Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перапыніць вучобу дзеля службы ў войску?


Прапаноўваецца часовае спыненьне навучаньня салдат ў грамадзянскіх ВНУ на час вайсковай службы, пра гэта заявіў міністар абароны Леанід Мальцаў, прадстаўляючы ў Палаце прадстаўнікоў новы законапраект “Аб статусе вайскоўцаў”, паведаміў "Інтэрфакс". Ухвалены сёньня ў першым чытаньні законапраект прадугледжвае таксама адказнасьць для вайскоўцаў тэрміновай службы за ўдзел у дзейнасьці палітычных партыяў.

На думку Мальцава, вайсковец павінен узяць акадэмічны адпачынак у ВНУ з моманту прызыву ва Ўзброеныя сілы.
Ініцыятыву Міністэрства абароны камэнтуе экс-прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Анатоль Паўлаў:

“Чарговае глупства — чалавек перапыняе навучаньне. Самае галоўнае, што ніхто пры гэтым ня думае, як на гэта адрэагуюць мазгі чалавека; галоўнае — нам (ваенным) гэта патрэбна. Трэба служыць! Проста цікава: што ж у гэтым добрага? Калі чалавек на паўтара года перапыняе навучаньне, то ўсё за гэты час з галавы выветрываецца — і зноў з нуля пачынаць?
Гэта неймавернае глупства, якое толькі можна было рэанімаваць ад савецкіх часоў.
Курс ён закончыць, возьме акадэмічны адпачынак, пойдзе з другога курсу. І ў выніку за гэты час забудзецца, што было на першым курсе. Гэта неймавернае глупства, якое толькі можна было рэанімаваць ад савецкіх часоў. Але, калі яны гэта прыдумалі, то ўрэшце зробяць.

А ўвогуле каму патрэбная ў Беларусі такая армія, хто б мне патлумачыў? Напасьці на кагосьці мы з такім войскам ня можам, і абараніцца самастойна ні ад каго ня здолеем. Нам патрэбна армія ў 20 тысяч чалавек, а такіх добраахвотнікаў мы заўсёды зможам знайсьці — для парадаў ці для якіхсьці надзвычайных сытуацый. Але ніяк ня могуць суцішыцца гэтыя генэралы ў лямпасах…”

Фактычна сёньняшняя ініцыятыва генэрал-лейтэнанта Мальцава мае пад сабой толькі прапанову. У першым чытаньні прапанова прынятая аўтаматычна, але яна мусіць быць зацьверджаная дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у другім чытаньні, пасьля яе будуць разглядаць сэнатары, пасьля чаго свой вэрдыкт мусіць абвесьціць Аляксандар Лукашэнка. Аднак у беларускіх умовах падобныя ініцыятывы рэдка вярталіся на дапрацоўку з-за сваёй відавочнай немэтазгоднасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG