Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На барысаўскую недзяржаўную газэту падалі ў суд


Пазоў аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі супраць недзяржаўнай газэты «Борисовские новости» і аўтара выданьня Анатоля Мазгова накіраваў у суд дырэктар прадпрыемства "Барысаўская ўзбуйненая друкарня імя 1 Мая", дэпутат Менскага абласнога Савету дэпутатаў Андрэй Завадзкі.


Як паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў са спасылкай на рэдакцыю газэты, падставай для звароту ў суд стаў артыкул "Чудачество директора или соблюдение трудового законодательства?" у нумары газэты за 7 кастрычніка.

Публікацыя пачыналася з ліста ў рэдакцыю аднаго з работнікаў друкарні. У ім ананімны аўтар скардзіўся на парушэньне кіраўніком прадпрыемства Андрэем Завадзкім працоўнага заканадаўства. Журналіст Анатоль Мазгоў папрасіў пракамэнтаваць гэты ліст самога спадара Завадзкага, іншых кіраўнікоў і работнікаў друкарні, а таксама незалежнага юрыста Алега Мацкевіча.

Андрэй Завадзкі палічыў публікацыю ліста абражальнай. Ён патрабуе праз суд абвяржэньня матэрыялу, а таксама грашовай кампэнсацыі за маральны ўрон: 4 мільёны рублёў з заснавальніка газэты, прадпрыемства "Букас медиа-центр", і 1 мільён рублёў — з аўтара артыкула Анатоля Мазгова.

Першая сустрэча бакоў мае адбыцца 29 кастрычніка ў Барысаўскім раённым судзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG