Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хочаце даведацца пра АЭС? Прыходзьце на Калектарную


У Орхускім цэнтры на базе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя па вуліцы Калектарнай у Менску арганізаваны прыём грамадзян, якія жадаюць атрымаць экалягічную інфармацыю па пытаньнях будаўніцтва беларускай АЭС.

Як паведаміла агенцтву БелаПАН дырэктар Орхускага цэнтру Вольга Захарава, спэцыялісты цэнтру гатовы ня толькі адказаць на пытаньні па экалягічных праблемах, зьвязаных з будаўніцтвам АЭС, але і пісьмова зафіксаваць усе заўвагі грамадзян. Потым яны будуць перададзены замоўцу АЭС, абавязанаму на іх адрэагаваць.

Прыём грамадзян будзе ажыцьцяўляцца па аўторках і чацьвяргах.

Як лічыць Захарава, на цяперашнім этапе падрыхтоўкі да будаўніцтва АЭС у Беларусі выконваюцца патрабаваньні Орхускай канвэнцыі аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадзкасьці ў працэсе прыняцьця рашэньняў і доступе да правасудзьдзя па пытаньнях, якія тычацца навакольнага асяродзьдзя. "Пакуль усе звароты грамадзян разглядаюцца, — адзначыла яна. — Найбліжэйшым часам на іх павінны быць дадзены пісьмовыя адказы".

На думку дырэктара Орхускага цэнтру, поўную інфармацыю па пытаньні ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе (АУНА) беларускай АЭС можна будзе атрымаць на падставе трох крыніц інфармацыі: дапрацаванай справаздачы аб АУНА будучай АЭС; заўваг незалежных беларускіх экспэртаў; разьлікаў па АУНА беларускай АЭС, якія прадставяць сумежныя краіны.

Нагадаем, згодна з папярэдняй справаздачай аб АУНА беларускай АЭС, яе ўзьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе лічыцца нязначным.

Аднак прадстаўнікі экалягічнай грамадзкасьці лічаць, што справаздача падрыхтавана з парушэньнямі і прапаноўваюць яе адклікаць. Згодна з іх заўвагамі, найбольш сур'ёзнай праблемай у АУНА зьяўляецца тое, што ацэнка выкідаў радыенуклідаў пры максымальнай праектнай аварыі АЭС заніжана прынамсі ў чатыры тысячы разоў. Ацэнка выкідаў пры аварыі, якая не прадугледжана праектам, заніжана ў дзесяткі і сотні разоў. Як вынік, не прадугледжаны мерапрыемствы па абароне насельніцтва і мінімізацыі наступстваў магчымых аварый. На думку эколягаў, калі "АУНА падрыхтаваць належным чынам, то стане зразумела, што ад будаўніцтва АЭС неабходна адмовіцца".

Заўвагі па АУНА беларускай АЭС зацікаўленых краін (Літвы, Латвіі, Польшчы, Аўстрыі, Украіны, Расіі) павінны быць прадстаўлены да канца кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG