Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Петрушэнка: Топ Свабоды, серада


Мікалай Петрушэнка
Мікалай Петрушэнка

Лепшыя матэрыялы серады паводле вэрсіі грамадзкага рэдактара тыдня Мікалая Петрушэнкі.

Серада для "Свабоды" стала днём нявыкарыстаных магчымасьцяў. Гэта ня значыць, што журналісты працавалі дрэнна ці ня выявілі ініцыятывы. Парадокс – тут якраз наадварот...

На вялікі жаль, тэма грыпу не сыходзіць са СМІ. Застаецца яна на першым месцы і ў маім рэйтынгу. Перавагу я аддаю рэпартажу Галіны Абакунчык – “У аптэках па-ранейшаму ажыятаж і няма лекаў”. Журналістка "Свабоды" бярэ тут пасьлядоўнасьцю – ідзе туды, адкуль раней ужо вяла свой рэпартаж, і вядзе за сабой радыёслухачоў. У рэпартажы – факты: глядзіце, гэта не эпідэмія грыпу, гэта бязглуздасьць дзяржавы. Нават марлевых павязак не нашылі, запасу вітаміну С няма...

Аптэка – гэта люстэрка, якое ўлада накшталт крылоўскай гераіні ня можа нават разьбіць.

Сп. Лукашэнка вось нават заявіў, што сьвіны грып прыдумалі імпэрыялісты-манапалісты дзеля прыбыткаў. Ягоны ўкраінскі калега запрасіў дапамогі ў Эўропы, а наш як Дон Кіхот змагаецца зь ветракамі. Хоць тут апошняе слова належыць павінна санітарнаму ўрачу.

А што дае "Свабода"? Журналіст спакойна запісаў размову з дэпутатам ПП, які прызнаецца, што ў гэтай крытычнай сытуацыі абвастрэньня эпідэміі яго не інфармавалі аб лічбах . І гэта – намесьнік старшыні камісіі, якая кантралюе Міністэрства аховы здароўя. Мы, вядома ня маем уплыву на дэпутатаў, бо фактычна іх не выбіраем, але журналіст мусіў як мінімум задаць гэтаму чыноўніку вострае пытаньне наконт ягонай кампэтэнтнасьці. Не спытаўся… І не нагадаў, да прыкладу, пра ягоны зусім немалы заробак. І дарма: людзі такую канкрэтыку любяць і чакаюць яе ад СМІ.

Вось чаму аддаю другое месца матэрыялам “Час візыту Лукашэнкі ў Польшчу яшчэ не надышоў" і “Лукашэнка: "Па-сьвінячы сёньня пішчыць увесь сьвет".

І зноў-такі, шкада, што свабодаўцы не зьвярнулі належнай увагі на такую падзею, як паездка Лукашэнкі на Ўкраіну. А тут якраз трэба слухаць і слухаць. Нагадаю: некалі наш гаварыў украінскім журналістам – мы дзьве дзяржавы, Расею за горла можам узяць!

Трэцяе месца за сюжэтамі “Горадня: гісторыя каханьня ад Вайцюшкевіча” і “Паэт Бедарусі – Анатоль Сыс”.

Сыс – мой зямляк. Я яго пры жыцьці ня ведаў. Але ж вельмі добра ведаю мясцовую вэртыкаль. Яна й на могілках вызначылася... Мо варта было б пра тое дзікунства больш шырока распавесьці ў свабодаўскім рэпартажы. І больш вершаў. І прабачэньні ўсім радыёслухачам за тое, што наша радыё неяк не заўважыла тыдзень Коласа.

Чацьвертае месца пра самагубствы ў міліцыі

Тыя працэсы, якія ідуць у сілавікоў, – невычарпальная тэма. Патрэбна больш глыбока капаць і капаць журналістам.

Вось "Свабода" паведаміла аб часнаку ў войску. Я пераправерыў факты. У вэрсіі журналіста гучыць так: "Для падвышэньня імунітэту ахоўных сіл арганізму беларускім жаўнерам выдаюць цыбулю і часнык звыш нормы”. Заглянуў на сайт ваеннага ведамства: "Для повышения защитных сил организма военнослужащим дополнительно выдается лук (чеснок) за счет норм овощей суточного довольствия."

Гэта ж дзьве вялікія розьніцы! Тым больш патрэбна гэтую тэзу разьвіваць, бо ў той самы час газэта "Во славу Родины" баданула "Свабоду". Яны нас слухаюць. І мы іх паслухаем, зробім свае высновы.

Уразіў мяне "прафэсіяналізм" экспэрта у радыёперадачы "Нямецкія інвэстары ня могуць адчуваць сябе ў Беларусі, як дома".

Кавалёў нам гаворыць: "Прыватызацыя – гэта заўсёды добра, падчас крызісу, падчас уздыму. Але сапраўды, падчас крызісу цана прадпрыемства ніжэй. Таму мне здаецца, што ўлады ня могуць дамовіцца зь інвэстарам наконт цаны."

Гэта ў якой вышэйшай партыйнай школе яго вучылі, што прыватызацыя заўсёды добра?

Можа ў Гарвардзе? Дык і мы ў вёсцы ня лапцем боршч ядзім. Зараз Інтэрнэт дазваляе чытаць рэфэрат студэнта 3 курсу па тэме прыватызацыі. Там дасьледаваньне больш глыбокае. Гэць яго – рэжым ад прыватызацыі! Неяк няёмка за эканамічны блёк “Свабоды”.

І за сябе – вось аддаю пятае прызавое месца, а сам крытыкую А што рабіць, калі лепшага няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG