Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З.Пазьняк: “Мусіць быць байкот незаконным выбарам”


Старшыня КХП-БНФ камэнтуе выказваньні старшыні ПБНФ Лявона Баршчэўскага у часе онлайн-канфэрэнцыі на Свабодзе.

У часе онлайн-канфэрэнцыі на сайце Радыё Свабода старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі адказаў на пытаньні пра раскол БНФ у 1999-ым годзе, паразуменьне і магчымае аб’яднаньня з КХП-БНФ, пра ўдзел у будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Мы папрасілі старшыню КХП-БНФ Зянона Пазьняка пракамэнтаваць выказваньні Лявона Баршчэўскага ў нашай новай рубрыцы Offline.

Пра аб’яднаньне ПБНФ і КХП-БНФ


"Тэарэтычна, канешне, можна дапусьціць розныя варыянты. Але рэальна аб'яднаньне двух партыяў, што ўтварыліся пасьля расколу Фронту, на жаль, немагчымае. Гэта супярэчыць прыродзе рэчаў. Нельга ўвайсьці двойчы ў адну і тую ж цякучую ваду. Тут адна ідэалёгія, але розныя нішы, розныя прынцыпы і розныя дзеяньні. Акрамя таго. Партыя Баршчэўскага-Івашкевіча разрываецца ўнутранымі склокамі, падзеламі і скандаламі. Яна моцна інфільтраваная чужародным элемэнтам. Раскол праграмуецца па той жа лініі, што і ў 99-ым годзе. У такім стане партыя ні з кім не аб'ядноўваецца (не да гэтага). Тут, як расейцы кажуць -- "за што баролісь, на тое і напаролісь". Я пра гэта папярэджваў яшчэ 10 гадоў таму".

Пра раскол БНФ у 1999-ым годзе

"Мне здаецца, што Лявон Баршчэўскі, стаўшы кіраўніком гэтай партыі і, магчыма, зразумеўшы на практыцы пружыны расколу беларускага руху, шмат што пераацаніў па-іншаму з таго, што здарылася ў раскольным 99-ым, да чаго ён меў самае непасрэднае дачыненьне. Але меркаваньні Баршчэўскага, на жаль, яшчэ ня ёсьць меркаваньнямі яго партыі. Па сьпеласьці палітычнага розуму Лявон Баршчэўскі стаіць вышэй за сваё палітычнае асяродзьдзе. Праўда, каб быць кіраўніком палітычнай арганізацыі, аднаго гэтага яшчэ недастаткова. І 99-ты год фатальна гэта засьведчыў. Тым ня менш: у гэтай сытуацыі я б ня раіў яму адмаўляцца ад кіраўніцтва ў партыі. "Лейтэнанты" яе разваляць у момант і завядуць у тупік. Прыклад ужо ёсьць. Па сваіх інтэлектуальных здольнасьцях і ведах Баршчэўскі добра надаецца да сумеснай калектыўнай працы ў агульнай справе. Я вельмі цаніў гэтакія якасьці ў нашых дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Школа парлямэнцкай апазыцыі і барацьбы з камуністамі не мінула бясьследна для ўсіх нас. Яна дала нам гарт на ўсё жыцьцё. У гэтым я пераконваўся не аднойчы".

Пра ўдзел Баршчэўскага ў прэзыдэнцкіх выбарах

"Тым больш, дзіўным выглядае для мяне рашэньне Баршчэўскага ўдзельнічаць у будучых выбарах прэзыдэнта разам з Лукашэнкам. Дэмакратычных і справядлівых выбараў ня будзе. Выбарчае заканадаўства ня зьменяць. А незаконны ўдзел Лукашэнкі ў такіх выбарах зробіць іх увогуле крымінальным мерапрыемствам па чарговым захопу ўлады. У які, для прыкрыцьця, пастараюцца ўцягнуць паболей выбаршчыкаў і прэтэндэнтаў. І нішто ня спыніць узурпатара ат такіх дзеяньняў. Калі паўстане пытаньне аб захаваньні ўлады, і калі спатрэбіцца -- ён пакладзе пад ногі і Усходняе партнэрства, і МВФ, і прызнае Асэтыю з Абхазіяй. І Захад знойдзе аргумэнты, каб заплюшчыць вочы. Адным з важных чыньнікаў што паспрыяў здабыцьцю намі Незалежнасьці Беларусі, было тое, што Захад нас не падтрымліваў. Тут я згодзен з меркаваньнем, што Захад падтрымліваў Прыбалтыку, Польшчу, Гарбачова і Савецкі Саюз. Да 1992 года ніхто з заходнікаў носу ня ткнуў у Беларускі Народны Фронт. І дзякуй Богу, што мы ня бачылі тут гэтых Ганс Вікаў зь іхным апартунізмам, далярамі і прагматычнымі інтарэсамі. Незалежнасьць Бацькаўшчыны мы, беларусы, здабылі самі. І Захад тут ні пры чым. Потым Захад перамяніў пазыцыю і падтрымаў нашую Незалежнасьць, але падкрэсьліваю: калі б мы яе не здабылі -- ніхто б нас ужо не падтрымліваў. Так і цяпер. Ліквідаваць антыбеларускі рэжым павінны мы самі, беларусы. Тады гэта будзе наша перамога. Тым часам, Захад стымуляваў у нас стварэньне цэлай папуляцыі палітычных паразытаў, якія гатовыя ўдзельнічаць у любых выбарах і рэфэрэндумах, калі за гэта плацяць грошы. Змагацца неабходна ня толькі з рэжымам, але і зь ягонымі паразытамі, з цэлымі паразытнымі структурамі. Выбары ў Беларусі -- ужо даўно ня выбары. Удзел выбаршчыкаў у галасаваньні -- гэта шырма для фальсыфікацыяў. Сама лёгіка падказвае, што трэба пазбавіць рэжым ягонае шырмы. Трэба ня даць яму прыкрывацца народам. Мусіць быць байкот незаконным выбарам. Тут можа ўзьнікнуць розная тактыка. Але пазыцыя адна: непрызнаньне незаконных выбараў, няўдзел у ўзурпацыі ўлады. Наша пазыцыя выразная і зразумелая, і мы бачым, што ўсё больш людзей нас падтрымлівае і пачынае разумець становішча ў у краіне. Якая ж пазыцыя іншых партый? Вось тут і ўсё пытаньне. Пра якое збліжэньне можна казаць, калі дарогі вядуць у розныя канцы? Зрэшты, партыя Баршчэўскага, відаць, яшчэ сваю дарогу канчаткова ня вызначыла. Мы тым часам (і заўсёды) арыентуемся ні на Захад, ні на Маскву, ні на мамону, а толькі на свой народ, на нацыянальную ідэю і на вольную Беларусь. З гэтым -- і пераможам!"

Онлайн-канфэрэнцыю з Лявонам Баршчэўскім прачытаць можна тут.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG