Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інвэстары заклікалі Беларусь скасаваць візы для Эўропы


Прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі выступае перад удзельнікамі форуму.
Прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі выступае перад удзельнікамі форуму.
Пасьля падпісаньня кантракту пра пабудову Беларусьсю лягістычнага парку з удзелам бэльгійскай кампаніі прадстаўнік апошняй зьвярнуўся наўпрост да прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага з прапановай цалкам скасаваць візавы рэжым з краінамі Эўразьвязу.

Пры гэтым ён прывёў прыклад Украіны, якая апошнія чатыры гады не патрабуе для грамадзянаў Эўразьвязу ўкраінскіх візаў і дзякуючы гэтаму значна ўзмацніла сукантакты з Захадам.

Прадстаўнік Бэльгіі адзначыў, што ён ляцеў у Беларусь зь Лёндану і чакаў, што перад такім значным форумам самалёт Белавіі Лёндан-Менск будзе перапоўнены, але ён быў на дзьве траціны парожні.

На ягоную думку, вялікія перашкоды ў кантактах з Эўразьвязам стварае менавіта візавая сыстэма й іншыя перашкоды для паездак у Беларусь.

Сяргей Сідорскі на гэта адрэагаваў “на парытэтных умовах”. Ён заклікаў прадстаўнікоў Бэльгіі паспрыяць таму, каб Эўразьвяз таксама скасаваў візавы рэжым у адносінах зь Беларусьсю.

На выніковай прэсавай канфэрэнцыі прэм’ер-міністар заявіў пра тое, што міжнародны крызіс паказаў правільнасьць курсу прэзыдэнта Лукашэнкі на правядзеньне сацыяльна арыентаванай рынкавай эканомікі.

Ён таксама зазначыў, што ва ўмовах крызісу беларускі ўрад ня будзе імкнуцца прадаваць акцыі асноўных прадпрыемстваў і што гэтага ня раяць таксама і замежныя экспэрты.

Паводле Сідорскага, беларускі бок зьбіраецца аднавіць перамовы з Расеяй наконт цаны на расейскі газ, які пастаўляецца ў Беларусь, у сувязі з тым, што цэны на газ у сьвеце ўпалі, а сама Расея адклала падвышэньне цэнаў газу на сваім рынку да 2014—2016 году. І гэта стварае ўмовы для вяртаньня дыялёгу па газавай праблеме.

Апрача таго, Сідорскі зазначыў, што намесьнікі міністраў фінансаў Беларусі й Расеі працягваюць перамовы наконт падзелу мытаў на экспарт расейскай нафты і нафтапрадуктаў. Ён выказаў спадзеў, што да сярэдзіны 2011 году будзе працягнуты дзейны парадак, а ад таго часу будзе дзейнічаць ужо парадак, усталяваны мытным саюзам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG