Лінкі ўнівэрсальнага доступу

400:2 на карысьць улады


Сёньня Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі плянавалі правесьці 400 “антыкрызісных” пікетаў. Менавіта столькі заявак перадалі яны ў мясцовыя органы. Аднак пікеты дазволілі толькі ў двух гарадах — Магілёве і Полацку.

Мэта сёньняшняй акцыі — пратэст супраць пагаршэньня жыцьця жыхароў Беларусі. А таксама прапаганда антыкрызісных мераў, якія падрыхтавалі экспэрты АДС. Урад змагаецца з крызісам галоўным чынам з дапамогай замежных крэдытаў, а дэмакратычныя сілы маюць сваю праграму выхаду з цяперашняга становішча. Гэта галоўная тэза ўсіх агітацыйных матэрыялаў, якія актывісты дэмсілаў зьбіраліся раздаваць людзям.

Сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларускай Валеры Ўхналёў, каардынатар сёньняшняй акцыі кажа: улады ў большасьці выпадкаў забаранялі пікеты па стандартнай прычыне — нібыта яны перашкаджаюць руху транспарту і мінакоў. І часам гэта прыводзіла да абсурду:

«Мы, некалькі чалавек, падавалі заяўку на пікет на плошчы Бангалор. Усе ведаюць, што ўлады вызначылі яе як месца для масавых акцыяў. І што? Нам адмовілі — маўляў, гэта будзе перашкаджаць руху мінакоў і аўтатранспарту па вуліцах Багдановіча, Каліноўскага і г.д.”
Я асабіста ў пікетаваньні не ўдзельнічаю, але не адказваю за сябраў партыі, якія як грамадзяне Беларусі, могуць выйсьці на пікетаваньне

Нягледзячы на забарону ладзіць пікеты, цягам дня ў некалькіх гарадах дэмакратычныя актывісты спрабавалі распаўсюджваць агітацыйныя матэрыялы: Юры Істомін — кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП распавядае:

“Пакуль я быў у мясцовым РАУСе, сябры нашай партыі распаўсюдзілі антыкрызісныя матэрыялы на рынках, у спальных раёнах. Так атрымалася, што фактычна я быў заяўнікам усіх пікетаў. Таму мяне і выклікалі ў РАУС, афіцыйна папярэджвалі аб забароне. Мяне пыталіся, ці будуць пікеты. Я адказаў, што я асабіста ў пікетаваньні не ўдзельнічаю, але не адказваю за сябраў партыі, якія як грамадзяне Беларусі, могуць выйсьці на пікетаваньне”.

У Горадні затрыманьняў не было. А вось старшыню АГП Анатоля Лябедзьку і некалькі ягоных паплечнікаў затрымалі ў цэнтры Менску, калі яны раздавалі агітацыйныя матэрыялы. Было яшчэ некалькі інцыдэнтаў. Але той масавасьці, на якую разьлічвалі арганізатары акцыі па ўсёй Беларусі, не атрымалася.

Палітоляг Уладзімер Роўда канстатуе: акцыя фактычна правалілася, хаця ідэя яе вельмі добрая:

“Апазыцыя пайшла на крайнасьць, зьвязаную са спробамі легалізацыі любых сваіх дзеяньняў. Схема такая: мы просім дазволу ва ўладаў, яны яго не даюць — і мы крыўдзімся на ўлады. А пасьля праводзім нейкую іншую акцыю. Зноў пішам заяўкі, зноў атрымліваем адлуп. Зноў крыўдзімся і кажам Захаду, які кепскі ў Беларусі палітычны рэжым. Гэты сцэнар ужо ўсім надакучыў. Нават тым людзям, якія з сымпатыяй ставяцца да акцыяў апазыцыйных палітычных партыяў”.
Не патрэбна прасіць дазволу гэтай улады, каб нешта данесьці людзям.

Цікаўлюся ў палітоляга, што можна зрабіць у такой сытуацыі? Спадар Роўда раіць:

“Трэба мяняць гэту канфігурацыю. Не патрэбна прасіць дазволу гэтай улады, каб нешта данесьці людзям. Абсалютна ня трэба гэта рабіць, таму што ўлада ўжо некалькі разоў публічна засьвечвала сваю нелегітымнасьць. У чым тады лёгіка? Калі ўлада нелегітымная, калі яна не вытрымлівае прававыя формы дзейнасьці, то тады і супраць яе патрэбныя новыя формы дзейнасьці.

Трэба прадэманстраваць сілу, адзінства, тое, што мы можам. Без дазволу, без захадаў і зваротаў. Нешта кшталту стыхійнай кампаніі, калі хочаце. Спадзявацца на дазвол? Гэта дзіўнае спадзяваньне. Гэта нейкая абсалютная фантастыка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG