Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іране адбыліся сутычкі апазыцыі з паліцыяй


Антыамэрыканская дэманстрацыя ў Тэгеране
Антыамэрыканская дэманстрацыя ў Тэгеране

Іранская апазыцыя адзначыла нацыянальны дзень барацьбы супраць сусьветнага імпэрыялізму дэманстрацыяй пратэсту супраць перавыбраньня Махмуда Ахмадзінэжада прэзыдэнтам краіны.


Сёньня сотні прыхільнікаў апазыцыйнага іранскага лідэра Мірхусэйна Мусаві ізноў пратэставалі супраць перавыбраньня Махмуда Ахмадзінэжада прэзыдэнтам краіны. Людзі выйшлі на вуліцы з плякатамі "Сьмерць дыктатарам!". Каб разагнаць акцыю, паліцыя ўжыла сьлезацечны газ. У Тэгеране затрыманыя некалькі актывістаў апазыцыі.

Адначасова сёньня ў Тэгеране праходзяць афіцыйныя мерапрыемствы з нагоды 30-х угодкаў з дня захопу пасольства ЗША. У прыватнасьці, перад будынкам былой дыпляматычнай місіі традыцыйна быў арганізаваны шматтысячны антыамэрыканскі мітынг.

Пры гэтым іранскія ўлады папярэджваюць, што акрамя афіцыйных, усе астатнія акцыі будуць лічыцца незаконнымі. Паліцыя заяўляе, што выкарыстае «ўсю сілу» для процідзеяньня беспарадкам. Камандзір сіл бясьпекі Тэгерану Мухамад Рэза Аліпур заявіў, што правядзеньне дэманстрацый 4 лістапада будзе дазволена толькі перад «шпіёнскім логавам» ЗША ў Тэгеране, а праведзеныя ў іншых месцах дэманстрацыі будуць лічыцца незаконнымі, і паліцыя ўжыве цьвёрдыя меры ў выпадку неабходнасьці, паведамляе агенцтва ISNA.

Кожны год 4 лістапада ў Іране адзначаецца нацыянальны дзень барацьбы супраць сусьветнага імпэрыялізму. Менавіта ў гэты дзень у 1979 годзе студэнты-ісламісты, якія звалі сябе "вучнямі аяталы Хамэйні", на падставе таго, што дыпляматычная місія ЗША зьяўляецца "гняздом шпіянажу і змоў супраць Ірану", узялі штурмам будынак пасольства ЗША.

Выпусьціўшы жанчын, чарнаскурых і неамэрыканцаў, яны пакінулі 52 чалавекі, што знаходзіліся ў закладніках на працягу 444 дзён. Захопнікі патрабавалі вярнуць шаха, які павінен быў паўстаць перад судом, вярнуць накрадзеную шахам маёмасьць іранскаму народу, прынесьці афіцыйныя выбачэньні за дзеяньні амэрыканцаў у Іране ў мінулым і паабяцаць ня ўмешвацца ў яго ўнутраныя справы ў будучыні.

У адказ на дзеяньні фундамэнталістаў прэзыдэнт ЗША Джэймс Картэр неадкладна распарадзіўся замарозіць усе іранскія актывы ў амэрыканскіх банках. Нягледзячы на энэргетычны крызіс, было абвешчана пра ўводзіны эмбарга на іранскую нафту.

Адносіны паміж краінамі былі разарваныя, і ўсім іранскім дыпляматам было прадпісана пакінуць ЗША на працягу 24 гадзін. У красавіку 1980 гады ЗША ўзмацнілі жорсткасьць мераў супраць Ірану і ўвялі поўнае эканамічнае эмбарга.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG