Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 дзён у калёніі трымае галадоўку экс-сакратар гаркаму камсамолу


Жылая зона Гомельскай жаночай калёніі
Жылая зона Гомельскай жаночай калёніі

У Гомельскай жаночай калёніі 10 дзён трымае галадоўку прадпрымальніца Яўгенія Бачурная, якая пратэстуе супроць парушэньняў правоў вязьняў і дрэнных умоваў утрыманьня.

Пра галадоўку Яўгеніі Бачурнай стала вядома зь яе ліста сваякам. Муж прадпрымальніцы Ўладзімер Журба кажа, што жонка галадуе з 31 жніўня, пратэстуючы супроць пакараньня, якое на яе наклалі з-за яе скаргаў:

“Яна паведаміла, што адміністрацыя не выконвае свае абавязкі па забесьпячэньні вязьняў памяшканьнямі. Асабіста яна 3 месяцы спала ў калідоры. Таксама ёй адмовілі ў продажы харчоў у турэмнай краме і не аказваюць патрэбнай мэдычнай дапамогі”.

Прадпрымальніца Яўгенія Бачурная была асуджаная на 3,5 года пазбаўленьня волі паводле артыкула 216 — нанясеньне шкоды маёмасьці. Сваёй віны жанчына не прызнала, падчас сьледзтва некалькі разоў трымала працяглыя галадоўкі. Празь месяц заканчваецца тэрмін яе зьняволеньня.

У Гомельскай жаночай калёніі не адказалі пэўна, ці сапраўды асуджаная Бачурная трымае галадоўку:

“Не магу я вам сказаць, абвясьціла яна галадоўку ці не. Бо гэта кадры”, — сказала супрацоўніца адзела кадраў. Між тым у інтэрнэце таксама зьявілася інфармацыя, што “ніякай галадоўкі ў Гомельскай жаночай калёніі няма”.

Тым часам да выканаўцы абавязкаў начальніка калёніі Ігара Жасцяньнікава сёньня раніцай дазваніўся брат Бачурнай Юрый Бачурны. Паводле яго, міліцыянт прызнаў, што асуджаная адмаўляецца ад ежы:

“Запытаўся ў яго, ці яна адмаўляецца ад ежы? Так, пацьвердзіў, адмаўляецца”.

Праваабаронца Кацярына Садоўская, якая адбыла ў Гомельскай жаночай калёніі болей за 10 месяцаў паводле абвінавачаньня ў зьнявазе Аляксандра Лукашэнкі, мяркуе, што адміністрацыя калёніі хавае праўду пра галадоўку Яўгеніі Бачурнай. Праваабаронца пацьвярджае, што ў Гомельскай жаночай калёніі вязьням даводзіцца спаць у калідоры, турэмнае харчаваньне нізкакалярыйнае, заробкі на швейнай вытворчасьці вельмі нізкія, да таго ж швачкі часта выконваюць “левыя” замовы, на якіх нажываюцца супрацоўнікі адміністрацыі. Супроць тых, хто пратэстуе, ужываюць незаконныя мэтады, у тым ліку зьмяшчэньне ў жалезную клетку на тэрыторыі калёніі, кажа Кацярына Садоўская:

“Як нешта не спадабалася, могуць пасадзіць у гэтую „спэцклетку“. На гадзіну, дзьве, тры. Незалежна ад таго, ідзе дождж, сьнег ці сьпякота”.

У 2008 годзе кіраўніцтва Гомельскай жаночай калёніі абвяргала тое, што на тэрыторыі калёніі ёсьць “спэцклеткі”. Сёньня я патэлефанаваў Лідзіі Паляковай, якая выйшла з калёніі ў чэрвені. Жанчына кажа, што сёлета ўвесну ёй даводзілася сядзець у такой клетцы:

“Узялі мяне і туды пасадзілі. І там зьліў вады, якая ідзе з даху. І нікуды ад яго ня дзецца, ён дакладна капае на чалавека”.

Яўгенія Бачурная была дырэктарам фірмы “Вітарж’е” ў Наваполацку. Да гэтага жанчына жыла ў Берасьці. У канцы 1980-х гадоў Яўгенія Бачурная працавала першым сакратаром Берасьцейскага гаркаму камсамолу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG