гады таму, але цяпер працадаўца палічыў за лепшае адмовіцца ад паслугаў дасьведчанага прафэсіянала. На гэтай пасадзе Павел Беспальчук адпрацаваў 12 гадоў і вымушаны быў пайсьці ў адстаўку, не дасягнуўшы нават пэнсійнага ўзросту. А літаральна за дзень у газэце “Весьнік БДМУ” быў надрукаваны артыкул рэктара, які, на думку некаторых ягоных калегаў, стаў апошняй кропляй для міністэрскіх куратараў.

Як піша Беспальчук, “беспакаранасьць вядзе да сваволі”. Адна з праяваў гэтага — разьмеркаваньне выпускнікоў унівэрсытэту. Паводле аўтара, цягам апошніх гадоў унівэрсытэцкая камісія адлучаная ад працэдуры разьмеркаваньня навучэнцаў, і гэтую місію цалкам узяло на сябе Міністэрства аховы здароўя. Аднак сам мэханізм ён называе абсурдным: маўляў, дайшло да таго, што ў найлепшыя клінікі накіроўваюцца студэнты зь сярэднімі ведамі, тады як выдатнікаў, якія мелі перавагу пры разьмеркаваньні, “ссылалі” ў глыбінку, дзе яны мусяць працаваць нават не па спэцыяльнасьці. У той жа час адмацаваньне ад разьмеркаваньня на асабісты загад міністра атрымлівалі нават “мэтавыя” студэнты. Свае высновы рэктар ілюструе канкрэтнымі прыкладамі.
Што тычыцца свайго артыкула, то я ў літаральным сэнсе расьпісваўся пад кожным словам і адмаўляцца ні ад чаго не зьбіраюся.

У інтэрвію Радыё Свабода Павал Беспальчук сказаў, што падпісваецца пад кожным словам свайго артыкула, але лічыць, што наўрад ці надрукаваны за дзень да звальненьня матэрыял стаў вырашальным у ягоным лёсе — канфлікт зь ведамствам пачаўся нашмат раней:

“Пра гэта ня варта нават і гаварыць. Справа ў тым, што можна на наш сайт зірнуць і там убачыць, што яшчэ ў студзені 2008 году пра гэта шмат казалася. А што тычыцца свайго артыкула, то я ў літаральным сэнсе расьпісваўся пад кожным словам і адмаўляцца ні ад чаго не зьбіраюся. Як я магу ўвогуле адмовіцца? Ад артыкула не адмаўляюся, гэта дакладна. Тое, што напісаў, тое, што ў нашай газэце выдадзена, дык за гэта адказваю”.

З-за незалежнай пазыцыі Беспальчука кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя некалькі разоў спрабавала разьвітацца зь ім яшчэ раней. На пачатку 2008 году міністар Васіль Жарко прапаноўваў спэцыялісту напісаць заяву на звальненьне па ўласным жаданьні. Той не пагадзіўся. Год таму ў Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт накіравалі камісію Кантрольна-рэвізійнага ўпраўленьня ведамства, якая пасьля месяца працы не знайшла ў падпарадкаванай Беспальчуку ВНУ нічога супрацьзаконнага.

Але, як кажа спадар Беспальчук, цяперашняе звальненьне ня стала для яго асаблівым сюрпрызам:

“Натуральна, усё было чакана. Але глыбока штосьці аналізаваць не хачу, проста, прабачце, ня самы лепшы час для інтэрвію. Магчыма, крыху пазьней, няхай крыху ўлягуцца жарсьці, супакоіцца ціск...”
Натуральна, усё было чакана

У Міністэрстве аховы здароўя не камэнтуюць сытуацыю вакол рашэньня не працягваць кантракт з Паўлам Беспальчуком. А першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Сяргей Дзянісаў толькі паведаміў, што бліжэйшая пэрспэктыва з рэктарам ВНУ пакуль цьмяная:

“Абсалютна нічога не зразумела. Але, паводле нарматываў, прызначаецца на пасаду рэктар загадам міністра аховы здароўя пасьля ўзгадненьня з кіраўніком дзяржавы. Так, па-мойму, гэта адбываецца”.

Нягледзячы на страту рэктарскага крэсла, Павел Беспальчук працягвае працу на катэдры траўматалёгіі і артапэдыі ўнівэрсытэту на базе 6-га клінічнага шпіталя Менску. Кандыдат мэдычных навук Беспальчук — бясспрэчны аўтарытэт у галіне хірургіі кісьці рукі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG