Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Расея будуе ў Грузіі новы Бэрлінскі мур”


Пра гэта гаворыцца ў адкрытым лісьце эўрапейскіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў, апублікаваным у сёньняшнім нумары брытанскай Guardian. Аўтары ліста заклікаюць Эўропу ўстаць на абарону Грузіі.

Ніжэй мы прыводзім тэкст гэтага звароту.

“Праз 20 гадоў пасьля таго, як палова Эўропы была вызваленая, будуецца новы мур – праз Грузію!

Паколькі Эўропа памятае ганьбу пакту Молатава-Рыбэнтропа 1939 году і Мюнхэнскага пагадненьня 1938 году і паколькі яна сьвяткуе гадавіну падзеньня Бэрлінскага муру і “жалезнай заслоны” ў 1989 годзе, узьнікае пытаньне – ці вывучылі мы ўрокі гісторыі? Інакш кажучы, ці здольныя мы пазьбегнуць памылак, якія кідаюць такі цёмны цень на ХХ стагодзьдзе?

Сьвяткаваць мінулыя падзеі ці сумаваць зь іх нагоды – бясплённая справа, калі мы сьляпыя да іх урокаў. Толькі калі падзеі вучаць нас, як дзейнічаць інакш – больш мудра, такія адзначэньні маюць пэўны плён.

Гледзячы на сёньняшнюю Эўропу, робіцца зразумелым, што гісторыя ня скончылася і што яна застаецца трагічнай. Праз 20 гадоў пасьля вызваленьня паловы кантынэнту новы мур будуецца ў Эўропе – гэтым разам праз сувэрэнную тэрыторыю Грузіі.

Гэта ўяўляе сабой асноўную праблему для грамадзянаў, інстытуцыяў і ўрадаў Эўропы. Ці сапраўды мы гатовыя прызнаць, што межы малой краіны могуць быць аднабакова зьмененыя сілай? Ці сапраўды мы жадаем цярпець фактычную анэксію замежных тэрыторый большай сілай?

У імя сьвяткаваньняў гістарычных датаў, каб яны былі зьмястоўнымі і для калектыўнай ідэнтычнасьці Эўропы, і для яе будучыні, мы заклікаем 27 дэмакратычных лідэраў Эўропы вызначыць прэвэнтыўную стратэгію, каб дапамагчы Грузіі мірна аднавіць сваю тэрытарыяльную цэласнасьць і дамагчыся вываду расейскіх войскаў, якія незаконна разьмешчаныя на грузінскай зямлі.

Ніхто ня хоча канфрантацыі з Масквой ці вяртаньня да атмасфэры варажнечы часоў “халоднай вайны”. Аднак ня менш важна, каб Эўразьвяз і яго краіны-сябры накіравалі яснае і недвухсэнсоўнае пасланьне кіраўніцтву Расеі.

Паколькі камісія, сфармаваная Эўразьвязам, якую ўзначальвае Хайдзі Тагліавіні, рыхтуецца апублікаваць сваю справаздачу аб прычынах расейска-грузінскай вайны, мы зьвяртаемся да ўсіх эўрапейцаў з просьбай прыгадаць балючыя ўрокі нашай нядаўняй мінуўшчыны.

Па-першае, буйная дзяржава заўсёды будзе знаходзіць і прыдумляць нагоду, каб напасьці на суседа, чыя незалежнасьць ёй не падабаецца. Мы павінны памятаць, што Гітлер абвінавачваў палякаў у пачатку ваенных дзеяньняў у 1939 годзе, гэтак жа, як і Сталін ускладаў віну на фінаў, калі ён уварваўся ў іх краіну ў 1940 годзе. Гэтак жа ў выпадку Грузіі і Расеі крытычнае пытаньне палягае ў тым, якая краіна ўварвалася ў іншую, а ня чый салдат стрэліў першым.

Па-другое, адмова заходніх дэмакратычных краінаў адказаць на расчляненьне дружалюбнай нацыі, хаця і маленькай, можа мець сурьёзныя глябальныя наступствы.

Эўразьвяз быў створаны, каб пазьбегнуць небясьпекі Мюнхеэну і “жалезнай заслоны”. Было б абсалютна згубна, калі б мы заставаліся абыякавымі да тых мэтадаў, якія пагрузілі наш кантынэнт у вайну і раздзяленьне ў большай частцы мінулага стагодзьдзя. Пад пагрозай ня што іншае, як лёс праекту, якому мы працягваем прысьвячаць наша жыцьцё – мірнае і дэмакратычнае аб’яднаньне і аднаўленьне эўрапейскага кантынэнту.

Вацлаў Гавэл, былы прэзыдэнт Чэхіі

Валдас Адамкус, былы прэзыдэнт Літвы

Март Лаар, былы прэм'ер-міністар Эстоніі

Вітаўтас Ландсбeргіс, былы старшыня парлямэнту Літвы

Ота фон Габсбург, аўстрыйскі палітык

Даніэль Кон-Бэндыт,
францускі палітык, дэпутат Эўрапарлямэнту

Тымаці Гартан Эш,
брытанскі публіцыст

Андрэ Глюксман, францускі публіцыст

Марк Леанард, брытанскі палітоляг

Бэрнар-Анры Леві, францускі палітоляг

Адам Міхнік, рэдактар польскай “Газэты выбочай”

Хосэп Раманэда, гішпанскі філёзаф
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG