Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск, Парк імя Янкі Купалы


Менск, Парк імя Янкі Купалы
Менск, Парк імя Янкі Купалы

Шыльда Свабоды

Менск, Парк імя Янкі Купалы
1 лістапада 1987 году суполка “Тутэйшыя” наладзіла першае ў найноўшай гісторыі адзначэньне Дзядоў у форме палітычнага мітынгу. Упершыню сталінскія рэпрэсіі былі публічна названыя генацыдам.

Помнік прароку беларускага адраджэньня Янку Купалу ў парку ў цэнтры Менску стаў асабліва прыцягальным для адраджэнцаў найноўшага часу. 17 сакавіка 1983 году тут “гукалі вясну”. А 1 лістапада 1987 году менавіта ля помніка Янку Купалу, які спазнаў сталінскія рэпрэсіі, маладыя літаратары-нонканфармісты з аб’яднаньня “Тутэйшыя” адрадзілі беларускія “Дзяды”. Старадаўняй традыцыі памінаньня памерлых яны надалі новую форму і палітычнае значэньне.

Сябры літаратурнай суполкі “Тутэйшыя” выканалі абрад у форме мітынгу-рэквіему. Рэй вёў адзін зь лідэраў “Тутэйшых” Анатоль Сыс. Тут ён прачытаў свой верш “Маналёг “Тутэйшага”. Вось фрагмэнт гэтага чытаньня з архіву Радыё Свабода:

“…І Радзіма твая, паглядзі,
— русакосая Янычаршчына,
а калісьці ты гаварыў,
а калісьці ты нават кляўся:
не патухне Зьніч на Гары!
Ён патух. Ты яму пакайся
за ягоны пакутны прах,
за Радзіму сваю нявінную,
янычары яе ў палях
крумкачам ды ваўкам пакінулі,
ты пакайся за свой спакой,
што зубамі ня грыз вяроўку,
бо здушыўся і ты на ёй,
ад жывёльнага поту мокры,
кайся, кайся за свой жывот,
не забудзься і пра Купалаў,
бо цяпер ты адзін — народ,
быццам храм на шляху вандалаў.
ДЫ ПАКУЛЬ ТЫ ЯШЧЭ ЖЫВЕШ,
ЗАПАЛІ ПРАД КУПАЛАМ СЬВЕЧКУ,
ПРАЧЫТАЎ? ДЫК СПАЛІ МОЙ ВЕРШ,
А ВАНДАЛАМ СКАЖЫ:
Я ВЕЧНЫ!”


А затым у сваёй палкай прамове ён упершыню заявіў, што ў савецкі час сьмерць выбірала тых, хто ня ўмеў і не жадаў схіляць галаву. І прачытаў доўгі сьпіс расстраляных палітычных і дзяржаўных дзеячаў БССР, пісьменьнікаў і паэтаў. Упершыню на публічным мітынгу сталінскія злачынствы былі названыя генацыдам.

Ужо празь дзень у прэсе разгарнулася кампанія супраць “Тутэйшых”. Іх абвінавачвалі ў паклёпе на камуністычную ўладу, у фашызьме і экстрэмізьме, натуральна, у няведаньні значэньня слова “генацыд”. І толькі артыкул Васіля Быкава ў “Советской Белоруссии” спыніў цкаваньне “Тутэйшых”.

З тае пары і да нашага часу Купалаў парк — месца змаганьня за свабоду. У ім адбываліся мітынгі ў абарону дэмакратыі і свабоды слова, палітызаваныя паэтычныя чытаньні. Тут шмат разоў адзначаўся Дзень Волі. 25 сакавіка 2006 году ля помніка Янку Купалы адбыўся мітынг, пасьля якога Аляксандар Казулін павёў людзей да турмы на Акрэсьціна, каб паставіць там кветкі на знак салідарнасьці з палітвязьнямі.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG