Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вене завяршыўся суд у справе аб забойстве беларускі


Маладую жанчыну забілі два гады таму ў Празе. Цела стрыптызэркі Вольгі знайшлі праз два тыдні пасьля сьмерці ў праскай кватэры 31-гадовага аўстрыйскага кампутарніка з гораду Мёдлінг.

Прыгажуня ляжала на падлозе ў лужыне крыві. Тут жа ў кватэры былі знойдзеныя рэчавыя доказы забойства — жалезны прас і нажніцы. На мабільным тэлефоне ў якасьці апошняга званка высьвеціўся нумар яе сябра-кампутарніка.

Як пішуць вядучыя аўстрыйскія выданьні, нават і цяпер, пасьля вынясеньня выраку (аўстрыйца пакаралі 13 гадамі турмы), справа забойства танцоркі аднаго з праскіх стрыптыз-клюбаў застаецца вельмі заблытанай.

Працэс пачаўся ў Венскім судзе сёлета ў студзені, аднак спыняўся ў сувязі з узьнікненьнем розных іншых вэрсіяў ды пытаньняў, на якія прадстаўнікі чэскай паліцыі не маглі адказаць або, можа, нават наўмысна ўхіляліся ад адказу.

Так, паліцыянты не маглі растлумачыць, куды зь месца злачынства зьніклі асноўныя рэчавыя доказы — прас ды нажніцы, чаму пад пазногцямі падазраванага знайшлі фрагмэнты ДНК Вольгі, калі за два тыдні пры рэгулярным мыцьці рук яны маглі проста зьнікнуць.

Абаронца падсуднага, вядомы ў Вене адвакат Філіп Бішап, ня згодны з прысудам і думае пра апэляцыю. У часе працэсу ён зьвярнуў увагу на шэраг розных абставінаў, якія праігнаравала чэскае сьледзтва. Так, у жыцьці папулярнай у пэўных колах танцоркі быў і другі сталы сябар. Гэта францускі кампазытар арабскага паходжаньня. Ён дапамагаў Вользе ў кар’еры стрыптызэркі, аднак ставіўся да яе як да сваёй уласнасьці і нават пагражаў, што заб’е яе, калі яна яго пакіне. Такія паказаньні дала, напрыклад, сястра Вольгі. Паліцыя Чэхіі, аднак, не адпрацоўвала гэтай вэрсіі і не шукала гэтага сябра, хоць на недакурках, знойдзеных у хаце жанчыны, выявілі ДНК ня толькі самой Вольгі і аўстрыйца, але і іншага, невядомага дагэтуль чалавека.

Паводле абароны, праца чэскіх сьледчых выглядае “аднабаковай і нават авантурнай”. Суд жа палічыў інакш, асудзіўшы падазраванага на 13 гадоў зьняволеньня з 15 магчымых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG