Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рашэньне вялейскім актывістам абвесьцяць 2 кастрычніка


Крыж, устаноўлены на месцы расстрэлу Расьціслава Лапіцкага пад Вялейкаю.
Крыж, устаноўлены на месцы расстрэлу Расьціслава Лапіцкага пад Вялейкаю.
У судзе Вялейскага раёну распачаўся суд над актывістамі дэмакратычнага руху Аляксеем Сюдаком, Уладзімерам Малерчуком і Аляксандрам Наркевічам. Іх вінавацяць у правядзеньні несанкцыянаванага мітынгу падчас усталяваньня крыжоў на месцы расстрэлу актывіста антысавецкага супраціву Расьціслава Лапіцкага ў лесе каля вёскі Красны Беражок. Судзьдзя Юры Абрамчык заявіў, што судовае рашэньне будзе абвешчанае 2 кастрычніка.

Адміністрацыйны пратакол аб правядзеньні несанкцыянаванага мітынгу склаў участковы міліцыянт Мікалай Мячкоў. На судовае паседжаньне ён не зьявіўся. А вінавачаньне рассыпалася, як непраўдзівае, кажа адзін з падсудных, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Малярчук:

“Доказы ўчастковага пабудаваныя паводле здымкаў у інтэрнэце. Я кажу — а дзе ж міліцыянт? Я хачу задаць яму пытаньні, чаму ён тут няправільна напісаў, чаму гэта, чаму тое — адкуль усё гэта? То бок яны нават міліцыянта не паклікалі, каб той адказаў на нейкія нашыя пытаньні. Бо я бачу, што ніякіх доказаў няма, усё пабудаванае на дадумках”.

Крыжы ў памяць Расьціслава Лапіцкага і ўсіх ахвяраў рэпрэсіяў вялейскія актывісты ўстанавілі 1 верасьня. Ужо 10 верасьня крыжы, асьвечаныя праваслаўным сьвятаром, зьнішчылі прадстаўнікі мясцовай улады. З гэтай нагоды 15 верасьня Аляксей Сюдак, Уладзімер Малярчук і Аляксандар Наркевіч зьвярнуліся з заявай у райаддзел міліцыі. Менавіта гэта й сталася прычынай, што праз тры дні ўчастковы склаў пратакол аб несанкцыянаваным мітынгу, мяркуе сябра партыі БНФ Аляксей Сюдак. Ён не спадзяецца на станоўчы вырак суду:

“На судзьдзю Абрамчыка, як мне падаецца, нехта цісьне — райвыканкам ці яшчэ хто, хто гэтую справу распачынаў. І таму зьвінаваціць нас ён ня можа, бо па справе няма ніякіх доказаў, што гэта быў мітынг. Але й адпусьціць нас беспакаранымі ён таксама, пэўна, ня можа. Таму ў яго й ёсьць нейкае замяшаньне, а што ён будзе рабіць заўтра, я ня ведаю”.

Падтрымаць вялейскіх дэмакратычных актывістаў прыехалі іх аднапартыйцы са Смаргоні, Менску і іншых гарадоў. Сярод многіх у судзе прысутнічаў таксама старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Вось як ён пракамэнтаваў хаду падзеяў:

“Мне падаецца гэта дзікунствам. Незразумела, чаму ўлады вырашылі паспрабаваць прыцягнуць да адказнасьці дэмакратычных актывістаў у Вялейцы. Я спадзяюся, што ва ўладаў хопіць розуму не называць іх вінаватымі. Яшчэ больш я спадзяюся, што крыжы, якія будуць паўторна ўсталяваныя, ня будуць зьнесеныя”.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG