Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рост ВУП на 11-12 працэнтаў — гэта пражэкты”


Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва ў 2010 годзе могуць быць павялічаны на 11-12%. Гэта прадугледжана мэтавым праектам прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2010 год. Ці выглядаюць праўдападобнымі гэтыя пляны ўраду? На колькі можна зьмяніцца валавы ўнутраны прадукт краіны ў наступным годзе? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Барыс Жаліба.

Цыганкоў: Ці выглядае рэалістычным гэты “мэтавы праект” уладаў, паводле якога грашовыя даходы насельніцтва і ВУП можа вырасьці на 10-12 працэнтаў? На чым грунтуецца ўрад, даючы такі прагноз? Ці гэта хутчэй палітычная заява, каб супакоіць насельніцтва?

Жаліба: Стан нашай эканомікі такі, што закладваць прагноз росту ВУП 9-10 працэнтаў — гэта пражэкт. Трэба лічыцца з рэаліямі. Сёлета ВУП у лепшым выпадку застанецца на нулі. Таму рэальны праект на наступны год прадугледжваў бы рост ВУП на 2-3 працэнты.

Што тычыцца росту даходаў насельніцтва, то яны ўсё ж растуць, ня гледзячы на крызіс. Ён ахапіў ня ўсе галіны, лепей выглядае будаўніцтва, нафтахімія. Таму нават можна дапусьціць, што рост даходаў будзе блізкі да таго, што прагназуе ўрад. А наконт росту ВУП — гэта чыста палітычныя заявы.

Цыганкоў: Тут можна нагадаць, што на гэты год праектам сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця былі прадугледжаныя вельмі аптымістычныя лічбы росту — 12-14 працэнтаў. І ніхто, здаецца, не панясе адказнасьць, што замест 12 працэнтаў атрымаўся нуль. І можна сьмела даваць новыя прагнозы?

Жаліба: Так, сапраўды, афіцыйна ніхто дагэтуль не адмяніў гэтыя аптымістычныя прагнозы.
Я думаю, што крызіс будзе працягвацца і на наступны год.
Хаця гэтыя лічбы даўно трэба было перагледзець і скарэктаваць гэты прагноз. Мяркую, ураду трэба больш рэальна падыходзіць да прагнозу разьвіцьця на 2010 год. Мы яшчэ знаходзімся пад уплывам крызісу, і застаецца пытаньне, ці дасягнуў крызіс дна сёлета. Я думаю, што крызіс будзе працягвацца і на наступны год.

Цыганкоў: Гэта год перадвыбарчы. Ці магчыма, што ўлада можа павялічваць даходы насельніцтва за кошт замежных пазыкаў?

Жаліба: Непасрэдна коштам пазыкаў гэта ня зробіш. Наадварот, цяпер, наколькі я ведаю, адмоўлена бюджэтнікам у росьце заробку, скарочаныя многія бюджэтныя артыкулы. То бок урад нешта робіць. Але трэба захоўваць гэтую рэалістычнасьць і ў прагнозе на наступны год — ён таксама будзе вельмі цяжкім.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG