Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз дваццаць гадоў улада прызнала Курапаты


У газэце “Советская Белоруссия” выйшаў артыкул “Курапаты: мір пад соснамі”, у якім цяперашняя ўлада афіцыйна прызнае, што ў Курапацкім лесе расстрэльвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Як ставяцца да гэтага гісторыкі, абаронцы Курапатаў і былыя палітвязьні?

Такое прызнаньне ў галоўнай дзяржаўнай газэце адбылося амаль праз 21 год пасьля публікацыі вядомага артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты — дарога сьмерці”. Паводле галоўнага рэдактара газэты прэзыдэнцкай адміністрацыі Паўла Якубовіча, “прыйшоў час моцна і ясна сказаць: Курапаты — гэта могілкі агульнанацыянальнага маштабу”. У Беларусі багата мэмарыялаў, зьвязаных ня толькі з гераічнымі, але і з трагічнымі вехамі агульнай гісторыі — “Курапаты зь імі ў жалобным шэрагу”. Камэнтуючы гэта, археоляг Мікола Крывальцэвіч адзначыў:

Мікола Крывальцэвіч
“Добра, што прызнаецца сам факт таго, што органамі НКВД праводзіліся расстрэлы ва ўрочышчы Курапаты. Хаця, безумоўна, сам факт даўно быў устаноўлены. І тут праблема прызнаньня-непрызнаньня была палітычная. Сам факт прызнаньня варты ўвагі. Разам з тым зразумела, што ёсьць людзі, якія павінны несьці адказнасьць за тое, што стваралі вакол Курапатаў атмасфэру непрызнаньня, недаверу да экспэртаў, стваралі міт, што там нібыта немцы стралялі. Яшчэ такі важны аспэкт, як падкрэсьліваньне таго, што там роля Зянона Пазьняка ў адкрыцьці Курапатаў была як бы мінімальная. Хаця асноўная роля, безумоўна, яму належыць, як грамадзяніну зь ягонай пазыцыяй адкрытай і зразумелай і з самім фактам настойлівага прапанаваньня пошукаў і ўшанаваньня гэтага месца як месца масавых расстрэлаў. Гэта было вядома менавіта яму яшчэ з 70-х гадоў”.

Спадар Крывальцэвіч лічыць важным правесьці далейшыя навуковыя дасьледаваньні. І тут зноў паўстае палітычная праблема: найперш — адкрыцьця архіваў і доступу дасьледчыкаў да іх, публікацыі матэрыялаў расьсьледаваньняў вакол Курапатаў і высьвятленьня іншых месцаў расстрэлаў у Беларусі. Таксама неабходна аднавіць працу групы дасьледчыкаў у Інстытуце гісторыі, якая займалася праблематыкай палітычных рэпрэсій.

Паводле выканаўцы абавязкаў старшыні партыі КХП-БНФ Юрася Беленькага, ня варта ў гэтыя дні згадваць газэту і яе кіраўнікоў, якія служаць рэжыму:

Юрась Беленькі
“Падзея, якая адбылася ў 1988 годзе, адкрыцьцё Курапатаў для сьвету Зянонам Пазьняком, яго прафэсійная праца разам з астатнімі археолягамі, здабыцьцё доказаў, апытаньне людзей, рушаньне людзей у гэтае месца, разгон уладамі, візыт прэзыдэнта ЗША Клінтана ў гэтае месца, яго мэмарыялізацыя, спробы зьнішчыць гэтае месца, спробы хлусіць — гэта ўсё адбывалася цягам апошніх 20 гадоў. Але тэндэнцыя была такая: усё больш людзей у сьвеце ведаюць пра Курапаты, прыходзяць у Курапаты. Гэта назіраюць нашы сябры партыі, якія ўдзельнічаюць у талоках ці прыходзяць туды. Прыяжджаюць дэлегацыі ня толькі з Эўропы, нават з азіяцкіх краінаў. І гэты працэс ідзе па нарастаючай, яго не спыніць. Напэўна, у гэтым ёсьць Божая ласка. Пасьлязаўтра адбудзецца крыжовы шлях на Курапаты, праз увесь горад мы будзем несьці крыжы. Гэтыя крыжы будуць усталяваны на гэтым сьвятым для беларусаў месцы. І перад гэтым рушаньнем, маючы такі свой настрой у сэрцы, ня хочацца нават узгадваць пра людзей, якія шмат гадоў хлусілі пра Курапаты, якія шмат гадоў рабілі зло, а не дабро. Ня хочацца згадваць пра тых людзей, якія ня маюць Бога ў душы, якія ня вартыя таго, каб пра іх гаварылі. Давайце лепш у гэтыя дні пагаворым пра маючае адбыцца рушаньне беларусаў на Курапаты, пра тое, што, мы, беларусы, мусім зьяднацца праз Курапаты, праз гэты шлях. Каб болей прыйшло людзей на гэтае шэсьце, каб быў адпаведны настрой. Каб у Курапатах гучалі патрэбныя нам, беларусам, словы, каб была малітва. Каб было сапраўднае ўшанаваньне памяці нашых продкаў тымі людзьмі, якія сапраўды чыстыя сэрцам“.

Гісторык Ігар Кузьняцоў адзначае, што “Советская Белоруссія” маўчала цягам 15 гадоў, нібы набраўшы вады ў рот. Таму гэтая публікацыя была нечым вымушаная:

Ігар Кузьняцоў
“Яна проста замоўчвала гэтую праблему. Ва ўмовах сёньняшніх зьменаў у стасунках з Эўразьвязам паводле прынцыпу — вы зробіце гэта, а мы гэта, — я думаю, гэта спрацавала на апераджэньне. Будзе козыр, з дапамогай якога можна весьці лягчэй перамоўны працэс. Адзінае, што насьцярожвае. Круглы стол адбыўся на прыканцы траўня — пачатку чэрвеня. То бок матэрыялы апублікаваныя праз 5 месяцаў. Але тую частку грамадзтва, якая ўсё гэта хавала і патрабавала прызнаць нямецкі сьлед падчас першага і другога расьсьледаваньня, якое ваенная пракуратура праводзіла ў 1997 годзе, галоўны рэдактар галоўнага органа адміністрацыі называе артадоксамі.

Для грамадзкасьці гэта важны крок. Мы даўно яго чакалі. Прызнаўшы Курапаты, наступным крокам трэба прызнаць, што ў 47 населеных пунктах праводзіліся расстрэлы, што на тэрыторыі Беларусі больш за сто месцаў расстрэлаў, на тэрыторыі Менску — больш за 10. Гэта важны этап, зь якога гэта праца павінна пачацца. Як атрымаецца — час пакажа”.

У артыкуле згадваюцца й “юныя, гарачыя валянтэры, якія бясстрашна кідаліся пад колы абыякавых грэйдэраў, што пашыралі дарогу” праз Курапацкі лес. Сярод абаронцаў Курапатаў быў і былы палітвязень, лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч. Ён лічыць, што цяперашнія ўлады пакуль ня здольныя асудзіць палітычныя рэпрэсіі:

Зьміцер Дашкевіч
“Малады фронт якраз быў пачынальнікам варты ў абарону Курапатаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. Гэта стала буйной і сур’ёзнай акцыяй дэмакратычных сілаў, у якой яны атрымалі перамогу, абараніўшы нацыянальны нэкропаль. Што да артыкула ў “Советской Белоруссіі”, то гэта, хутчэй, асабістая пазыцыя Якубовіча. Бо, на вялікі жаль, палітыка ўлады ня сьведчыць пра тое, што ў дзяржавы ёсьць нейкае пераасэнсаваньне тых часоў, калі ў Курапатах і іншых месцах зьнішчаліся людзі. Гэта пакуль кропкавыя моманты прасьвятленьня ў галовах некаторых уладных чыноўнікаў”.

Сяржук Высоцкі
Паводле аднаго з абаронцаў Курапатаў, лідэра Беларускай партыі свабоды Сержука Высоцкага, гаворка ідзе пра лёсавызначальныя пытаньні для беларускага народу.

“Ад таго, як далей адбудзецца высьвятленьне гэтай праўды, мэмарыялізацыя, залежыць заўтрашні дзень беларускага народу. І, урэшце рэшт, ці будзе адбывацца трансфармацыя ўлады. У грамадзтве адчуваецца патрэба зьменаў, новых ідэй, новых рашэньняў. Мэмарыялізацыя Курапатаў — гэта сродак запабегнуць паўтору гэтых падзей у будучым для беларускага народа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG