Яна распавяла, што пасьля таго, як яе кіраўніцтва наведаў супрацоўнік КДБ, ёй прапанавалі звольніцца самой. За некалькі дзён да гэтага працы пазбавіліся актывісты моладзі БНФ Аляксандар Кузьняцоў і Сяргей Зьвёздачкін.
Кася Галіцкая кажа, што гэта ўжо трэці выпадак, калі яна была вымушана страціць працу з-за сваёй палітычнай дзейнасьці.
“Выпадак свайго звальненьня з працы я не хачу камэнтаваць, бо вельмі добра мне там працавалася. Добрыя былі стасункі, у тым ліку з кіраўніцтвам. Ніхто не вінаваты ў тым, што я палітычная актывістка. Шмат хто на месцы шэфа паступіў бы такім жа чынам.
На працы амаль ніхто ня ведаў пра маю грамадзкую дзейнасьць. Я гэтага не афішавала. Працавала перакладчыкам і ня мела матэрыяльнай адказнасьці. Ніякіх высокіх пасадаў не займала”.
Кася Галіцкая прыгадала іншыя выпадкі, калі яна страчвала працу, пасьля таго як начальства наведвалі супрацоўнікі КДБ.
“Што ж тычыцца іншых выпадкаў, то схема звальненьня з працы актывістаў паўсюль амаль аднолькавая. Чалавек можа нават і не здагадвацца, што да кіраўніцтва нехта прыходзіў. Гэта становіцца вядома толькі пасьля.
Мне далі зразумець, што звольніцца на ўласнае жаданьне — гэта адзінае выйсьце. Пры гэтым кажуць, што “нічога пэрсанальнага, але нам трэба працаваць”, праблемы нікому не патрэбныя”.
Кася Галіцкая перакананая, што скардзіцца ў судовыя ўстановы сэнсу няма. Але яна лічыць, што й пісаць пра палітычныя звальненьні таксама ня варта.
“Калі ствараць шум вакол гэтай праблемы, то іншыя працадаўцы могуць дзесяць разоў падумаць: ці варта ўвогуле зьвязвацца з апазыцыянэрамі, ці ня лепш іх ніколі і нікуды ня браць на працу?”
Сёньня Касі Галіцкай споўнілася 29 гадоў. Лідэр руху “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч лічыць, што Кася бяз працы не застанецца. На ягоную думку, колькасьць выпадкаў звальненьня з палітычных матываў ня зьменшылася.
“Апошнім часам выключылі з унівэрсытэтаў шэраг актывістаў, у тым ліку Ўладзіслава Шведа. Яшчэ аднаго актывіста “Маладой Беларусі” адлічылі з вучобы, а потым адразу забралі ў войска. Але ён палічыў за лепшае не ўздымаць інфармацыйную хвалю, а вырашыў, што прасьцей будзе адслужыць у войску.
Не выключаю, што такімі дзеяньнямі супрацоўнікі КДБ хочуць запалохаць патэнцыйных сяброў моладзевых арганізацый”.
Старшыня віцебскай філіі моладзі БНФ Аляксандар Кузьняцоў і ягоны паплечнік Сяргей Зьвёздачкін таксама страцілі працу пасьля ўдзелу ў акцыі ў Гарадку.
Аляксандар Кузьняцоў працаваў у ювэлірнай фірме. Ён паведаміў “Свабодзе”:
“Мяне выклікаў дырэктар і паведаміў, што прыходзілі да яго два супрацоўнікі КДБ. Казалі, што я нядобранадзейны грамадзянін. Казалі, што на фірме пачнуцца непрыемнасьці, пачнуцца праверкі. Мяне папрасілі звольніцца на ўласнае жаданьне. Казаў, што яму мае паслугі больш не патрэбныя. Я спытаўся, чаму, а ён: “Ну ты ж памятаеш, дзе ты быў 27-га?”
Моладзевыя актывісты звольніліся з фармулёўкай “паводле дамоўленасьці бакоў”. Ніхто зь іх ня стаў зьвяртацца дзеля аднаўленьня на працы ў судовыя інстанцыі.

