Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэны адпусьцілі: чаго чакаць у крамах?


Ад сёньня беларускі ўрад адпускае цэны. Згодна з пастановай №141 адмяняецца абмежаваньне гандлёвых надбавак на бальшыню тавараў. Што чакае ад сёньняшняга дня пакупнікоў у крамах? Наколькі скокнуць цэны?

Паводле пастановы, рэгуляваньне цэнаў захаваецца толькі на 50 сацыяльна значных тавараў. Сярод іх, да прыкладу, субпрадукты, пельмені, крывяныя і лівэрныя каўбасы, малако, алей, хлеб, крупы, соль, бульба, цыбуля і нават бананы. А што будзе з астатнімі таварамі? Нагадаем, калі раней улады выключылі з сацыяльна значных паслугі хімчыстак, то ў наступным месяцы тарыфы на іх падскочылі на 50%.

Што ж чакае сёньня пакупнікоў у крамах? На гэта пытаньне начальнік аддзела фінансаў і цэн галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Людміла Русак сказала:

“Не, прабачце, у Менгарвыканкаме ёсьць прэсавы цэнтар і ўсе пытаньні, калі ласка, туды”.

Карэспандэнт: “А вы нічога ня хочаце сказаць?”

Русак: “Не”.

Цэны ў Беларусі адпускаюць па рэкамэндацыі Міжнароднага валютнага фонду, які крэдытуе беларускую эканоміку, каб яна набліжалася да стандартаў нармальнага рынку. Што ж чакаць пакупнікам?
Барыс Жаліба

Эканаміст Барыс Жаліба адзначыў:

“Адназначна, трэба чакаць падвышэньня цэнаў. Але справа ў тым, наколькі яны павысяцца? Ці скокнуць, ці павысяцца паступова? Справа ў тым, што ў нашай эканоміцы слабае канкурэнтнае асяродзьдзе. Гэта галоўны тормаз. Гэтае слабае канкурэнтнае асяродзьдзе можа не спрацаваць альбо спрацаваць ня ў той бок, і мы можам назіраць скачок цэнаў. Гэта небясьпечна для насельніцтва. Я не чакаю, што адразу будзе скачок цэнаў. Бо гандляры таксама прыглядаюцца, калі павысяць цану, ці будзе збыт прадукцыі?Тым больш, што сёньня крызіс і пакупніцкая здольнасьць насельніцтва невысокая. Але тое, што цэны крыху палезуць угору, гэта відавочна. Але потым усё павінна ўсталявацца”.

Таксама спадар Жаліба мяркуе, што наўрад ці паменшацца цэны, да прыкладу, на дарагія імпартныя тавары. Але ён зьвяртае ўвагу на тое, што пастанова павінна вызваляць гандляроў ад страху, бо яна не прадугледжвае ніякага ціску і кантролю.
Сяргей Балыкін

Лідэр Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін мяркуе, што сёньня ў крамах наўрад ці будзе істотны ўзьлёт цэнаў.

“Магчыма, цягам наступнага тыдня нехта і паспрабуе падняць цэны. Але ж я ня думаю, што ў яго гэта атрымаецца, бо канкурэнцыя ўжо дастаткова добра рэгулюе гэтыя цэны. Да таго, насамрэч, у гэтай навіне больш піяру, чым рэальнага сэнсу. Бо абсалютна вольнага цэнаўтварэньня ня будзе. Усё роўна захоўваецца неабходнасьць усялякіх папераў, калькуляцый і гэтак далей. Адзінае, што адмяняюць максымальны памер гандлёвай надбаўкі і нават, каб яе пералічыць, патрэбны тэрмін. Потым, можа, крыху паднімуцца гэтыя цэны. Але ў нас і без таго даволі высокія цэны, і канкурэнцыя іх стрымае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG