Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адчуй сябе згвалтаваным мядзьведзікам


Будзімір
Будзімір

Тыднёвы агляд інтэрнэту ад блогера Будзіміра.

Петра Лелека адсканавала і разьмясьціла ў сваім блогу кнігу бэльгійскай аўтаркі Марыі Вабэс (Marie Wabbes) “Я думаў, ты мой сябра”, якая павінна дапамагчы дзецям запабегчы сэксуальнаму гвалту над сабой з боку дарослых.

У кнізе ідзецца пра маленькага мядзьведзіка, які таварышаваў зь вялікім ваўком. Спачатку ўсё было нібыта добра: яму падабалася катацца ў ваўка на сьпіне, і нават калі той аблізваў малога — яго гэта цешыла. Але неўзабаве воўк “паказаў зубы”. Ён прымушаў мядзьведзіка цалаваць сябе ў вялікую мокрую пашчу, навальваўся на яго ўсім сваім цяжарам і прыціскаў да падлогі. Мядзьведзіку не хацелася гуляць у такія гульні, яму было непрыемна і балюча. Толькі што паробіш? Воўк пагрозьліва папярэдзіў яго, каб той нічога нікому не распавядаў... Не, мядзьведзік абавязкова павінен гэта зрабіць! Ён распавядзе пра ваўка вялікім мядзьведзям, і яны таго пакараюць. Тады ён болей ня зможа крыўдзіць малечу, няма чаго будзе баяцца.







Петра піша, што сама, чытаючы кніжку, “адчула сябе згвалтаваным мядзьведзікам...”

Паміж воўкам і мядзьведзем


Мінулым тыднем шэраг праўладных грамадзкіх арганізацыяў прапанавалі зрабіць дату 17 верасьня, дзень далучэньня Заходняй Беларусі да СССР, афіцыйным сьвятам — “Днём узьяднаньня беларускага народу”. А Берасьцейскі гарвыканкам абвясьціў быў конкурс на найлепшы эскіз помніка, прысьвечанага гэтай падзеі.

Меркаваньні тых, хто адгукнуўся на спробу рэанімаваць згаданую дату, не сьвяткаваную ўжо 20 гадоў, падзяліліся:

Блогер kabierac сумуе: “17 верасьня 1939-га загінула ўсё тое, што мы дагэтуль шукаем па ўсёй краіне: загінула наша маленькая ўтульная эўрапейская Беларусь. І нічога вясёлага тут дакладна няма”.

Ягоная чытачка ambress дагаворвае думку да канца: “Для мяне загадка,чаму без палякаў ці кагосьці яшчэ ўтульная эўрапейская Беларусь немагчымая. Можа, палякі возьмуць нас назад? Людзі ў нас такія, што “азаходніць” іх магчыма толькі з-пад польскага/нямецкага ці яшчэ якога-небудзь бізуна”.

Тым часам блогер corp-xxx віншуе сваіх фрэндаў з нагоды “сямідзесяцігодзьдзя без паноў”, ад якіх беларусаў вызваліў савецкі ўрад, чытай — “вялікі братэрскі народ”.

Тут дарэчы прыйдзецца крытычная заўвага, выказаная адносна кніжкі пра мядзьведзіка блогеркай villlka :

“У кніжцы гвалтаўнік — воўк, прадстаўнік іншага віду, з чужых. А паводле статыстыкі гвалтаўнік найчасьцей — хтосьці зь сям'і або вельмі блізкі для дзіцёнка. Менавіта таму дзіцёнак баіцца раскрываць тайну — ён ня проста баіцца пакараньня, ён баіцца распаду сям'і і ўсталяваных адносінаў. Іншымі словамі, тут нестае важнага штрыха. Якраз патлумачыць, што чужы ня мае права рабіць табе балюча — проста. Патлумачыць дзіцёнку, што ягонае цела належыць толькі яму і нават тата-мама-цёця-дзядзя і г.д., то бок “свае”, ня маюць права ім распараджацца — значна складаней. Кніжка спрабуе вырашыць гэтую задачу, але неяк дзіўна.

Постаць ваўка ў казках — заўжды адмоўная, нэгатыўна афарбаваная, ён небясьпечны апрыёры. А трагедыя згвалтаванага дзіцяці ў тым, што гвалтаўніком выступае той, каго ён лічыў часткай свайго бясьпечнага сьвету”.


Зь ёй цалкам пагаджаецца блогер ultrafuturo:

“Калі казаць пра нейкую візуальную мэтафорыку, гвалтаўнік таксама павінен быць мядзьведзем, толькі большым”.

Вызваленьне Заходняй Беларусі, гэтаксама як і яе знаходжаньне ў складзе Польшчы, адначасова было гвалтам. “Маленькі мядзьведзік” не жадае гэтага прызнаваць. Хцівы гвалтаўнік — гэта хтосьці чужы. Але ня свой, “вялікі мядзьведзь”. Ён — добры выратавальнік, пад крылцам якога заўжды можна схавацца ад злыбедаў. Хаця якое там у мядзьведзя “крылца”...

Зрэшты, гэта скрайнія і таму нерэпрэзэнтатыўныя погляды. Найчасьцей выказваная пазыцыя гучала прыкладна так: што Польшча, што Расея — адна трасца , “чума на абодва вашыя дамы”. Але ж добра, што ў выніку мы атрымалі прыбытак — тэрыторыя ў два разы павялічылася. І няважна, якім чынам гэта адбылося. Ёсьць нагода для сьвяткаваньня!

Пазыцыя гэтая таксама пакутуе на інфантылізм, толькі іншага кшталту. Выражаны ў няўменьні бачыць цэласную карціну. Частковае “ўзьяднаньне”, якое прапануецца вітаць, апроч таго, што было толькі адным з шэрагу эпізодаў перакройкі беларускай мапы, які адбыўся пры мінімальным удзеле саміх беларусаў, прысьпешыла катастрафічнае сутыкненьне двух цяжкавагавікоў — сталінскага СССР і гітлераўскай Нямеччыны. У выніку якога беларусы страцілі кожнага чацьвёртага.

Дык хіба няважна — якім чынам?

“Воўк” з чалавечым абліччам


Блогер-фотааматар toxaby, падобна, перажыў свой зорны час. Ён паехаў утропы за Лукашэнкам у Вільню, атрымаў празь сеціва (!) акрэдытацыю ў якасьці фатографа і адзьняў візыт беларускага прэзыдэнта. Сэрыя ягоных здымкаў прывяла блогераў у захапленьне і выклікала шмат камэнтароў. Збольшага надзіва станоўчых. Надзіва, бо для блогераў, у масе сваёй настроеных апазыцыйна, Лукашэнка звычайна выступае ў ролі аб'екту зласьлівых кпінаў і зьедлівых жарцікаў, калі ня простай нянавісьці. А тут раптам і “крэпкі мужык”, і “ой, які харошанькі”, і “мудры”, і “стомлены... хочацца пашкадаваць”, і “нечаканы твар... прыадчыніліся невядомыя бакі яго душы”, нарэшце — “па фота здаецца, нібы ў нас добры прэзыдэнт...” Нават тыя, хто не рабіў камплімэнтаў герою фотасэсіі, віншавалі фатографа, хвалячы ягоную працу.

Рызыкну сьцьвярджаць, што гэтая рэакцыя выкрыла наяўнасьць дасюль глыбока прыхаванай пашаны да пэрсоны № 1 у Беларусі нават у яго супраціўнікаў. Адчувалася, што фатографу зайздросьцяць: ён, просты сьмяротны, адзін з нас, быў побач, глядзеў у вочы самому..!

Блогер ber_alius наўпрост запытаўся:

“Ці адчуваў ты хваляваньне, фатаграфуючы Яго зблізу, знаходзячыся поруч?”

Пытаньне засталося без адказу, але і так зразумела, што для фатографа гэта быў надзвычай урачысты момант. Ён неаднаразова падкрэсьліў, як прэзыдэнт глядзеў у ягоны аб'ектыў.

Трэба сказаць, зробленыя фотапартрэты насамрэч атрымаліся чалавечнымі:





Нібыта нічога ад “чорнага генія” і бяздушнага монстра? Паглядзець — дык чалавек як чалавек. Просты, свойскі. Трохі нягеглы нават. Ну, такі, як і ўсе мы, людзі.

Неабавязкова яго за гэта адразу любіць. Галоўнае — перастаць адчуваць сябе “згвалтаваным мядзьведзікам”. Бо гэтак жа сама, як узвышэньне Лукашэнкі да ўзроўню “бацькі людзей”, “ваўкалізацыя” ягонай постаці прыніжае нас, беларусаў.

Тацьцяна Заміроўская (у блогасфэры vinah ), моцна ўражаная кніжкай Марыі Вабэс “Я думаў, ты мой сябра”, напісала такі камэнтар:

“Божухна, якая сумная кніжка! Наконт гвалту над дзецьмі ня ведаю, але мне ў нейкі момант падалося, нібыта гэтая кніжка пра мяне, і ўвогуле пра нас усіх, пра бедных, самотных, згубленых людзей, зь якімі вечна хтосьці або штосьці нядобра, цяжка, грузна і хваравіта гуляе. І мне зрабілася нагэтулькі сумна, што пад канец я ледзьве не расплакалася!

Цяпер яму ня трэба баяцца! Але цяпер ён ужо і ня вырасьце!”


Мо ўжо нам прысьпеў час пачаць расьці?

Наўкола адны хцівыя ваўкі


Аднак па колькасьці камэнтароў (206 супраць 149) тэму чалавечага аблічча Лукашэнкі пераўзышло караценькае паведамленьне ў суполцы minsk_by, напісанае блогеркай(-ам) discover_me_now. На гэтым тыдні ў Жывым Журнале яго абмяркоўвалі найбольш:

“Адкуль столькі вычварэнцаў у менскім грамадзкім транспарце? Пастаянна церуцца, мацаюць і заглядваюць у дэкальтэ... Я часьцяком езджу да бацькоў у Літву, бываю ў Вільні. Там са мной такога жоднага разу не было”.

Тэма адносінаў “мы — яны” (мужчыны і жанчыны, беларусы і замежнікі), правакацыйнае абвінавачаньне ў бок шматлікай групы людзей і пікантная падаплёка — вось просты і даступны набор складнікаў для таго, каб узарваць аўдыторыю і атрымліваць асалоду ад ініцыяванага вэрхалу.

Дасьведчаныя блогеры разумеюць, што гэта наўмысная правакацыя, і жартам уключаюцца ў гульню:

“Авой, ня трэба хлусіць! Вашыя грудзі самі паглядвалі на мяне з дэкальтэ! Нават падміргнулі адзін раз. Ці то два разы. Дакладна ня памятаю. Успрыняўшы іхнае падміргваньне як намёк, 4 разы праехаў з канца ў канец, але вы так і не паехалі назад. Вашае права, толькі ВЯРНІЦЕ ГРОШЫ ЗА ТАЛЁНЧЫКІ!” — піша el_charalastra.

Адмысловы гумарыстычны эфэкт атрымліваецца, калі на паведамленьні такога кшталту пачынаюць адказваць на поўным сур’ёзе:

“Які прэзыдэнт, такі і народ… Я, напрыклад, баюся выйсьці на вуліцу на дзяржаўныя сьвяты дома ў Беларусі, а ў Польшчы ці Ўкраіне — калі ласка... ” — піша zxz12m

“Які прэзыдэнт, такі і народ? Страшна за літоўцаў: у іх прэзыдэнт — жанчына”, — гульліва парыруе ponaexalitut.

Першае месца за найбольш неадэкватную рэакцыю тыдня атрымоўвае блогер stas_allov за фундамэнтальную водпаведзь ex cathedra на гэты дробязны выбрык. Блогерку discover_me_now ён назваў “захадоідам... дзяячкай антыбеларускага інфармацыйнага фронту”, якая “стварае ў беларусаў комплекс непаўнавартасьці і пачуцьцё віны” і спрабуе зламысна пераканаць іх у тым, што “Захад — гэта апірышча дэмакратыі, свабоды слова, маралі і г.д.”

Дык ня будзем жа да яго прыпадабняцца — паўсюль вышукваць ворагаў, разьдзімаць з мухаў сланоў і напінаць на сябе нагэтулькі сур’ёзны твар.

Шчасьлівых выходных!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG