Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ю.Беленькі: “Дзяды мусяць яднаць людзей”


Выканаўца абавязкаў старшыні партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі заклікаў да стварэньня пазытыўнага настрою напярэдадні сьвяткаваньня Дзядоў.


Нагадаем, КХП-БНФ падала заяўку ў Менгарвыканкам і Менскі аблвыканкам на правядзеньне 1 лістапада шэсьця ад пляцоўкі каля Менскага гадзіньнікавага заводу і мітынгу ў Курапацкім лесе.

Выканаўца абавязкаў старшыні партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі адзначыў:

“Дзяды – гэта сьветлая, добрая беларуская традыцыя. Дзяды сёньня – гэта дзяржаўнае сьвята, хаця ня ёсьць выходным днём, яно ў рэестры нашых дзяржаўных сьвятаў. Гэта наша нацыянальнае сьвята. Колькі я памятаю, настрой на Дзяды ў людзей, якія прыходзілі, заўсёды ўзьнёслы, сьветлы, добры. Пэўна ў гэтым Божая ласка, што такі настрой ствараецца і, пэўна, імкненьне людзей да сьветлага і добрага ў гэты дзень. І колькі я памятаю, заўжды людзі імкнуліся максымальна неяк гэты настрой перадаць іншым.

Памятаю, заўжды нават тыя людзі, якія ў сілу нейкіх праблем са здароўем, сталага веку не маглі прайсьці гэты шлях, то далучаліся хаця б на заключным этапе, каб прайсьці хаця б адзін кілямэтар, каб разам паўдзельнічаць, адчуць гэты настрой. І заўжды гэта вельмі натхняе, што гэта традыцыя такая сьветлая, добрая, яна захоўваецца, існуе ў нашым грамадзтве. Гэта дае такі вельмі добры зарад аптымізму, што праз такое сьветлае рушаньне людзей адродзіцца наша Беларусь. І дае стопрацэнтную веру ў гэта. Калі жыве ў нашым грамадзтве, сярод нашага народу такі настрой, такая вера, такі пазытыў, то ясна што гэта выцягне нашу краіну. І гэта будучыня нашай роднай Беларусі”.

Карэспандэнт: “Вы мяркуеце, што гэта акцыя будзе масавай?”

Беленькі: “Натуральна, прыйдзе шмат людзей. Будуць крыжы, зьнічкі, кветкі. Натуральна, будзе малітва ў Курапацкім лесе. Натуральна, што гэта будзе добры эмацыйны зарад для тых людзей, якія прыйдуць на гэтае мерапрыемства”.

Карэспандэнт: “Ці будзе нейкая палітычная афарбоўка ў сёлетнім адзначэньні?”

Беленькі: “Яно ёсьць агульнанацыянальным. З гэтага вынікае сама ідэя. Гэтая акцыя мусіць яднаць людзей, якія ў сваім сэрцы маюць любоў да Радзімы, да сваёй зямлі, вераць у сьветлую будучыню краіны. Калі гэта ёсьць складнікам палітычных уяўленьняў пэўных людзей, то гэта, натуральна, добра. І гэта трэба вітаць”.

Карэспандэнт: “Адзін з нашых слухачоў выказаў такое меркаваньне, маўляў, “грамадзкай зьявы з паходу ў Курапаты не адбудзецца. Усе ведаюць, што ўлады на гэты куток ужо не спакушаюцца і крытыкаваць урад няма за што”. Што можна тут сказаць, ці памянялася пазыцыя ўладаў, наогул, да Курапатаў?

Беленькі: “Я ня ведаю, што думаюць улады, я зь імі не кантактую. Для мяне важна іншае, што ў нашай краіне, у нашым грамадзтве ёсьць людзі, якія ідуць у Курапаты. І што такіх людзей, прынамсі найперш моладзі, з кожным годам становіцца болей. Бо любая ўлада складаецца зь людзей. І тое, што ў нашым грамадзтве, сярод нашага народа, усё больш маладых людзей, якія любяць Беларусь, якія шануюць традыцыі. Гэта гаворыць аб тым, што ў пэрспэктыве ва ўладзе беларускай у Беларусі будуць менавіта гэтыя людзі і яны будуць вызначаць кірунак дзяржавы. Вось гэта самае галоўнае”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG