Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 жанчын адмовіліся перапісвацца з-за парушэньня правоў


Група жанчын, грамадзянак Беларусі, 26 кастрычніка накіравала зварот Аляксандру Лукашэнку. У звароце жанчыны заяўляюць, што адмовіліся ад удзелу ў перапісе насельніцтва з-за парушэньня сваіх правоў.

Ліст падпісалі 29 жанчын зь Менску, Салігорску, Віцебску, Наваполацку і Бабруйску. Яны або самі пацярпелі ад асабліва цяжкіх злачынстваў, або ня згодныя з рашэньнямі судоў па сваіх грамадзянскіх справах ці крымінальных справах сваіх блізкіх, паведаміла БелаПАН жыхарка Віцебску Марына Данілава.

У звароце жанчыны пішуць, што цягам апошніх гадоў яны спрабуюць рэалізаваць сваё права на атрыманьне ад чыноўнікаў суду і пракуратуры адказаў па сутнасьці, ад якіх залежыць іхні лёс і лёс іх блізкіх.

“Каб прыцягнуць увагу дзяржавы і грамадзтва да праблемы адпісак, мы 18 разоў зьвярталіся да прэзыдэнта, у тым ліку праз СМІ, а таксама правялі дзясяткі акцый. Штомесяц мы прыходзім на прыём да старшыні
Мы ходзім па коле: суд — пракуратура — Міністэрства юстыцыі — Міністэрства ўнутраных спраў — Адміністрацыя прэзыдэнта.
Вярхоўнага суду і генэральнага пракурора, аднак чыноўнікі адмаўляюцца рашаць гэтую праблему. Дзяржаўныя службоўцы суду і пракуратуры занялі “кругавую абарону” і працягваюць даваць адпіскі, бо ўпэўненыя ў сваёй беспакаранасьці. А мы ходзім па коле: суд — пракуратура — Міністэрства юстыцыі — Міністэрства ўнутраных спраў — Адміністрацыя прэзыдэнта. Мы як на іпадроме вядзем гэты бясконцы марш”, — гаворыцца ў звароце. Ягоныя аўтары заяўляюць: “Паколькі дзяржава не зьвяртае ўвагі на нашыя правы, мы адмовіліся ўдзельнічаць у перапісе насельніцтва”.

Паводле Марыны Данілавай, яе сын Аляксандар Корсак у 2007 годзе асуджаны на 23 гады пазбаўленьня волі за забойства стрыечнага брата і ягонай дзяўчыны “з прычыны асабістых непрыязных адносін”. “Бацька забітага ня верыць, што трагедыя адбылася зь віны пляменьніка, зьвяртаецца ў органы суду і пракуратуры, патрабуючы перагляду крымінальнай справы. Аднак на свае аргумэнты пра павярхоўнае расьсьледаваньне абставін трагедыі бацька забітага атрымлівае толькі фармальныя адпіскі”.

Юрыст Тамара Сяргей адзначыла, што ў адпаведнасьці з арт. 2 Канстытуцыі Беларусі “Дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэньне ўмоў для свабоднага і годнага разьвіцьця асобы”. Такім чынам, паводле юрысткі, перш чым патрабаваць выконваць законы ад грамадзянаў, дзяржаўныя служачыя абавязаны самі дакладна іх трымацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG