Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 2050-га тэмпэратура ў Беларусі вырасьце на 2–4 градусы


Тэмпы росту тэмпэратуры ў Беларусі крыху вышэйшыя, чым у сярэднім у сьвеце. Так, за апошнія 30 гадоў тэмпэратура ў Беларусі вырасла на 1,1 градуса. У сярэднім у сьвеце рост тэмпэратуры склаў 0,8 градуса.

Як падае БелаПАН, гэтыя зьвесткі паведаміла ў сераду на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску дырэктарка дэпартамэнту гідрамэтэаралёгіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя Беларусі Марыя Гермянчук.

Спадарыня Гермянчук адзначыла, што рост тэмпэратуры будзе мець вынікам як пазытыўныя, так і нэгатыўныя наступствы для Беларусі. У ліку пазытыўных зьменаў – павелічэньне вэгетатыўнага пэрыяду сельскагаспадарчых культур, што можа павысіць іх ураджайнасьць. Апрача таго, чакаецца памяншэньне ацяпляльнага пэрыяду.

Адначасна кліматычныя зьмены выклічуць і шэраг праблем. Так, меркаваны рост экстрэмальных зьяваў надвор’я здольны нэгатыўна паўплываць на сельскую гаспадарку. У прыватнасьці, праблемы могуць выклікаць раньнія прымаразкі і магчымыя паводкі, зьвязаныя зь нераўнамернымі ападкамі. Апрача таго, як адзначыла Марыя Гермянчук, да новых кліматычных умоваў ня змогуць хутка адаптавацца лясы: неабходна будзе мяняць відавы склад лесу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG