Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вацлаў Гавэл: Не забывайма пра салідарнасьць!


11 лістапада былы прэзыдэнт Чэхаславаччыны і Чэхіі Вацлаў Гавэл выступіў у Эўрапейскім парлямэнце ў Брусэлі з прамовай, прымеркаванай да 20-годзьдзя падзеньня камунізму ў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропе. Былы дысыдэнт і прэзыдэнт гаварыў пра значэньне падзеяў 20-гадовай даўнасьці для гісторыі і пра будучыню аб’яднанай Эўропы. Прапануем фрагмэнт ягонай прамовы.

Шаноўны спадар старшыня, шаноўныя дэпутаткі і дэпутаты!

Дзякую за запрашэньне і за магчымасьць выступіць перад вамі ў днях 20-й гадавіны разбурэньня бар’ераў на межах, разрываньня калючага дроту, руйнаваньня муроў паміж рознымі эўрапейскімі народамі, а ў выпадку Нямеччыны — муру паміж дзьвюма часткамі таго самага народу.

Быў гэта канец двухполюснага падзелу ня толькі Эўропы, але і ў вялікай ступені ўсяго сьвету. Быў гэта момант гістарычна настолькі важны, што некаторыя мелі ўражаньне, што з той хвіліны ўжо будзе спакой, а сьвет будзе толькі квітнець. Так ня сталася — гісторыя, зразумела, ня скончылася. Таму тым важней зразумець нам гэтую гадавіну ня толькі як выклік для сучаснасьці, але перш за ўсё як выклік для развагаў пра будучыню. (...)
Дэмакратычную або палітычную культуру нельга аднавіць або стварыць за дзень

Да такога неспадзявана хуткага падзеньня "жалезнай заслоны" ніхто з нас ня быў і ня мог быць поўнасьцю падрыхтаваны. Гэта было б супраць натуры. Таму настаў пэрыяд пэўнай зьбянтэжанасьці, выпрабоўваньня розных альтэрнатываў і няпэўнасьці. Потым НАТО пашырылася на новых сяброў, чым гарантавала ім бясьпеку і дапамагло засяродзіцца на падрыхтоўцы да ўступленьня ў Эўразьвяз. А потым Эўразьвяз пачаў адкрывацца для новых дэмакратый Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы.

З гэтымі краінамі Эўразьвяз час ад часу мае розныя клопаты. Гэта больш чым зразумела. Дэмакратычную або палітычную культуру нельга аднавіць або стварыць за дзень. Гэта трывае доўга, а пры тым трэба вырашаць мноства нечаканых праблемаў. (...) Але нават найбольшыя клопаты, якія сёньня мае з намі Эўразьвяз, поўнасьцю вартыя таго, каб імі займацца, таму што любая альтэрнатыва цяперашняму разьвіцьцю падзеяў была б прынцыпова горшая і небясьпечнейшая. (...)

Таталітарная або аўтарытарная сыстэма ўлады часам мае вельмі непрыкметны пачатак і вельмі рацыянальныя спосабы кантролю над грамадзтвам. Толькі цяпер, пасьля такога адрэзку часу, шмат хто з нас насамрэч усьведамляе сабе, як ён быў заплецены ў таталітарныя сеткі.
Патрабуецца ясная і адназначная салідарнасьць з усімі, хто сёньня дзе-небудзь на сьвеце змагаецца з таталітарнымі або аўтарытарнымі рэжымамі

Гэта ўсё абавязвае нас да асаблівай перасьцярогі. Гэтая перасьцярога павінна быць нашым укладам у гарантаваньне таго, што перажытае намі не паўторыцца.

Чаго гэта патрабуе? Перадусім яснай і адназначнай салідарнасьці з усімі, хто сёньня дзе-небудзь на сьвеце змагаецца з таталітарнымі або аўтарытарнымі рэжымамі. Ніякія эканамічныя ці іншыя карысьлівыя інтарэсы не павінны стрымліваць гэтую салідарнасьць. Нават малы, непрыкметны кампраміс можа па нейкім часе мець, на першы погляд, ускосныя, але фатальныя наступствы. Перад злом нельга саступаць, бо кожную такую саступку зло, па самой сваёй натуры, аберне на сваю карысьць. Дарэчы, з палітыкай улагоджваньня Эўропа ўжо мае свой злавесны досьвед. Людзям са свабодалюбнымі поглядамі ці проста тым, якія выказваюць уголас сваю ацэнку сытуацыі ў Паўночнай Карэі, Бірме, Іране, Тыбэце, Беларусі, на Кубе ці ў нейкім іншым месцы, наша падтрымка можа дапамагчы больш, чым мы сабе ўяўляем. (...)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG