Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Брагіне ня бачу пэрспэктывы...”


Брагін
Брагін
Сотні маладых спэцыялістаў кожны год прыяжджаюць паводле разьмеркаваньня ў заражаныя радыяцыяй раёны Гомельшчыны. Гэта настаўнікі й лекары, аграномы й заатэхнікі, бухгальтары й культработнікі. Але спэцыялістаў па-ранейшаму тут бракуе.

Сёньняшні расповед у чарговым фотарэпартажы з цыклу “Прэс-тур у чарнобыльскую зону”, зарганізаваным Беларускай асацыяцыяй журналістаў, прысьвечаны менавіта маладым спэцыялістам.

У сельгаспрадпрыемстве “Стралічава” Хойніцкага раёну моладзь займае, па сутнасьці, усе пасады галоўных спэцыялістаў. Агранамічную службу сёлета ачоліў выпускнік сельгасакадэміі Максім Калядка:

“Я зь Менскай вобласьці. Ёсьць жытло — кватэра, пакуль задавальняе. Для маладых спэцыялістаў будуецца дом. Крыху глухавата тут, але пагляджу, як усё складзецца”.

23-гадовы начальнік участку Віталь Яромчык апавёў, што ў гаспадарцы бракуе тэхнікі. Дый заробкі невысокія:

“Розныя праблемы турбуюць: тэхнікі не хапае ў гаспадарцы, выходных няма. Так і працуем. Заробак тысяч 500-600 беларускіх — у эўрах жа ня плацяць”.

Старшыня прафкаму гаспадаркі Ларыса Мастабай — таксама з маладых спэцыялістаў. Сама з суседняй Украіны. Вучылася ў Беларусі, выйшла замуж за мясцовага хлопца і прыжылася ў Стралічаве. Нетутэйшыя — рэдка прыжываюцца:

Сёлета, напрыклад, сышлі пяцёра, бо два гады адпрацавалі, а на іхнія месцы прыйшлі іншыя, у той жа колькасьці.
“Каб хтосьці вось так прыехаў з маладых спэцыялістаў, дык не. Звычайна па разьмеркаваньні — і юрысты, і аграномы, і бухгальтары. Сёлета, напрыклад, сышлі пяцёра, бо два гады адпрацавалі, а на іхнія месцы прыйшлі іншыя, у той жа колькасьці. І кожныя два гады ідзе такое ж абнаўленьне”.

У Брагіне намесьнік старшыні райвыканкаму Валянцін Гануш жаліцца на адсутнасьць спэцыялістаў будаўніцтва:

“У нас кадраў няма. Я будаўніцтвам займаюся, таму мяне асабліва хвалююць будаўнічыя кадры. У сельскую гаспадарку па накіраваньні больш-менш прыходзяць, а будаўнікоў не хапае. Заявак у будаўнічага факультэту Белдзяржунівэрсытэту транспарту ў 2-3 разы болей, чымсьці ён выпускае спэцыялістаў-будаўнікоў”.

Нягледзячы на штогадовыя дзяржаўныя накіраваньні маладых спэцыялістаў, у заражаных радыяцыяй раёнах усё адно бракуе і мэдыкаў, і настаўнікаў, і культасьветработнікаў.

Малады брагінскі фэльчар з сумам канстатуе:

“У Брагіне ня бачу пэрспэктывы. Трэба тут адкрываць нейкія новыя арганізацыі, каб даць людзям працу, добрыя заробкі. У вольны час тут нават няма куды выйсьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG