Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Паўночны вінаград” у Горадні


Выстава беларускага вінаграду ў Горадні
Выстава беларускага вінаграду ў Горадні

Сёньня ў Горадні ў Аграрным унівэрсытэце адкрылася двухдзённая выстава “Вінаград-2009”. Яе наладзілі супольна ВНУ і клюб “Паўночны вінаград”.

Як адзначыў прарэктар Аляксандар Сьвірыдаў, большасьць супрацоўнікаў унівэрсытэту вырошчваюць на лецішчы па адным-два гатункі вінаграду, а сам ён мае нават тры. Тыя, хто вырошчвае свой вінаград, часта ня маюць патрэбы купляць замежны, і такіх людзей у Беларусі ўсё больш.

Карэспандэнт: “Не пасьпеў я трапіць у Аграрны ўнівэрсытэт, як бачу — спадарыня ўжо ідзе з выставы, набыўшы саджанцы вінаграду”.

Спадарыня: “Мы раней вырошчвалі вінаград, а тут я набыла новы гатунак „Антэк“, прывезены з Магілёва. Ён мне спадабаўся. І пакаштавала яго тут. І тым больш ён трывалы для нашых мясцовых умоваў кліматычных. Каб вырасьціць яго, трэба тры гады. Мы вінаград толькі для ежы вырошчваем, віно ня робім”.

Карэспандэнт: “”Васямнаццаць гатункаў прадставіў гарадзенскі калгас “Кастрычнік”.

Спадар: “Вы бачыце: вынікі ёсьць, але пакуль няма магчымасьці вырошчваць вінаград у вялікіх аб’ёмах на продаж. Замяніць імпартаваны вінаград цалкам нельга, бо атрымаць з нашых гатункаў добрае віно практычна немагчыма, але ў якасьці сталовага спажываньня гэта ня толькі можна, але й патрэбна вырошчваць”.

Карэспандэнт: “Выстава „Паўночны вінаград“ адкрылася. У фае ўнівэрсытэту стэнды з гронкамі вінаграду, і, дарэчы, ёсьць гронкі вельмі вялікія: і зялёны вінаград, і чорны, і чырвоны. Выглядае на малдаўскі ці нават на гішпанскі, зусім нечакана”.

Спадар: “Я прывожу з Польшчы звычайна, а тут набыў бабруйскі гатунак. Хацеў віцебскі, але няма. Я марозатрывалыя бяру толькі”.

Карэспандэнт: “Тут спадарыні прадстаўляюць вінаград з Бабруйску, вельмі вялікі”.

Спадарыня: “Гэта наш беларускі вінаград, нашаму вінаградніку чатыры гады. Гронкі сапраўды вялікія. У цяпліцы ён сябе вельмі добра адчувае. З аднаго гэтага куста мы сабралі адзінаццаць гронак, да пятнаццаці кіляграмаў. Далей ураджайнасьць яго павінна быць большай: кіляграмаў дваццаць-дваццаць пяць. Для сям’і хапае, а таксама пачаставаць блізкіх і знаёмых”.

Карэспандэнт: “А малдаўскі, гішпанскі вы купляеце вінаград ці не?”

Спадарыня: “Не-не. Вы ведаеце, праходзіш па рынку і нават не глядзіш на яго, таму што ёсьць свой”.
XS
SM
MD
LG