Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прыйдуць да ўлады дэмакраты — краіну захлісьне крымінал”


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 11 лістапада 2009 году

Тое, што нацыянальная эканоміка перажывае складаны час, за апошнія месяцы на ўласных кішэнях адчулі амаль усе насельнікі Беларусі. Як эканамічны крызіс адбіваецца на стаўленьні людзей да ўлады? Як ацэньвае грамадзтва здольнасьць чыноўнікаў дзейнічаць у надзвычайных умовах? З аднаго зь лістоў на гэтую тэму пачну сёньняшнюю размову.

Вось што піша нам пра настроі сваіх суседзяў і аднавяскоўцаў Віктар Кляноўскі з пасёлку Друя Браслаўскага раёну:

“Бачу нават на прыкладзе свайго ня самага вялікага пасёлку: большая палова людзей палітыкай Лукашэнкі і ягоных мясцовых “вэртыкальных” прызначэнцаў не задаволеная, — адзначае слухач. — Прычым датычыць гэта ня толькі нашых, мясцовых людзей, але і тых, што перасяліліся сюды з Усходу, з Расеі. Раней яны Лукашэнку толькі хвалілі.

Але як нам гэтае незадавальненьне прадэманстраваць, выказаць?

...Перадачамі Радыё Свабода я вельмі задаволены.Адна толькі заўвага да вас. Чаму тады, калі Аляксандар Казулін сядзеў у турме, вы не абвясьцілі ягоны адрас, каб як мага большая колькасьць людзей магла выказаць яму сваю павагу — у выглядзе ліста, пасылкі ці бандэролі? Гэта ж — жывая энэргетыка! І яна такая патрэбная палітвязьням!

А ўвогуле, нам, насельнікам Беларусі, трэба памятаць словы Яна Паўла ІІ, зьвернутыя калісьці да ўсіх жыхароў Усходняй Эўропы, адгароджаных Бэрлінскім мурам: “Ня бойцеся!”
.

Тэме палітвязьняў, перасьледу людзей за іхныя палітычныя перакананьні мы заўсёды аддавалі і аддаем у сваіх праграмах шмат месца. Пра тое, у якіх канкрэтна калёніях, турмах, сьледчых ізалятарах адбывалі і адбываюць пакараньне грамадзкія актывісты, мы паведамляем. Больш за тое, грунтуючыся менавіта на інфармацыі, атрыманай зь перадач Радыё Свабода, многія нашы слухачы дасылалі свае лісты падтрымкі і віншаваньні палітвязьням. Іншая справа, што мы не арганізуем такія акцыі адмыслова.

Пра тое, чаму ў Беларусі так шмат асуджаных да пазбаўленьня волі і да якіх наступстваў гэта можа прывесьці ў будучыні, разважае ў сваім новым лісьце на “Свабоду” наш даўні сябар Алесь Марціновіч з Баранавічаў. Слухач піша:

“У Вялікай Брытаніі на 60 мільёнаў насельніцтва сядзяць у турмах 80 тысяч чалавек. Амаль столькі ж зьняволеных у Беларусі — пры тым, што наша насельніцтва — менш як 10 мільёнаў. У зусім не швайцарападобнай Польшчы праз турмы прайшлі 3 працэнты насельніцтва. А ў Расеі і Беларусі — 10 працэнтаў.

Таму любыя дэмакраты пры ўладзе ў Беларусі, калі наважацца пераняць нарматыўныя падмуркі заходняй дэмакратыі (на ўзор Эўразьвязу ды ЗША), ужо праз год сутыкнуцца з сур’ёзнай праблемай масавай крыміналізацыі насельніцтва. І пасьля некалькіх ліхіх гадоў дэмакратыі само грамадзтва запатрабуе “цьвёрдай рукі”. Як, зрэшты, было і ў Расеі: спачатку — правы чалавека і абмежаваньне “мянтоў”, а потым — стандартнае тушэньне крымінальнага пажару звыклымі спосабамі.

Было ўжо гэта і ў нашай гісторыі. З ’92-га па ’94-ы год крымінал у памяркоўнай Беларусі быў недзе на ўзроўні паміж Літвой, Польшчай ды Расеяй. І гэта пры тым, што група Кебіча не дапускала ніякіх рэформаў і прыватызацыі. Ці разумеюць Мілінкевічы ды Севярынцы, што крывадушна-крымінальнае нутро беларусаў глыбінна мала зьмянілася за апошнія 15 год”
.

Беларусь, сапраўды, у лідэрах паводле колькасьці зьняволеных: 426 вязьняў на 100 тысяч насельніцтва. Гэта — 14-е месца ў сьвеце. На першым месцы ў гэтым сьпісе, складзеным Міжнародным цэнтрам турэмных дасьледаваньняў, ЗША — 738 зьняволеных, на другім Расея — 611. Больш сярод першых пятнаццаці няма ніводнай эўрапейскай дзяржавы. Блізка да Беларусі ў гэтым сьпісе Туркмэністан і Куба. Чаму так адбываецца? Зусім не таму, што беларусы адзначаюцца, як вы, спадар Марціновіч, пішаце “глыбінна крымінальным нутром”. Калі ў турму можна трапіць за ўкрадзены з калгаснага поля мех збожжа альбо за палітычнае графіці на сьцяне будынку — дык будзьце пэўныя, што турмы ў такой краіне будуць перапоўненыя.

Гэта, дарэчы, прызнаюць і ўлады. І апошнім часам, паводле прыкладу заходніх суседзяў, больш актыўна пачалі выкарыстоўваць пакараньні, не зьвязаныя з пазбаўленьнем волі. У выніку за апошнія 10 гадоў у беларускіх турмах асуджаных стала менш на адну траціну. Хоць іх па-ранейшаму непараўнальна больш, чым у іншых эўрапейскіх краінах.

Мікола Лавіцкі зь Менску, як і многія іншыя нашы слухачы, заклапочаны лёсам нацыянальнай гістарычнай сымболікі. У сваім лісьце спадар Мікола піша:

”Хачу папракнуць праз Радыё Свабода тых, хто перастаў насіць на вопратцы значкі з нацыянальнай сымболікай. Помніцца, у 90-я гады такія людзі сустракаліся на вуліцы вельмі часта — і моладзь, і старэйшыя. Убачыш такога чалавека — узрадуесься, павітаесься, хоць і ўпершыню бачыш. Як жа, свой!

Распавяду пра такі выпадак. Аднаго разу ля майго лецішча праходзяць бацька з сыночкам гадоў пяці-шасьці. Хлопчык убачыў флюгер зь бел-чырвона-белым сьцяжком ды Пагоняй, зьдзівіўся і кажа: “Глядзі, тут — Беларусь!” А многія ж паняцьце “нацыянальная сымболіка” атаясамліваюць з сучаснымі дзяржаўнымі сымбалямі. І ня дзіўна: эпоха лукашызму робіць сваё.

...І яшчэ адна заўвага — пра рэклямныя каляндарыкі Радыё Свабода. Яны дапамагаюць прывабіць новых слухачоў. Бо ёсьць жа і такія, хто ня ведае пра “Свабоду”. Някепска было б, каб яны ілюстраваліся больш цікава і зразумела”
.

Да сярэдзіны 90-х гадоў значкі ў выглядзе бел-чырвона-белага сьцяжка і гербу “Пагоня” можна было знайсьці ў кожным газэтным шапіку і сувэнірнай краме. Але з таго часу многае зьмянілася. Ужо амаль пятнаццаць год падобная прадукцыя ў Беларусі — пад забаронай. І знайсьці такія значкі ў Беларусі зусім ня проста. Так што папрокі вашы, спадар Мікола, наўрад ці абгрунтаваныя.

Што да рэклямных каляндарыкаў. Якраз нядаўна, зь пераходам на зімовыя хвалі, мы выдалі новыя каляндарыкі некалькіх відаў, у якіх пастараліся ўлічыць усе заўвагі такога кшталту. Спадзяемся, спадар Мікола, што яны спадабаюцца і вам, і іншым нашым слухачам.

З шэрагам лінгвістычных прэтэнзіяў зьвяртаецца да нас Марыя Корвель зь вёскі Крэва Смаргонскага раёну. Слухачка піша:

“Усё жыцьцё выступаю за праўду і справядлівасьць. І вось што скажу. Для якога вы народа? Ну што за словы, якія вы выкарыстоўваеце: “мапы”, “міты”, “мэдыі”... Зь якой гэта камэдыі? А што такое шапікі? Ці ў іх жывуць салдацікі? А дзе ў Беларусі гавораць: “пляны”, “ідэоляг”, “Атлянтыда”? Ні ў школе, ні ў народзе ніхто так не гаворыць. А калі ў чалавека дэфэкт мовы, то ён толькі так і скажа. І ніхто зь яго не сьмяецца. А вы ж — адукаваныя людзі, і самі ўсё добра ведаеце. Канчайце ўжо вы такое вымаўленьне. Такая мова рэжа слых — перахоплівае дых. Вось і ўсё”.

Радыё Свабода карыстаецца “тарашкевіцай” — правапісам, які быў рэпрэсаваны камуністычным рэжымам на пачатку 30-х гадоў. Сапраўды, гэты варыянт беларускай мовы сёньня не вывучаюць у школе, хоць для чалавека, які гаворыць па-беларуску, значных праблемаў ён не ўяўляе.

Пытаньне пра будучыню “тарашкевіцы” — дыскусійнае. Як вядома, газэта “Наша Ніва” нядаўна адмовілася ад гэтага варыянту правапісу на карысьць афіцыйнага. Хутчэй за ўсё, зь цягам часу беларускамоўная грамада, мовазнаўцы і новая беларуская ўлада здолеюць прыйсьці да кампрамісу і правесьці такую моўную рэформу, якая задаволіць усіх, каму дарагая беларушчына.

На заканчэньне — ліст ад нашага сябра спадара Грамыкі зь Пінску. Разважаючы пра месца Радыё Свабода ў сваім жыцьці, слухач піша:

“Быў і застаюся сталым слухачом вашых перадач. Найперш таму, што па “Свабодзе” можна пачуць шмат цікавых паведамленьняў. Праўда, іншы раз у праслухоўваньні здараюцца перапынкі — тады, калі па стане здароўя апынаесься на бальнічным ложку або калі замінаюць эфірныя перашкоды. Агульнае ж уражаньне ад вашых перадач застаецца станоўчым. Адчуваецца, што на “Свабодзе” працуюць людзі з высокай прафэсійнай падрыхтоўкай.

Да гонару супрацоўнікаў радыё трэба аднесьці той факт, што рэдакцыя не ўхіляецца ад адказаў нават на “непрычасаныя” пытаньні, а дае на іх абгрунтаваныя, матываваныя, зьмястоўныя і добразычлівыя адказы.

Некалькі прапаноў. У сувязі з ужо недалёкімі выбарамі прэзыдэнта хацелася б часьцей чуць інтэрвію зь лідэрамі апазыцыйных партый, вядомымі палітыкамі.

І наконт асьвятленьня рэлігійнай тэматыкі. Перад сьвятамі пажадана распавядаць пра іхную гістарычную сутнасьць. Гэта трэба і моладзі, і нам, людзям ужо сталага ўзросту, якія ў савецкія часы ня мелі магчымасьці ўсьвядоміць сутнасьць рэлігіі, хрысьціянскіх сьвятаў”
.

Мы ўдзячныя вам, спадар Грамыка, за слушныя і цікавыя прапановы. Абавязкова ўлічым іх у сваіх праграмах.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG