Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларусь траціць шанц гуляць на процістаяньні Расеі і ЗША"


Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што Злучаныя Штаты вырашылі не разьмяшчаць элемэнты проціракетнай абароны на тэрыторыі Польшчы і Чэхіі. Ці мяняецца геапалітычнае значэньне Беларусі на фоне гэтага рашэньня Вашынгтону? Якія мэты ставіць перад сабой афіцыйны Менск, праводзячы маштабныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні, узмацняючы ваеннае супрацоўніцтва з Расеяй? На гэтыя пытаньні адказвае дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносін Кірыл Коктыш.

Цыганкоў: Абвешчанае Вашынгтонам рашэньне цяпер абмяркоўваецца ўва ўсім сьвеце, аналітыкі разважаюць пра тыя палітычныя зьмены, якія яно выклікала. Як гэтае рашэньне прэзыдэнта ЗША ўплывае на наш рэгіён, на адносіны паміж Расеяй, Захадам і Ўсходняй Эўропай? Ці мяняецца роля Беларусі ў выніку гэтага рашэньня?

Коктыш: Гэтае рашэньне ўвогуле зьніжае важнасьць усходнеэўрапейскага рэгіёну. Яно азначае, што ЗША і Расея ва ўмовах крызісу дамовіліся, як падтрымліваць тыя самыя амбіцыі за меншыя грошы. ЗША скарацілі выдаткі на Польшчу і Чэхію, і гэта таксама азначае, што Беларусь страчвае шанцы згуляць на расейска-амэрыканскім процістаяньні.

Расейска-заходняе процістаяньне становіцца кепскай глебай для зарабляньня грошай.
Скажам так — расейска-заходняе процістаяньне становіцца кепскай глебай для зарабляньня грошай. А Беларусь, як і ўся Ўсходняя Эўропа, на гэтым так ці іначай спэцыялізавалася.

Цыганкоў: Ці можна сказаць, што цяпер больш ня будзе спэкуляцыяў на тэму таго, што ў Беларусь могуць быць пастаўленыя расейскія комплексы “Іскандэр” ці іншыя віды ўзбраеньняў?

Коктыш: Яны і так не былі б пастаўленыя, бо насамрэч далей спэкуляцыяў размова не ішла. Я нешта ня памятаю расейскіх афіцыйных заяваў, што гэтыя пастаўкі могуць быць ажыцьцёўленыя. Дэкляраваных расейскіх плянаў гэта зрабіць не было, было беларускае спадзяваньне, што гэта можа быць зроблена.

Цыганкоў: Так супала, што менавіта ў гэтыя дні ў Беларусі адбываюцца расейска-беларускія сумесныя вайсковыя манэўры “Захад-2009”. Ці можна, на вашу думку, казаць, што Беларусь вельмі далёка прасоўваецца ў вайсковым супрацоўніцтве з Расеяй менавіта для таго, каб “разьменьваць” гэта на эканамічныя прэфэрэнцыі?

Коктыш: Так, гэта заўжды было часткай беларускай палітыкі. Зараз, калі будуецца БТС-2, нафтаправод, які пусьціць нафту ў абход Беларусі, і набліжаецца Новы год і заключэньне новых газавых кантрактаў — для Менску важна падкрэсьліць сваю важкасьць і атрымаць хоць нейкія прэфэрэнцыі на наступны год. Таму гэтыя вучэньні — адзін з сродкаў прадэманстраваць неабходнасьць Беларусі для Расеі, зрабіць паслугу хаўрусьніку, каб ён захаваў цяперашнія эканамічныя прэфэрэнцыі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG