Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Удар у сьпіну польскай дзяржаве”


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы згадваюць урокі верасьня 1939 году, выказваюць свае меркаваньні пра міжнародныя стасункі Беларусі, разважаюць, чаму распадаюцца сем’і.

Амаль тыдзень таму Менск наведаў кіраўнік Вэнэсуэлы Уга Чавэс, а слухачы ўсё яшчэ згадваюць той візыт.

Спадар: “Беларусь наведаў лепшы сябра Аляксандра Лукашэнкі — Уга Чавэс. Усе сродкі масавай інфармацыі трубяць пра выгоды, якія атрымлівае Беларусь ад гэтага сяброўства. Беларуская прапаганда, як звычайна, шэрыя дамовы малюе ў ружовым сьвятле. Так бы мовіць, адзін пішам, а два ў памяці. Іншымі словамі, блеф і брэх. Нядоўга музыка гучала. На наступны дзень беларуская рэальнасьць абвергла тыя віртуальныя два ў памяці: цэны на паліва павысіліся ажно на 10 адсоткаў. Языком малююць густа, але ў кішэні пуста”.

Аўтар наступнага тэлефанаваньня наўпрост зьвязвае стан беларускай эканомікі з маральнай атмасфэрай у сем’ях.

Спадарыня Ларыса, Менск: “Няма культуры зносінаў. У першую чаргу, няма сямейных адносінаў. Квітнее ідэалёгія грошай, а грошай не хапае, і мужчыны апынаюцца вінаватымі, таму што яны аказваюцца бяз працы або мала атрымліваюць. Узьнікаюць сямейныя канфлікты. Таму трэба стварыць такія ўмовы, каб людзі працавалі, атрымлівалі прыстойны заробак. А гэта ўсё залежыць ад нашага ўраду”.

Па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі нашых слухачоў падзеі 70-гадовай даўніны.

Спадар: “Польшча — першая славянская краіна, якая аказала супраціў Гітлеру. Я лічу, што ўвядзеньне савецкіх войскаў у Заходнюю Беларусь было, па сутнасьці, ударам у сьпіну польскай дзяржаве”.

Камэнтуе грамадзкі рэдактар тыдня — сьведка падзеяў верасьня 1939 году, лекар Іван Данілаў:

Іван Данілаў
“1 і 17 верасьня лучыць пакт Молатава-Рыбэнтропа. Сталін хацеў палітычна перахітрыць сьвет, таму пачаў агрэсію на 16 дзён пазьней. Шуленбург тройчы нагадваў: Чырвоная Армія не павінна стаяць на месцы! Я ў сваёй кніжцы пісаў пра тое, што было б, каб СССР дапамог Польшчы. Тады фронт бы ўсталяваўся дзе-небудзь па Вісьле, таму ніколі б не было трагедыі, якая мела месца ў чэрвені 41-га. Калі б усе „чырвоныя“ танкі, якія Савецкі Саюз рушыў супраць польскай арміі, наадварот, дапамаглі б суседзям-славянам, то Масква пазьбегла б трагедыі, якая неўзабаве напаткала яе”.

Чарговы званок — рыфмаваны.

Валер Курневіч:

“Колькі часу Лукашэнка вытрымае спагад і лад
у адносінах паміж Расеяй і Эўропай?
На гэтае пытаньне ў мяне ёсьць сваё меркаваньне.
Да таго часу, пакуль ня згубіць уладу.
І як яму тады быць?
Ён на „Боінгу“ да Вэнэсуэлы даляціць і няблага будзе жыць.
Там пабудзе і на Беларусь у якасьці госьця прыбудзе”.

І на заканчэньне — парады дэмакратычнай апазыцыі са своеасаблівым міжнародным адценьнем.

Спадарыня: “Калі ўся каманда Баршчэўскага будзе, як і раней, знаходзіцца ў партыі БНФ пад кіраўніцтвам Янукевіча, яна будзе, як і Мілінкевіч, узмацняць і адбельваць уладу Лукашэнкі, якога цудоўна будуць карміць Расея і Эўразьвяз”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG