Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьезд палякаў на “Азоце”


12 верасьня ў Горадні адбыўся 7-ы зьезд праўладнага Саюзу палякаў. Ён праходзіў у адміністрацыйным гмаху “гіганта хіміі” “Азоту”, гэта — самая ўскраіна, гарадзкую забудову аддзяляе ад прадпрыемства санітарная зона і могілкі. На зьезьдзе не прысутнічалі прадстаўнікі польскай дыпляматыі, паколькі ўлады Польшчы не прызнаюць гэты саюз палякаў. Новым кіраўніком арганізацыі стаў прадпрымальнік Станіслаў Сямашка, раней не заўважаны ў польскім руху. Не прызнаваны ўладамі Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс у гэты ж час наладзіў у сваім памяшканьні канцэрт польскай патрыятычнай песьні.

Будынак «Азоту», дзе праходзіць зьезд афіцыйнага Саюзу палякаў.
Да адміністрацыйнага гмаху “Азоту” пад’ехалі па чарзе пяць белых аўтобусаў з дэлегатамі і чыноўнікамі. Ня ўсе журналісты змаглі трапіць унутр — на зьезд. Чаму? — пытаньне да папярэдняга кіраўніка праўладнага саюзу Юзафа Лучніка.

Лучнік: “Гэта не ад мяне залежала, дзеля гэтага была створана камісія”.

Ня трапіў на зьезд журналіст Радыё Рацыя Іван Роман, ён запісваў на вуліцы дэлегатаў, і да яго падышлі міліцыянты.

Роман: “Два былі ў форме і ў цывільным — кіраўнік Кастрычніцкага РАУС спадар Бет. Ён прапанаваў мне спыніць працу, таму што я ня маю акрэдытацыі, але я адказаў: каб працаваць на вуліцы, мне не патрэбна акрэдытацыя на зьезьдзе. Я лічу, што такімі дзеяньнямі міліцыянты перашкаджалі мне ажыцьцяўляць свае прафэсійныя абавязкі”.

На зьезьдзе прысутнічаў міністар культуры Павал Латушка.
На зьезд праўладнага Саюзу палякаў не пусьцілі карэспандэнта ўплывовай польскай газэты “Rzeczpospolita” Пятра Касьцінскага.

Касьцінскі: “Там стаялі людзі ў цывільным, адзін зь іх затрымаў мяне, спытаўшы навошта я іду туды? Я спытаў: хто ён? Ён адказаў, што — „служба бясьпекі“. Тады я паказаў акрэдытацыю, бо я акрэдытаваны ў Міністэрстве замежных справаў РБ, і зайшоў усярэдзіну. Тут выйшла пані Галіна Богдан, якая адказвае за прэсу, і сказала: арганізацыйны камітэт адмовіў мне ў акрэдытацыі”.

Старшыня Галоўнай рады не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Андрэй Пачобут пракамэнтаваў абраньне прадпрымальніка Станіслава Сямашкі кіраўніком праўладнага Саюзу палякаў.

Пачобут: “Для нас гэта абсалютны фарс, гэта не грамадзкае аб’яднаньне, а людзі, сагнаныя уладай. Іхняя актыўнасьць на працягу папярэдніх чатырох гадоў, пачынаючы з 2005 году, калі ўлада зрабілі спробу раскалоць Саюз палякаў, была нулявая ўвесь гэты час. Большасьць людзей, якія там, яны ня маюць дачыненьня да Саюзу палякаў, гэта альбо чыноўнікі польскага паходжаньня, якія атрымалі разнарадку ад улады, альбо людзі, якія працуюць на дзяржаўнай працы, і ім таксама далі ўказаньне ўдзельнічаць у гэтым фарсе”.



Станіслаў Сямашка, фота з газэты «Głos znad Niemna»
Яшчэ да пачатку зьезду ў Горадні некаторыя гаварылі: кіраваць будзе Станіслаў Сямашка. Газэта праўладнага Саюзу палякаў “Głos znad Niemna” выйшла напярэдадні зь яго партрэтам на першай старонцы, назваўшы спадара Сямашку “палякам посьпеху, асобай харызматычнай і неабыякавай”. Станіслаў Сямашка мае прыватны гатэль у Горадні, а таксама іншы бізнэс. У яго сельскагаспадарчая адукацыя. У гады халоднай вайны ён быў на заробках у ФРГ, пра што прызнаўся ў ранейшым інтэрвію газэце “Вечерний Гродно” — “дапамаглі знаёмыя з Масквы”, патлумачыў прадпрымальнік. Працаваў спадар Сямашка, у прыватнасьці, у Кёльне. (Зарабляў у Нямеччыне ён у 1980-85 гадох). “У Нямеччыне ўдалося нядрэнна зарабіць, і гэтыя грошы ён уклаў у адкрыцьцё ўласнай справы на Радзіме”, — прызнаўся газэце спадар Сямашка і падкрэсьліў: “Я першы ў Беларусі прадпрымальнік, маю пасьведчаньне N1”. У 2007 годзе ён узначаліў гарадзенскую арганізацыю Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG