Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лібэралізацыя. Без ананімных даносаў


Блізу дзясятка прадстаўнікоў міністэрстваў эканомікі, прамысловасьці, падаткаў і збораў тлумачылі сёньня журналістам, як адбываецца лібэралізацыя ўмоваў эканамічнай дзейнасьці ў Беларусі, а таксама тое, як да разгрузкі складаў прыцягваюцца юрыдычныя і фізычныя асобы. Ці дастатковыя захады ведамстваў для таго, каб казаць пра сапраўдную лібэралізацыю?

Прадстаўнік Міністэрства прамысловасьці Ўладзімер Дзямко расказаў пра тое, як камэрсанты дапамагаюць прадпрыемствам разгружаць затавараныя склады:

“Устойлівыя двухбаковыя сувязі цяпер маюць да 30% прадпрыемстваў Мінпраму. У апошні час прынятае даволі нядрэннае рашэньне Менскім трактарным заводам. МТЗ дае магчымасьць як фізычным, так і юрыдычным асобам набываць іх прадукцыю, у прыватнасьці трактары, з растэрміноўкай плацяжу да 1 году.
Устойлівыя двухбаковыя сувязі цяпер маюць да 30% прадпрыемстваў Мінпраму.
Адразу робіцца перадаплата 25%, а потым праз два месяцы пачынаецца аплата астатняй часткі. Аналягічнае рашэньне нядаўна прынятае і Менскім аўтазаводам: яно дазваляе набываць машыны ў лізінг пад 9% ад кошту штогод. Тэрмін — да пяці гадоў, першапачатковы ўнёсак — блізу 20%. Але як у першым, так і ў другім выпадку патрабуецца нейкая гарантыя платаздольнасьці”.

Дырэктар дэпартамэнту прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі Аляксандар Ліхачэўскі ўдзел прадпрымальнікаў у разгрузцы складзкіх запасаў лічыць важным, але пакуль не такім масавым, як таго хацелася б:

“Маніторынг удзелу суб’ектаў прадпрымальніцтва ў рэалізацыі тавараў за першыя дзьве дэкады кастрычніка паказаў, што доля запасаў гатовай прадукцыі ў агульным аб’ёме рэалізацыі па краіне склала 8,2%. Найбольшая ўдзельная вага прадукцыі, адгружанай суб’ектам прадпрымальніцтва, мае месца на прадпрыемствах, падведамасных Гарадзенскаму і Менскаму аблвыканкамам — адпаведна, больш за 31% і блізу 29%. Найменшая — па канцэрне “Белнафтахім” і Менскім гарвыканкаме: 0,8% і 1,3%”.

Ад 1 студзеня 2010 году набывае моц прэзыдэнцкі ўказ № 510, які, на думку дзяржаўных органаў, павінен дадаць аптымізму прадпрымальнікам. Як зазначыў Валерый Захараў, намесьнік начальніка юрыдычнага ўпраўленьня Міністэрства эканомікі, перадусім лібэралізацыя закране працэдуру праверак прадпрымальніцкай дзейнасьці, ад якіх шмат гадоў пакутуе асноўная частка гандляроў усіх узроўняў. У прыватнасьці, перастане служыць падставай да праверкі заява ананімнага “добразычліўца” — практыка, якая цяпер квітнее:

“Указам вызначаны адзіны парадак ажыцьцяўленьня кантрольнай і нагляднай дзейнасьці ў Беларусі на падставе прынцыпова новых падыходаў. Так, вызначаны закрыты пералік усіх органаў кантролю і нагляду, а таксама іхныя сфэры кантролю і нагляду. Органы, ня ўключаныя ў пералік, праводзіць праверкі суб’ектаў гаспадараньня ня змогуць (апроч выпадкаў, наўпрост прадугледжаных пунктам 21 указу). Пры гэтым дадзены пералік сфармаваны на падставе канкрэтных паўнамоцтваў органаў кантролю, вызначаных у дзейных заканадаўчых актах — то бок законах, дэкрэтах, указах. Пунктам 4 указу вызначаная забарона на правядзеньне праверкі наноў зарэгістраваных суб’ектаў гаспадараньня цягам 2 гадоў ад моманту іх дзяржрэгістрацыі, то бок — усталяваны 2-гадовы мараторый”.

За гэтым дакумэнтам павінен быць зроблены наступны крок — лібэралізацыя Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях.
Адзіны ўдзельнік сёньняшняй прэс-канфэрэнцыі, які ня меў статусу дзяржаўнага службоўца, — кіраўнік Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Калінін. Ён адзначыў, што за зьнешнім фасадам лібэралізацыі заканадаўства яшчэ хаваецца шмат недаробак, прыхаваных ад недасьведчанага вока:

“За гэтым дакумэнтам павінен быць зроблены наступны крок — лібэралізацыя Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях. Таму што, на наш погляд, ён вельмі жорсткі, шэраг нормаў маюць карны характар, некаторыя артыкулы проста адпуджваюць нашых грамадзянаў ад заняткаў прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Лічым неабходным скасаваць, у прыватнасьці, артыкул 23.17, які прадугледжвае штраф у памеры 10% за тэхнічныя памылкі пры афармленьні адпаведных дакумэнтаў. Такая норма зараз ужо папросту супярэчыць духу ўказу № 510”.

Аляксандар Калінін таксама выказаў сваё меркаваньне наконт таго, чаму дзелавыя людзі не зусім ахвотна адгукаюцца на заклікі сумесна разгружаць заваленыя прадукцыяй склады беларускіх прадпрыемстваў:

“Што тычыцца працы на прыцягненьне прадпрымальнікаў да рэалізацыі беларускай прадукцыі, то адпаведны 477-ы ўказ выклікаў вялікую цікавасьць у прадпрымальніцкім асяродзьдзі. На жаль, падчас працы над гэтым указам не ўдалося пераканаць урад аб увядзеньні права наймаць работнікаў для тых, хто будзе займацца экспартам. Таму ўзьнікае інэртнасьць у разьвіцьці сытуацыі з ужываньнем нормаў гэтага ўказу, бо людзям, па сутнасьці, трэба кінуць свой бізнэс і пераключыцца на новы. То бок, калі яны тут гандлявалі, значыць — прыняць рашэньне пра тое, што яны ўжо не гандлююць унутры Беларусі, а вывозяць тавар за межы краіны”.

Разам з тым Міністэрства эканомікі абяцае прадпрымальнікам спрасьціць іхную дзейнасьць. Паводле прадстаўніка ведамства Аляксандра Ліхачэўскага, да канца году чакаецца ўказ аб скасаваньні ў Беларусі ліцэнзаваньня асобных відаў дзейнасьці. Цяпер дакумэнт дапрацоўваецца згодна з распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі пераглядзець існуючы пералік у бок яго пашырэньня. Аднак, на думку экспэртаў, наўрад ці зь ліцэнзійнага сьпісу зьнікнуць такія стратэгічныя віды дзейнасьці, як пастаўка нафтапрадуктаў, гандаль алькаголем, тытунём, рыбай, лесам і г.д. — усё тое, што даўно знаходзіцца пад непасрэдным кантролем Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG