Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбух на газаправодзе ў Літве


Выбух на магістральным газаправодзе ў Шырвінцкім раёне Літвы, што за 50 кілямэтраў на поўнач ад Вільні, адбыўся раніцай 24 кастрычніка, паведамляе інтэрнэт-рэсурс Delfi.lt.

Пра выбух і вялікае полымя каля вёскі Мяджукай мясцовым пажарным паведамілі ў 6.28. Паводле слоў пажарных, полымя было такім вялікім, што яго можна было ўбачыць на адлегласьці некалькіх дзясяткаў кілямэтраў. Пра пажар паведамлялі і экіпажы самалётаў. Загарэлася каля 10 гектараў лесу.

Пажарныя, якія прыбылі на месца, не маглі пачаць тушэньне пажару. У газаправодзе дыямэтрам прыкладна мэтар спачатку апусьцілі заслоны і чакалі, калі выгарыць газ, які сабраўся на ўчастку даўжынёй каля аднаго кілямэтра. Аварыя лакалізавана, людзі не пацярпелі, пастаўкі газу не парушаны.

"Не выключаецца ні адна з вэрсіяў надзвычайнага здарэньня, аднак асноўная — выбух па тэхнічных прычынах", — сказаў міністар унутраных спраў Раймундас Палайціс пасьля нарады, якую правялі на месцы аварыі.

Паводле яго слоў, улады зьвярнуліся па дапамогу да інжынэрных часьцей арміі, бо розным службам складана прабрацца да месца аварыі, якое знаходзіцца ў забалочанай мясцовасьці.

Месца здарэньня агароджана. У радыюсе некалькіх кілямэтраў ад месца выбуху спынены рух.

Інжынэр дыспэтчарскай кампаніі Lietuvos dujos Юрый Лубінскі сказаў Літоўскаму радыё: "Участак, на якім адбыўся выбух, адключылі, аднаўляюцца пастаўкі газу. Паўночную частку будзем падсілкоўваць з Латвіі, а ўсю паўднёвую — зь Беларусі. Ні жыхары, ні вялікія кампаніі не адчуюць перабою з пастаўкай газу. Дакладны ўрон яшчэ падлічваецца".

На месца здарэньня павінны прыехаць сапёры, таму што яны, паводле правілаў, павінны агледзець месца выбуху.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG