Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьезд БХД адбудзецца на плошчы?


Павал Севярынец падчас прэс-канфэрэнцыі.
Павал Севярынец падчас прэс-канфэрэнцыі.

Устаноўчы зьезд дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі можа адбыцца на Кастрычніцкай плошчы 31 кастрычніка. Пра гэта заявіў падчас прэсавай канфэрэнцыі сустаршыня аргкамітэту БХД Павал Севярынец. Усе адзінаццаць установаў, куды зьвярталіся арганізатары зьезду па арэнду залі, далі адмоўны адказ. Чакаецца, што на зьезьдзе будзе ня менш за 700 чалавек.


Арганізатары лічаць, што правядзеньне ўстаноўчага зьезду БХД на вуліцы добра прадэманструе палітычную сытуацыю ў краіне.

“Мы гатовыя як да правядзеньня зьезду ў памяшканьні, так і да правядзеньня зьезду БХД на плошчы. У некаторым сэнсе зьезд на плошчы будзе яшчэ больш розгаласны, яшчэ больш паказальны, чым зьезд у залі.

Калі замежнікам, якія належаць, падкрэсьліваю, да кіруючых партый Эўропы, давядзецца напрыканцы кастрычніка стаяць на марозе насупраць адміністрацыі прэзыдэнта, то гэта будзе цудоўная ілюстрацыя да так званай лібэралізацыі і да ўсіх сьцьверджаньняў рэжыму пра тое, што ў нас адбываюцца грунтоўныя пазытыўныя зьмены. Дык вось, калі ласка, вам і карцінка”.

Арганізатары ўстаноўчага зьезду зьвярталіся ў МЗС і да дыпмісіяў краінаў Заходняй Эўропы і ЗША, каб тыя паспрыялі ў справе рэгістрацыі партыі.

Нагадаем: напрыканцы лютага адбыўся ўстаноўчы зьезд БХД. Пасьля таго як дакумэнты на рэгістрацыю трапілі ў Мін’юст, заснавальнікі партыі адчулі ціск з боку ўладаў. Іх прымушалі адмаўляцца ад подпісаў. Некаторыя страцілі працу, іншых адлічылі з вучобы.

13 траўня Мін’юст адмовіў БХД у рэгістрацыі. Тады заснавальнікі партыі пачалі рыхтаваць новы ўстаноўчы зьезд. Гэтым разам, паводле Паўла Севярынца, толькі гасьцей з замежжа будзе каля 400 чалавек.

“Беларускае МЗС абяцала адразу некалькім міністрам замежных спраў, што зьезд БХД пройдзе без праблемаў. Гэта тое, што мне казалі падчас сустрэч самага высокага ўзроўню — у Літве, у Швэцыі, у Галяндыі і г.д. То бок абяцаньне такое было. Гэта адно з асноўных пытаньняў, якое будзе тэставацца ў сытуацыі рашэньня па Беларусі 16 лістапада”.

Павал Севярынец паведаміў, што пазоў супраць БТ за фільм пра БХД знаходзіцца ў судзе. Ён зазначыў, што ўсьлед за фільмам зьявілася нэгатыўная публікацыя пра БХД у газэце “Советская Белоруссия”.

Павал Севярынец паведаміў, што ўся інфармацыя, у тым ліку пра падрыхтоўку зьезду, будзе цяпер на новым сайце БХД.

Як пазытыўны момант Павал Севярынец зазначыў стварэньне незалежніцкай кааліцыі, у якую ўвойдуць БХД, “Малады фронт”, партыя БНФ ды іншыя. Прэзэнтацыя кааліцыі адбудзецца на наступным тыдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG