Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістаў не пускаюць у шпіталі і вінавацяць, што яны сеюць паніку


У менскія шпіталі не пускаюць журналістаў – нават тых, якія працуюць у дзяржаўных медыях. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, з мэдработнікаў узялі падпіску аб неразгалошваньні інфармацыі, якая тычыцца захворваньняў на грып.

У менскія шпіталі № 5 і № 6 не пусьцілі журналістаў першага дзяржаўнага тэлеканалу, якія спрабавалі даведацца пра сытуацыю з усплёскам захворвальнасьці. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, менавіта ў лякарні № 5 некалькі чалавек памерлі ад невядомай формы пнэўманіі. Але і сёньня ў гэтых лякарнях не хацелі гутарыць з журналістамі, кіраўнікі абедзьвюх лякарняў былі ў камандзіроўках. Алена Сотнікава, якая замяняе галоўнага лекара, сказала:
журналісты мяне ўчора так пакрыўдзілі, што я ня буду размаўляць ...

“Вы ведаеце, журналісты мяне ўчора так пакрыўдзілі, што я ня буду размаўляць. Літаральна ледзь сваёй камэрай не прыстукнулі. Такія дзіўныя паводзіны ў журналістаў вакол прафэсійнага аказаньня дапамогі. Прабачце, праз тэлефон я ня буду размаўляць”.

Галіна Чайкоўская, якая адказвае ў лякарні № 5 за ідэалёгію, параіла зьвяртацца да адміністрацыі. Яна сказала, што Міністэрства аховы здароўя не давала ўказаньняў адмаўляць у інфармацыі.
мэдыкі ня маюць права даваць ніякую інфармацыю ніякім людзям, апроч запытаў пракуратуры, Міністэрства аховы здароўя і гэтак далей ...

“Па любым факце звароту людзей ва ўстанову аховы здароўя ёсьць закон аб ахове здароўя. Там вельмі ясна напісана, што мэдыкі ня маюць права даваць ніякую інфармацыю ніякім людзям, апроч запытаў пракуратуры, Міністэрства аховы здароўя і гэтак далей. Гэта запісана ў законе аб ахове здароўя. І вельмі дзіўна, што ўвесь гэты ажыятаж... Ёсьць людзі, якія ня хочуць, каб нехта ведаў, што яны зьвярталіся ў клініку, і могуць прыцягнуць нас да суду. Таму зусім незразумелая пазыцыя вывуджваньня, вышукваньня, чаму ня хочам даць адказ. Ёсьць закон”.

Лілія Прасмыцкая, якая выконвае абавязкі галоўнага лекара шпіталя № 6, папрасіла ператэлефанаваць пазьней, але слухаўку больш не здымала цягам дня. Гэта знаёмы прыём, які выкарыстоўваюць чыноўнікі, каб пазьбегнуць пытаньняў журналістаў. Адказная за ідэалёгію ў гэтай лякарні Сьвятлана Саховіч абураная тэлерэпартажам па БТ.
на ўсю краіну паказваюць твае ногі ...

“Калі здымаюць цябе схаванай камэрай і на ўсю краіну паказваюць твае ногі. І перакручваюць тую інфармацыю, якую атрымалі”.

На пытаньне, ці насамрэч з мэдработнікаў узялі падпіску аб неразгалошваньні інфармацыі, якая тычыцца захворваньняў на грып, спадарыня Саховіч сказала:

“Я вельмі не люблю, калі кажуць невядомыя рэчы невядомыя крыніцы. Я вам з поўнай адказнасьцю заяўляю, што ніхто ніякай падпіскі ня браў. Я асабіста ніякай падпіскі не давала. Гэта наогул нейкая поўная дур”.

Тым часам прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя пачалі вінаваціць журналістаў у тым. што тыя нібыта сеюць паніку. У міністэрстве сказалі, што прэсавы сакратар цяпер на бюлетэні.

Камэнтуючы сытуацыю, намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец сказаў:

“Гэтыя ажыятаж і паніку ствараюць ня мэдыі, а гэтая практыка закрыцьця дзяржавай грамадзка значнай інфармацыі. Адсюль ідзе недавер да афіцыйнай інфармацыі.
ўсё накіравана на тое, каб людзі атрымлівалі толькі тую інфармацыю, якая адцэнзуравана...

Апошнім часам мы наагул бачым у Беларусі тэндэнцыю закрыцьця інфармацыі дзяржаўнымі органамі ад СМІ. Яшчэ год таму былі ўнесены зьмены ў заканадаўства аб дзяржслужачых, якія забаранілі ім даваць камэнтар у СМІ без узгадненьня з кіраўніцтвам органа. На пачатку гэтага году зьявіўся ўказ прэзыдэнта, які ўсе кантакты СМІ зь дзяржаўнымі органамі, прадпрыемствамі зьвёў да сувязі праз прэсавых сакратароў і гэтак далей, якія падпарадкоўваюцца кіраўніку органа, дзейнасьць якіх маніторыць адміністрацыя прэзыдэнта. Мы бачым, што ўсё накіравана на тое, каб людзі атрымлівалі толькі тую інфармацыю, якая адцэнзуравана і якая павінна быць карыснай для дзяржавы. Я думаю, гэтыя дзеяньні былі зроблены ў зьвязку з эканамічным крызісам. Але мы бачым: калі мяняецца эпідэміялягічная сытуацыя, гэтыя нормы таксама могуць быць узгаданыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG