Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія рыбакі і лётчыкі гуляюць зь лёсам у далёкіх краях


Арышт самалійскіх піратаў
Арышт самалійскіх піратаў

Гісторыя захопленага ў палон самалійскімі піратамі рыбака Сяргея Харлана зь Віцебску нагадала лёсы соцень беларускіх маракоў, а таксама лётчыкаў, якія вымушаныя шукаць заробку далёка за межамі роднай Беларусі.

Былы старпом Валянцін Папоў, шмат гадоў адхадзіўшы па морах, таксама жыве ў Віцебску. Захопленага ў палон самалійскімі піратамі земляка Валянцін Папоў асабіста ня ведаў, але адразу выявіў грунтоўныя веды ў справе, якой займаецца Сяргей Харлан — у лоўлі тунца:

“О, тунца вельмі складана лавіць! Яго ловяць на жыўца, на кручок. Ёсьць сам карабель, тунцалоў, а на ім шмат маленькіх лодачак. Вось зь іх і ловяць тунца. Калі тунец заглыне нажыўку, то іншым разам яго цягаюць гэтыя маленькія лодачкі больш за 10 гадзінаў, пакуль канчаткова ня стоміцца. І толькі пасьля гэтага яго цягнуць да тунцалова гэтай шлюпачкай”.

8 гадоў таму, калі Валянцін Папоў хадзіў па морах, кіляграм жывой вагі жаўтапёрага – самага каштоўнага – тунца каштаваў 60 даляраў. Адзін тунец можа важыць 50 і болей кіляграмаў. Здабыча тунца — вельмі складаная, але і добра аплатная праца. Рыбак за пару месяцаў лову можа зарабіць 5 тысяч даляраў, заробкі капітана ў некалькі разоў большыя. За такія грошы, паводле Валянціна Папова, беларускія маракі гатовыя рызыкаваць здароўем і нават жыцьцём. Але ня менш важна, што людзі займаюцца любімай прафэсіяй:

“Гэта элемэнтарна — у нас жа няма флёту. А чалавек любіць сваю працу, любіць займацца сваёй прафэсіяй. Я таксама любіў сваю працу, пакуль працаваў і пакуль здароўе дазваляла”.

Як патлумачыў Валянцін Папоў, за 1990-я гады рыбалавецкі і гандлёвы флёты былога СССР паступова разваліліся і сотні маракоў, якія нарадзіліся ў Беларусі, засталіся бяз працы. Каб лягчэй знайсьці працу, марак збольшага мае два выйсьці: альбо браць расейскае грамадзянства і ісьці на расейскі карабель, альбо ехаць у Прыбалтыку і ўладкоўвацца на замежны карабель праз паўлегальныя кадравыя агенцтвы:

“Можна ўладкавацца. У той самай Латвіі ёсьць адна кантора, якая бярэ каго заўгодна, бо проста робіць ім левыя дакумэнты. Шмат пра гэта казаць ня буду. Я проста ведаю, што такая кантора ёсьць. Але там і заробкі зусім іншыя, і ўвогуле могуць падмануць”.

Паводле Валянціна Папова, Беларусь магла б стварыць свой гандлёвы флёт з прыпіскай да порту расейскага Калінінграду ці латвійскага Вэнтсьпілсу. Таксама можна было б стварыць і свой рыбалавецкі флёт. Болей за тысячу маракоў-беларусаў ходзяць па морах пад сьцягамі іншых краінаў, мяркуе былы старшы памочнік капітана Папоў.

Як і маракі перад рэйсамі, суцэльную мэдычную праверку перад працай за мяжой праходзяць беларускія лётчыкі. Едуць працаваць здаровымі, вяртаецца шмат хто хворы, перажыўшы такія прыгоды, пра якія цяпер ня хочуць згадваць ані самі, ані іхныя сваякі. Натальля з Гомелю — дачка тутэйшага лётчыка, які працаваў у адной з краін цэнтральнай Афрыкі. За грошы, заробленыя бацькам за год працы ў блакітным небе чорнага кантынэнту, купленая кватэра, у якой цяпер жыве Натальля. Жанчына пералічыла небясьпекі, які чакаюць у Афрыцы беларускіх лётчыкаў: могуць зьбіць у небе, могуць абрабаваць на зямлі, могуць узяць у палон і гандляваць чалавекам, як бутэлькай рому, могуць проста пакінуць у доме ў джунглях, але без вады. Ды што заўгодна можа здарыцца!

“Вельмі сьпякотна, і трэба кожны дзень мыць белую кашулю з кароткім рукавом. Бо там ёсьць такая мангавая муха. Калі яна пасядзіць на кашулі і адкладзе лічынку, а ты не прапрасуеш кашулю гарачым прасам, то ёсьць рызыка, што лічынка патрапіць у цела і будзе жэрці цябе знутры. Распавядалі жудасныя гісторыі, як правальваліся косьці ў людзей”.

Бацька Натальлі доўга лячыўся, калі вярнуўся з працы ў Афрыцы. Але выздаравеўшы, зьведаў звычайную для землякоў бяду: ня змог знайсьці сабе тут месца:

“Ён сказаў, што зноў туды паедзе. Для нашай сям’і гэта быў неверагодны стрэс. Бо мы прыклалі столькі сіл, нэрваў, здароўя, каб зрабіць яго зноў нармальным чалавекам, каб ён ня ўздрыгваў пры слове “Афрыка”!”

Шмат хто зь беларускіх спэцыялістаў, якія працавалі ў краінах у зоне ваенных канфліктаў, загінулі альбо зьніклі бязь вестак. Гэтак у 2007 годзе ў Самалі быў зьбіты беларускі ІЛ-76, які прыляцеў на дапамогу другому беларускаму самалёту, пашкоджанаму баевікамі. У выніку загінулі 11 беларускіх лётчыкаў. У сярэдзіне 1990-х гадоў над Цэйлёнам, у зоне ваеннага канфлікту, зьнік самалёт Ан-24 зь беларускім экіпажам. Лёсы беларусаў дагэтуль невядомыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG