Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіча яшчэ не знаёмілі зь ягонай справай


Людміла Асіпенка
Людміла Асіпенка

Фігурант справы Мікалая Аўтуховіча паведамляе зьвесткі, якія разыходзяцца з заявай генэральнай пракуратуры адносна хуткай перадачы справы Мікалая Аўтуховіча ў суд.


Як паведаміла Свабодзе Людміла Асіпенка, дачка былога супрацоўніка ваўкавыскай падатковай інспэкцыі Уладзімера Асіпенкі, які фігуруе ў справе Мікалая Аўтуховіча, яе бацька яшчэ не пачынаў знаёміцца са справай. Людміла Асіпенка спасылаецца на ліст з турмы.

Людміла Асіпенка: “Я ўчора атрымала ад яго ліст і ён піша, што нічога не было пакуль, азнаямленьне са справай і не пачыналася”.

Карэспандэнт:“Учора намесьнік генэральнага пракурора Віктар Конан заявіў, што нібыта хутка справу перададуць у суд. Некаторыя скептычна ставяцца да такой заявы. Што вы думаеце?”

Людміла Асіпенка: “Не, таксама ня думаю, бо патрэбна ж азнаёміцца са справай, а гэтага яшчэ няма. Канечне, перададуць справу ў суд, але ня зараз, магчыма, і праз месяц. Гэта справа часу.”

Людміла Асіпенка кажа, што яе бацьку гэтак і ня выставілі іншага абвінавачаньня.

Гэтак жа мяркуе і праваабаронца Алег Воўчак. Паводле яго, у сьледзтва не хапае доказаў, каб выставіць новае абвінавачаньне, прынамсі, адносна падрыхтоўкі да тэрарызму.

Алег Воўчак
“Калі б маглі выставіць, дык ўжо б выставілі. Але на сёньня ў Аўтуховіча і Асіпенкі застаюцца раней выстаўленыя ім абвінавачаньні. У Аўтуховіча – падпал дома Кацубы і гаражу з аўтамабілем Мандзіка, а ў Асіпенкі застаецца толькі гэты Мандзік, падатковы інспэктар”.

Алег Воўчак пракамэнтаваў зьвесткі пра тое, што ў справе Аўтуховіча фігуруе былы міліцыянт з Гародні Міхаіл Казлоў. Паводле Алега Воўчака, менавіта Міхаілу Казлову, які працаваў у аддзеле барацьбы з арганізавай злачыннасьцю і карупцыяй гарадзенскай абласной міліцыі, давялося правяраць скаргі Аўтуховіча адносна карумпаванасьці супрацоўнікаў Ваўкавыскай падатковай інспэкцыі. Па выніках праверкі была заведзена крымінальная справа, аднак да суду яна не дайшла, паколькі была закрытая на загад зьверху. Цяпер Міхаіла Казлова можа чакаць суд, мяркуе Алег Воўчак.

“Паводле нашых зьвестак, ён праходзіць па тым жа артыкуле, які быў у Лявонава, — неданясеньне аб злачынстве. Але, калі ў Лявонава быў эпізод, датычны пачатку 2000-ых гадоў, тэрмін даўніны па ім выйшаў і таму зь Лявонава зьнялі абвінавачаньні, то ў Казлова неданясеньне аб падрыхтоўцы тэракту. А за гэта санкцыі больш сур’ёзныя, таму яго, відаць, пацягнуць у суд”.

Алег Воўчак таксама паведаміў, што сьледзтва патрабуе ад жонкі Аўтуховіча Алены даць супроць яго паказаньні. “Гэта цалкам незаконна, бо закон дазваляе ня сьведчыць супроць сябе і сваякоў”, — кажа Алег Воўчак. Паводле праваабаронцы, Алена Аўтуховіч зьехала з краіны і не адказвае на тэлефонныя званкі.

Адвакат Павал Сапелка апошні раз 12 кастрычніка бачыў Мікалая Аўтуховіча ў Менскім сьледчым ізалятары: “Выглядае ён сярэдне: здароўе ня стала лепей і быццам не пагоршылася”. Справу Аўтуховіча адвакат Сапелка ніяк не камэнтуе. Стала вядома, што скаргу Паўла Сапелкі на дзеяньні сьледзтва пракуратура перадала для рэагаваньня тым, на каго ён скардзіўся. “Не выключаю, што на адваката аказваецца пэўны ціск”, — камэнтуе сытуацыю праваабаронца Алег Воўчак.



Нагадаем, 8 лютага ў Ваўкавыску былі арыштаваныя Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Уладзімер Асіпенка. Усіх трох абвінавацілі у падпалах дамоў і маёмасьці мясцовага міліцыянта і супрацоўніка падатковай інспэкцыі. Праз паўгады Юрыя Лявонава вызвалілі і зьнялі зь яго абвінавачаньні. “Калі працэс будзе адкрытым, можна будзе даказаць, што Аўтуховіч і Асіпенка невінаватыя”, — заяўляе Юрый Лявонаў. Праваабаронцы і шмат хто ў Беларусі мяркуюць, што Аўтуховіча і Асіпенку перасьледуюць за іх барацьбу з карупцыяй.
XS
SM
MD
LG