Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Энэргетычны" візыт Ільхама Аліева


Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў учора ўвечары прыляцеў у Менск з афіцыйным візытам. Многія аглядальнікі ўжо назвалі гэты візыт “энэргетычным”. Мяркуецца, што галоўнай на перамовах кіраўнікоў дзьвюх дзяржаў стане праблема энэргабясьпекі.

Баку мае вялікія запасы нафты, якія надзвычай цікавяць Беларусь. Таму, адзначае палітоляг Андрэй Фёдараў, візы прэзыдэнта Азэрбайджану і называюць энэргетычным:

“Для разуменьня гэтага трэба вярнуцца да візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў. Там ішла гаворка пра нафтаправод Адэса – Броды, які можа ў пэўнай ступені зьнізіць нашу залежнасьць ад расейскай нафты, забясьпечыць замест яе пэўную колькасьць каўказкай нафты. Галоўная тут праблема ў тым, як казаў амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы, што раней не было надзейных крыніцаў запаўненьня гэтага нафтаправоду. А ён фактычна павінны быў запаўняцца з азэрбайджанскіх радовішчаў.

І таму будзе абмяркоўвацца пытаньне, наколькі Азэрбайджан здольны забясьпечыць запаўненьне гэтай трубы”.

Пакуль экспартная цана азэрбайджанскай нафты занадта высокая, заявіў Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію азэрбайджанскай агенцыі Trend News за некалькі дзён да прыезду Ільхама Аліева. Але гэта пакуль. Таму калі мы дамовімся, калі гэта стане эканамічна выгодным, мы адразу ж пачнём рэалізоўваць гэты праект.

У гэтым жа інтэрвію Аляксандар Лукашэнка сказаў, што Беларусь вымушаная дывэрсіфікаваць імпарт вуглевадароднай сыравіны:

«Расея – гэта сяброўская нам дзяржава. Аднак, тым ня менш, дывэрсіфікацыя неабходная. Мы ня можам залежыць ад паставак вуглевадароднай сыравіны толькі з адной дзяржавы».

У кастрычніку ў Менску пабываў першы віцэ-прэм’ер Азэрбайджану Ягуб Эюбаў. Ён прыяжджаў, каб падрыхтаваць некалькі міждзяржаўных дамоваў. Азэрбайджан гатовы прадаваць нафту, але ўзамен хоча, каб на яго тэрыторыі стварылі сумеснае прадпрыемства па вытворчасьці беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі. Прычым, у Баку хацелі б яшчэ і прадаваць гэтую тэхніку ў трэція краіны:

“Беларусь для нас вельмі важная дзяржава. Сёлета мы сабралі рэкордную колькасьць пшаніцы. Звычайна мы зьбіралі 1,5-1,6 мільёна тонаў пшаніцы. А сёлета – аж 3 мільёны. І ўсё гэта дзякуючы тэхніцы, якую мы набылі ў вас. Цяпер мы дамаўляемся стварыць сумеснае прадпрыемства па продажу такой тэхнікі ў трэція краіны.

Гэта вельмі добра для Азэрбайджану. Гэта і новыя працоўныя месцы. І новыя сувязі, новы аўтарытэт, новы імідж краіны”.

Акрамя выкарыстаньня нафтаправоду Адэса – Броды экспэрты кажуць, што азэрбайджанскую нафту можна дастаўляць танкерамі на ўкраінскае пабярэжжа Чорнага мора, а ўжо адтуль -- чыгункай на перапрацоўчыя заводы ў Мазыр і Новаполацк.
XS
SM
MD
LG