Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паломніцтва ў памежную зону да Каліноўскіх


У нядзелю ў Сьвіслачы і Якушоўцы Гарадзенскай вобласьці актывісты палітычных партый, грамадзкіх і моладзевых арганізацый, проста грамадзяне ўжо 14-ты раз ушаноўвалі памяць паўстанцаў 1863 года.

Упершыню да сядзібы Каліноўскіх дабіраліся пехатою - сядзіба Каліноўскіх апынулася ў памежнай зоне

У Сьвіслачы сабраліся сёньня традыцыйна гарадзенцы, менчукі, актывісты са Слоніму, Ваўкавыску, Мастоў і іншых гарадоў Беларусі з тым, каб ушанаваць памяць братоў Каліноўскіх і паўстанцаў 1863 году.

Са Сьвіслачы калёна машын накіравалася ў Якушоўку, на месца, дзе знаходзілася сядзіба Каліноўскіх. Перад уездам у вёску Раманаўцы ўсе машыны спыніліся, высьветлілася, што тут зрабілі памежную зону і ўехаць можна толькі па адпаведных дакумэнтах.

Людзі выйшлі з машынаў і аўтобусаў і праз балота, па мастку праз рэчку, недзе з кілямэтар зь песьнямі пад гітару ішлі да сядзібы Каліноўскіх. Дарэчы, моладзь сьпявала “Паветраны шар” Лявона Вольскага. Такое за 14 гадоў было ўпершыню. А малады спадар, што рассыпаў салетру на сваім гародзе, пабачыўшы бел-чырвона-белы сьцяг, закрычаў здалёк: “Жыве Беларусь!”

Пытаюся ў актывіста БНФ са Слоніму Івана Шэгі, як яму падабаецца такая прагулянка.

“Неяк і настрой іншы, калі сам даходзіш сюды пешшу па гэтых гістарычных сьцежках. Гэта нават лепей, чым мы пад’яжджалі сюды на машынах. Бачыце, улада, усё робіць, каб нам было лепей”, - сьмяецца ён.

Юры Глебік, актывіст БНФ са Сьвіслачы, выглядае трошкі ўсхваляваным, просіць, каб хлопцы дапамаглі дзяўчатам прайсьці праз мосьцік. Пытаюся, якія ягоныя ўражаньні ад нашага пешага падарожжа.

“Такое ўражаньне, нібыта нейкія паломнікі сюды ішлі. Калёна расьцягнулася на некалькі сотняў мэтраў. У мяне нейкія ўзьнёслыя ўражаньні ад гэтага. Першы раз такое, што да Каліноўскага ішлі пехатою, людзі і набіраліся тут моцы, натхненьня і творчага і жыцьцёвага”, ­ кажа Глебік.

У Якушоўцы ўсклалі кветкі да крыжа, узгадвалі паўстаньне 1863 году, прасьпявалі паўстанцкія песьні, шмат фатаграфаваліся, сказалі пра Віктара Трашчановіча, Дзіму Кісяля, Юрася Мацко, якія ўсталявалі тут крыж і заклалі гэтую традыцыю: штогод ушаноўваць у Сьвіслачы і Якушоўцы памяць паўстанцаў.

Я запытаўся Юрася Мацко, які сьціпла стаяў збоку і слухаў выступы – пра што яму цяпер думаецца?

“Калі мы займаліся гэтай справай, то нават ня думалі, што гэта стане традыцыяй і такім паломніцтвам. Мы тады зрабілі, што трэба было зрабіць: усталявалі крыж, адрамантавалі другі. А цяпер сюды штогод прыяжджаюць людзі – мяне гэта вельмі цешыць, як беларуса, як патрыёта”, - падзяліўся думкамі Юрась.

Пасьля ўсе вярнуліся ў Сьвіслач: у цэнтры гораду ўсклалі кветкі да помніка Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту, а затым наведалі магілу Віктара Каліноўскага, дзе таксама ўсклалі кветкі і засьпявалі “Магутны Божа”.

Увесь час паломнікаў, як яны самі сябе сёньня назвалі, суправаджалі міліцыянты і людзі ў цывільным, фільмавалі падзеі на камэру. І увесь час за калёнай езьдзіў мікрааўтобус з АМАПам. Праўда, урачыстасьці адбыліся без інцыдэнтаў.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG