Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваенкамат адкажа перад судом


Андрусь Цянюта
Андрусь Цянюта

Гомельскі маладафронтавец Андрусь Цянюта зьвярнуўся з пазовам у суд на гарадзкі ваенкамат. Апошні, на думку актывіста, абмяжоўвае ягоныя правы.

Спадар Цянюта просіць суд прызнаць неправамернымі дзеяньні ваенкамату, вынесьці вызначэньне да 22 верасьня і прыпыніць прызыў у войска да высьвятленьня абставінаў яго нечаканага адлічэньня з Бранскай сельгасакадэміі. Пазоўнік патрабуе таксама прызначыць незалежнае мэдычнае дасьледаваньне наконт ягонай прыдатнасьці да вайсковай службы.

Свае патрабаваньні Андрусь Цянюта аргумэнтуе тым, што ваенкамат яшчэ ў ліпені пачаў выклікаць яго да сябе на падставе сумнеўнага загаду на адлічэньне зь сельгасакадэміі, падпісанага ня рэктарам, а загадчыцай канцылярыі. На загадзе не было нават круглай пячаткі ўстановы. Менавіта ад ваенкамату студэнт-завочнік Цянюта ўпершыню даведаўся, што ён адлічаны. Правамернасьць адлічэньня правярае цяпер кіраўніцтва акадэміі, бо актывіст паскардзіўся ў Міністэрства адукацыі Расейскай Фэдэрацыі.

У жніўні па накіраваньні ваенкамату спадар Цянюта праходзіў дасьледаваньне ў шпіталі хуткай мэдычнай дапамогі. Яму выставілі дыягназ: скаліёз хрыбетніка 2 ступені. Паводле пастановы міністэрстваў абароны й аховы здароўя, такое адхіленьне ў здароўі не дазваляе забіраць прызыўніка ў войска. Аднак ваенкамат накіраваў Андруся на паўторнае дасьледаваньне ў абласны клінічны шпіталь, дзе яму зьмянілі дыягназ, панізіўшы ступень скаліёзу.

“У мэдычнай карце, — кажа прызыўнік Цянюта, — павінна быць даведка ад 2007 году і пра маё сардэчнае захворваньне, якое зараз чамусьці ня згадваецца”.

Усё гэта, на думку Андруся Цянюты, дае падставу сумнявацца ў аб’ектыўнасьці дзеяньняў Гомельскага гарадзкога ваенкамату.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG