Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гародня, вуліца Каліноўскага, 3а



Шыльда свабоды

Гародня, вуліца Каліноўскага, 3а

У гэтым доме ў 1960-я — 1990-я гады жыў пісьменьнік Аляксей Карпюк — актыўны ўдзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху.

Некалькі дзесяцігодзьдзяў пісьменьнік, а ў гады вайны партызанскі камандзір, узрушваў немалы для Беларусі горад. Ім захапляліся. Яго баяліся. Яго чыталі. За ім сачылі. Яго ведалі.

Аляксей Карпюк казаў, што думаў, і тым самым ствараў у Гародні асяродзьдзе праўды і свабоды. Як старшыня Гарадзенскага аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў, Карпюк і памяшканьне для яго выбраў, каб быць сярод людзей, да іх адкрытым. На шляху да вакзалу — у доме Элізы Ажэшкі. Такой моцнай і непакорнай абласной пісьменьніцкай арганізацыі БССР ня ведала. Ядро — Аляксей Карпюк, Васіль Быкаў, Данута Бічэль-Загнетава, і побач шмат таленавітай моладзі, якая ў іх вучылася і рамяству, і сумленьню, і дысыдэнцтву. Успамінае пісьменьніца Вольга Іпатава:

“Ён даваў нам пачытаць забароненага Салжаніцына, беларускіх эміграцыйных пісьменьнікаў, што было зусім строга забаронена, раздрукоўкі перадач Радыё Свабода. І ўсё гэта мы чыталі. Была такая гісторыя — мне далі пачытаць на дзьве ночы нешта, а я прачытала за ноч і дала на другую ноч твор аднаму маладому паэту (ня буду называць ягонага прозьвішча, бо ён ужо перамяніўся). Калі КДБ на яго націснуў, ён шчыра сказаў, што дала Вольга. А паколькі я жанчына, дык я сказала яму, што мне гэта Карпюк даў, я даю табе, толькі вярні. І ён нас, можна сказаць, прадаў. І Карпюк меў вялікую непрыемнасьць. Яго трэсьлі за гэта”.

Супраць Карпюка сфабрыкавалі справу, быццам ён супрацоўнічаў зь немцамі ў канцлягеры, яго цкавалі КДБ і партыйнае начальства. Кожны выступ Аляксея Карпюка на зьездах Саюзу пісьменьнікаў у Менску спараджаў імгненную рэакцыю ў Гародні. Яго называлі ідэалістам, змагаром, вар’ятам. Ягоныя прамовы былі ня толькі пра літаратуру. Пісьменьнік прыводзіў факты здушэньня свабоды, безгаспадарчасьці ў вобласьці. Гэта былі выступы пра тое, як нельга жыць.

Калі часы зьмяніліся, Карпюк не заняў высокай пасады, яго творы не выходзілі надзвычайнымі накладамі. Але ў павароце краіны да свабоды на пачатку 1990-х была энэргія няўрымсьлівага праўдалюбца з Гародні.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG