Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мястэчка Сьвіслач Гарадзенскай вобласьці, праваслаўныя могілкі



Шыльда свабоды

Мястэчка Сьвіслач Гарадзенскай вобласьці, праваслаўныя могілкі

На гэтых могілках ля магілы Віктара Каліноўскага ад 1997 году дэмакратычная беларуская грамадзкасьць штогод ушаноўвае памяць паўстанцаў 1863 году.

Штогод пры канцы кастрычніка ў мястэчка Сьвіслач зьяжджаюцца людзі з усяе Беларусі, каб ушанаваць памяць паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Дзень памяці традыцыйна пачынаецца з ускладаньня кветак да магілы брата Кастуся — Віктара Каліноўскага, які быў ідэолягам паўстаньня 1863 году. Таксама госьці кладуць кветкі да адзінага ў Беларусі помніка Кастусю Каліноўскаму і да помніка выбітнаму паўстанцу Рамуальду Траўгуту, наведваюць месца, дзе была сядзіба Каліноўскіх. Адбываецца мітынг, апошнімі гадамі і памінальная імша ў мясцовым касьцёле.

Ініцыятыва нарадзілася ў гарадзенскім дэмакратычным асяродку, — кажа актор, бард Віктар Шалкевіч:

“У раньнія дэмакратычныя гады Зьміцер Кісель і нехта зь ім з Гародні знайшлі ў Сьвіслачы на праваслаўных могілках магілу Віктара Каліноўскага. Потым Юры Мацко скаваў крыж. Тым часам прафэсар Міхась Ткачоў капаў сядзібу Каліноўскіх у Якушоўцы. Усё гэта неяк сышлося да адной купы. І ў асяродзьдзі дэмакратаў вырашылі, што гэта варта ўшаноўваць, і мы пачалі кожны год туды езьдзіць”.

У днях памяці за амаль паўтара дзесяцігодзьдзя ўзялі ўдзел практычна ўсе знакавыя фігуры дэмакратычнай Беларусі. Філёзаф Валянцін Акудовіч, які родам са Сьвіслачы, штогод бывае на гэтых могілках, абавязкова наведвае і магілу Віктара Каліноўскага. Браў ён удзел і ў адным зь першых Дзён памяці паўстанцаў:

“Сюды прыехалі два паўнюткія аўтобусы з Гародні і Менску, і мы ладнай калёнай з разгорнутымі сьцягамі пайшлі да цэркаўкі на гары, побач зь якой і знаходзіцца магіла Віктара Каліноўскага. Толькі мы падышлі да помніка, як з царквы шугануў натоўп разьятраных бабулек, якія, нагледзеўшыся дзяржаўнага тэлебачаньня, палічылі, што мы прыехалі ў Сьвіслач рабіць рэвалюцыю. Чамусьці найбольшую нянавісьць у іх выклікаў Уладзімер Арлоў. Яны акружылі яго, махалі кулачкамі, а некаторыя сваімі торбачкамі нават спрабавалі хляснуць па славутым пісьменьніку. Гэта было сьмешна, але потым мне зрабілася сумна. Гэтак жа сама пасьля паўстаньня мужыкі лавілі па лясах касінераў Каліноўскага і здавалі іх царскім уладам. І тады падумалася зусім скрушнае: паспаліты беларус ніколі не змагаўся з уладай, ён заўсёды змагаўся толькі з уласнымі героямі”.

Першыя сьвяткаваньні выклікалі насьцярожанасьць і нават гнеў мясцовых і гарадзенскіх уладаў. Яны прасілі не разгортваць нацыянальныя сьцягі, ня йсьці калёнамі, фільмавалі ўдзельнікаў мерапрыемстваў. Але паступова напружанасьць зьнікла. І хоць улады ў Днях памяці ня ўдзельнічаюць, ставяцца да іх больш ляяльна. На магіле Віктара Каліноўскага заўсёды кветкі і бел-чырвона-белыя стужкі. Іх ніхто не чапае. Усё ж свой чалавек пахаваны.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG